Відавочнае, але неверагоднае. Сяргей Алейнік — новы кіраўнік МЗС
Коней на пераправе не мяняюць, нават калі конь памёр. Новым міністрам замежных спраў Беларусі стаў прафесійны дыпламат Сяргей Алейнік — першы намеснік нябожчыка Уладзіміра Макея. Менавіта Алейнік быў самай верагоднай кандыдатурай на крэсла міністра па меркаванні незалежных СМІ.
![cc3986bfab32778c730249bff0e53355.jpg cc3986bfab32778c730249bff0e53355.jpg](/img/v1/images/cc3986bfab32778c730249bff0e53355.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Тым не менш, прызначэнне Алейніка на пасаду старшыні знешнепалітычнага ведамства выглядае нават крыху неверагодным. Бо яно выбіваецца з той карціны абсурду, якая пануе ў сённяшняй Беларусі. Сяргей Алейнік выбіваецца з кагорты ўсіх лукашэнкаўскіх міністраў хаця б тым, што ён увесь час працаваў на розных пасадах у МЗС. А яшчэ больш цікава, што ён не з'яўляецца дыпламатам «маскоўскай школы». Канешне, як і шмат хто з МЗС, ён найперш скончыў (з адзнакай) перакладчыцкі факультэт Мінскага інстытута замежных моў (англійская, нямецкая), але дыпламатычнае навучанне прайшоў у Дыпламатычнай акадэміі пры МЗС Аўстрыі.
Варта адзначыць, што гэтае ягонае навучанне выпала на часы, калі Беларусь атрымала незалежнасць і імкнулася да дэмакратыі — 1992-1993 гады. Такім чынам, менавіта дэмакратычнай Беларусі ён абавязаны навучаннем у прэстыжнай замежнай акадэміі.
Алейнік у свой час быў консулам у Гаазе, дарадцам амбасадара ў Нідэрландах, сталым прадстаўніком Беларусі ў аддзяленні ААН у Жэневе, паслом у Вялікабрытаніі, двойчы быў намеснікам кіраўніка МЗС і прыйшоў кіраваць МЗС з пасады першага намесніка гэтага ведамства.
Карацей, Алейнік знаходзіцца на сваім месцы, што адрознівае яго ад шэрагу іншых прызначэнняў па крытэры не прафесіяналізму, але лаяльнасці да Лукашэнкі.
Праўда, і з лаяльнасцю ў Алейніка ўсё добра. Як напісаў Павел Латушка, Сяргей Алейнік быў «лепшым сябрам Уладзіміра Макея» і сведкам на яго вяселлі. Ён таксама назваў яго чалавекам, які «абсалютна не мае сваёй пазіцыі і будзе беспярэчна выконваць волю Лукашэнкі».
![Пустэча пасля Макея Пустэча пасля Макея](/img/v1/images/v_belarusi_vvedjon_rezhim_kontrterroristicheskoj_operacii_50e4750.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Тое, што Алейнік будзе «беспярэчна выконваць волю Лукашэнкі» — не сенсацыя. Хаця б таму, што знешнюю палітыку Беларусі вызначае цяпер зусім не знешнепалітычнае ведамства. Было б дзіўна, каб у цяперашніх умовах новы кіраўнік МЗС раптам пачаў нейкую іншую палітыку — асабліва на фоне ваяўнічых заяваў Лукашэнкі наконт пагрозаў і нападаў NATO на нашыя межы. Канфрантацыю з заходнім светам яго ведамства наўрад ці спыніць. Але іншую знешнюю палітыку не праводзіў бы і любы міністр-прызначэнец.
Аднак прызначэнне Сяргея Алейніка ўсё ж знакавае. Яно сведчыць пра тое, што ўлада ў Беларусі працягвае і працягне «гойдацца на геапалітычных арэлях» і шукаць кропкі судатыкнення з Захадам хаця б па нейкіх пытаннях. І будзе імкнуцца «саскочыць» ад Расіі падалей у той час, як тая прайграе вайну ва Украіне.
Калі б на месца кіраўніка МЗС прызначылі б нейкага генерала альбо «ўмоўную Качанаву», гэта б азначала, што знешняя палітыка Беларусі цяпер цалкам знаходзіцца ў расійскім рэчышчы, і поўнасцю канфрантацыйная з Захадам. Прызначэнне ж на гэтую пасаду Алейніка можна лічыць і пэўным сігналам таму самаму «калектыўнаму Захаду» — «Глядзіце, яшчэ не ўсё страчана, з намі можна дамаўляцца. А каб з намі дамаўляцца, вось вам і прыймальная для гэтага кандыдатура».
Да таго ж ён не вельмі абцяжараны «комплексам 2020-га». Гэта не ён, а ягоны папярэднік пагражаў у выпадку ўвядзення санкцый сцерці з твару Беларусі грамадзянскую супольнасць (што і было зроблена). Гэта не ён рабіў рознага кшталту дэмаршы і абвінавачванні на адрас Захаду.
Канешне, у сваіх інтэрв'ю Алейнік таксама не адыходзіў ад «генеральнай лініі партыі» — але без перагінаў, у скандальных або рэзкіх выказваннях ён заўважаны не быў.
Так што «перагіны» і рэзкія выказванні Алейнік можа спісаць на свайго папярэдніка. І таму ён сапраўды з'яўляецца добрай і даволі вядомай фігурай для Захаду. Згодна з тым жа Латушкам, пасля смерці Макея Алейнік праводзіў нейкія таямнічыя, канфідэнцыйныя перамовы, выкарыстоўваючы кантакты ў Швейцарыі. «Ён некалькі разоў за апошні час бываў у Швейцарыі, сустракаўся са швейцарскімі дыпламатамі, а таксама з пасярэднікамі, нанятымі замежнымі дзяржавамі праз пэўны фонд», — пісаў Латушка.
А яшчэ — апошнія яго інтэрв'ю і выступы тычацца Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва ды Індыі. Значыць, ён «адзначыўся» і там.
Канешне, з прызначэннем Алейніка на пасаду кіраўніка МЗС знешняя палітыка не перавернецца на 180 градусаў. Але ўяўна выглядае — лукашэнкаўскі рэжым на пасаду кіраўніка МЗС прызначыў фігуру, з якой добра дамаўляцца Захаду. Прынамсі, з ёю можна кантактаваць.
І цяпер самае галоўнае пытанне: што прымусіла Лукашэнку прызначыць міністрам замежных спраў Алейніка? Так, гэта была самая відавочная і верагодная, самая прафесійная з наяўных кандыдатура. Але, паўтаруся зноў, — менавіта тое, што яна прафесійная і відавочная, і выбіваецца з усёй сённяшняй логікі рэжыму.
Недзе сапраўды шукаюць кантактаў з Захадам?