Мацукевіч: Нават самую крывую лінію партыі можна гнуць па-рознаму
Як нізкі палёт ластавак — прадвеснік дажджу, так і прызначэнне Сяргея Алейніка кіраўніком МЗС абяцае далейшыя спробы ўстанаўлення адлігі ў адносінах з Захадам. Дакладней — працяг тых, якія настойліва рабіў нябожчык міністр Уладзімір Макей. Адным словам, пераемнасць. Такую думку ў сваім тэлеграм-канале «Пульс Леніна-19» выказвае экс-дыпламат Павел Мацукевіч.
— Трэба сказаць,
што Сяргея Алейніка прадказвалі ў пераемнікі Уладзіміра Макея яшчэ да 2020
года. Дакладней, гэтага пераемніка Уладзімір Макей вызначыў сабе сам, але
2020-ы змяшаў усе планы.
Знешняя палітыка ў Беларусі вызначаецца адным чалавекам па прозвішчы, якое многія хацелі б даўно забыць. Роля міністра замежных спраў зводзіцца да нешматлікага — быць яе правадніком. Але ёсць нюансы, а д'ябал, як вядома, — у дробязях. Нават самую крывую лінію партыі можна гнуць па-рознаму.
Можна ўзяць пад казырок і выконваць указанні Лукашэнкі літаральна. Напрыклад, адправіцца ў Латвію біць морды крыўдзіцелям сцяга, як таго патрабаваў Лукашэнка ад паслоў летам 2021 года, калі ўспомніў інцыдэнт у Рызе на чэмпіянаце свету па хакеі. А можна, не губляючы твару і не разбіваючы дашчэнту лоб, дамагацца сатысфакцыі іншымі спосабамі, не выходзячы за каноны дыпламатычнай ветлівасці.
Алейнік — менавіта па гэтай частцы. Прынамсі, ён пакуль не засвяціўся ў публічным кляйменні Захаду, хоць пасаду намесніка Макея гэта дазваляла, і нават дзесьці патрабавала.
Сяргей Алейнік не зможа прынцыпова паўплываць на замежную палітыку Лукашэнкі (і не ведаю, ці захоча), але яе трансляцыя або перавод за мяжу ў яго выкананні могуць перастаць выклікаць відавочнае абурэнне ў партнёраў.
Тое, што Міністэрства замежных спраў узначаліць прафесійны дыпламат (Алейнік у МЗС з 1992 года), — несумненна плюс. Аднак ёсць і мінус у такога прызначэння — апаратная вага знешнепалітычнага ведамства ўпадзе.
Звычайна гэта добра відаць на кантрасце, і такі кантраст ужо быў — толькі ў процілеглы бок, калі на месца Сяргей Мартынава на пасаду кіраўніка МЗС прыйшоў Уладзімір Макей. Гэта падняло вагу МЗС, таму што новы міністр яшчэ доўгі час асацыяваўся са сваёй папярэдняй пасадай — кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта. Перайшоўшы ў МЗС, Уладзімір Макей забраў пульт кіравання знешняй палітыкай з сабой, фактычна падмяўшы пад сябе Адміністрацыю прэзідэнта ў гэтай сферы, уключаючы і кадравыя пытанні.
Прызначэнне міністрам Алейніка, хутчэй за ўсё, верне МЗС да ролі аднаго з міністэрстваў, над якім і фармальна, і рэальна стаіць мноства начальнікаў з Саўміна, адміністрацыі і Савета Бяспекі.
І яшчэ, што цікава: Сяргей Алейнік штогод ездзіў у Рым на традыцыйныя навагоднія аўдыенцыі, якія праводзяцца Папам Рымскім і Вялікім Магістрам Мальтыйскага Ордэна для дыпкорпуса. Гэтыя паездкі былі звязаныя з тым, што Алейнік сумяшчаў пасаду намесніка міністра з функцыямі пасла Беларусі пры Святым Прастоле і пры Суверэнным Мальтыйскім Ордэне. Яны былі ўскладзеныя на яго яшчэ ў красавіку 2008 года, у бытнасць працы пастаянным прадстаўніком Беларусі пры Аддзяленні ААН у Жэневе. Характэрна, што Алейнік захаваў іх за сабой, і калі ў 2009 годзе быў прызначаны на пасаду намесніка міністра замежных спраў, і калі ў 2013 годзе ўзначаліў пасольства ў Вялікабрытаніі, і калі ў 2020 годзе зноў заняў пасаду намесніка міністра.