Нельга дапускаць лукашэнкаўскіх атлетаў да Алімпіяды

Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці апублікаваў заяву ў адказ на словы прэзідэнткі Нацыянальнага алімпійскага і паралімпійскага камітэту ЗША Сюзаны Лаёнс, якая выступіла за допуск да Алімпіяды-2024 беларускіх і расійскіх атлетаў. Але пры адной умове — калі тыя будуць спаборніцаць у нейтральным статусе, то бок без дзяржаўных сцягоў і гімнаў.

_belarus_horad_sport_zyccjo_2022_fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__2__logo.jpg

«Рэжымы Расіі і Беларусі развязалі вайну супраць Украіны, а таксама падвяргаюць маштабным рэпрэсіям сваіх уласных грамадзян, — гаворыцца ў заяве фонду. — Пры гэтым расійскі рэжым не першы раз парушае Алімпійскае перамір'е, а беларускі выйшаў у сусветныя лідары па колькасці палітычных зняволеных прапарцыянальна колькасці насельніцтва. Сярод палітычных вязняў у Беларусі больш за 30 спартоўцаў. Сотні беларускіх спартоўцаў і трэнераў былі змушаныя пакінуць краіну, дзясяткі страцілі магчымасць выступаць на Алімпійскіх гульнях з-за сваёй грамадзянскай пазіцыі».

Паводле пераканання БФСС, гэтыя дзеянні «не адпавядаюць прынцыпам, закладзеным у Алімпійскай хартыі, а таксама з'яўляюцца парушэннем базавых правоў чалавека». «Сусветная супольнасць абмяркоўвае варыянты стварэння адмысловага Міжнароднага трыбунала для прыцягнення да адказнасці рэжымаў дзвюх краін за злачынствы супраць чалавечнасці», — звяртаюць увагу ў фондзе.

«У гэтых умовах удзел спартоўцаў з Беларусі і Расеі ў буйнейшых міжнародных спартыўных мерапрыемствах, у тым ліку Алімпіядах і Паралімпіядах, недапушчальны, паколькі будзе выкарыстаны як сродак прапаганды», — гаворыцца ў заяве.

«Разам з тым, — адзначае фонд, — як арганізацыя, якая абараняе правы спартоўцаў, мы лічым, што атлеты з беларускім ці расейскім грамадзянствам, якія ў поўнай меры выконваюць прынцыпы Алімпійскай хартыі, могуць быць дапушчаныя да Алімпіяды пры выкананні наступных базавых умоў:

нейтральны статус — адсутнасць гімнаў, сцягоў і іншых элементаў нацыянальнай сімволікі;

публічнае асуджэнне дзеянняў расійскага і беларускага рэжымаў ў дачыненні да развязанай агрэсіўнай вайны і ўнутраных рэпрэсій па палітычным прынцыпе, далучэнне да Антываеннай дэкларацыі спартоўцаў;

адсутнасць падтрымкі з боку дзяржавы, у тым ліку цесна звязаных з ёй юрыдычных і фізічных асоб;

нядопуск афіцыйных прадстаўнікоў, спартыўных функцыянераў, а таксама прадстаўнікоў прапаганды дзвюх краін на мерапрыемства.

Нагадаем, пасля расійскага ўварвання ва Украіну беларускі спорт аказаўся амаль у татальнай міжнародный ізаляцыі. Беларусы вымушаныя спаборнічаць у бессэнсоўных спартакіядах на пару з расійцамі, у той час як атлеты іншых краін праводзяць чэмпіянаты свету і Еўропы. Цяпер у міжнароднай спартыўнай супольнасці ідуць дэбаты наконт магчымага ўдзелу беларусаў і расійкаў у Алімпіядзе ў Парыжы ў 2024 годзе.