«Дазвол на транзіт беларускіх тавараў быў умовай, а цяпер ён стаў просьбай»

Тэлеграм-канал «Лісты да дачкі» сочыць за тым, як пакрысе сыходзяць ваяўнічая рыторыка, амбіцыйныя патрабаванні і чырвоныя лініі. Вымушаным інструментам застаюцца толькі вербальныя інтэрвенцыі.

czyhunka__ekanomika_fota_dzmitryeu_dzmitry_logo__1_.jpg


Днямі беларускі прадстаўнік у ААН сказаў, што беларускія ўлады гатовы арганізаваць у сябе транзіт украінскага збожжа наогул без усялякіх умоў. Без умоў, але з адной маленькай просьбай. Ну, ты ведаеш такія просьбы. Мне б толькі вады папіць, а то так есці хочацца, што пераначаваць няма дзе.

Вось беларускія ўлады ўжылі такую ж дыпламатычную схему. Папрасілі, каб наўзамен ім дазволілі вазіць калій праз балтыйскія парты. І яшчэ крышачку нафтапрадуктаў. І можа, лесу, ну нязручна ж вазіць лес цягнікамі праз усю Расію. А калі ім усё гэта дазволяць вазіць, то ўсё астатняе яны ўжо змогуць перавезці і самі, не трэба турбавацца, ніхто ў вагонах з каліем гэтых цыгарэт усё роўна і не заўважыць.

Дакладна такую ж прапанову беларускія ўлады рабілі летам. І неяк ні ў каго, акрамя чыноўнікаў ААН, гэта прапанова не выклікала захаплення. Ды і ў чыноўнікаў ААН, па праўдзе кажучы, не выклікала. Проста чыноўнікам ААН па штатным раскладзе належыць адлюстроўваць перамоўны працэс. Вось чым перамоўны працэс разнастайнейшы і даўжэйшы, тым лепш. А вынік пры гэтым зусім не абавязковы.

Адрозненне ад тых летніх прапаноў заключаецца ў тым, што тады дазвол на транзіт беларускіх тавараў быў умовай, а цяпер ён стаў просьбай. Такі тонкі перамоўны манеўр у даступнай дыпламатычнай канфігурацыі. Мабыць, беларускія дыпламаты лічаць, што калі на паперцы напісаць вялікімі літарамі «без папярэдніх умоў», то дробныя літары пра просьбу ніхто чытаць не будзе. Партнёры паперку падпішуць, і можна будзе прад'явіць ім за невыкананне.

А беларускай дыпламатыі патрэбны, вядома, якія-небудзь поспехі. Асабліва пасля слоў Меркель пра тое, што падпісаныя ў Мінску мірныя дамовы былі хітрасцю, каб даць Украіне час падрыхтавацца да будучай вайны. І гэтыя словы Меркель вельмі пакрыўдзілі сведак стабільнасці, якія кажуць, што Меркель сама не ведае, пра што яна кажа. Што раней Меркель была сумленная жанчына, а цяпер стала не зразумела хто.

А што ім яшчэ казаць? Бо калі мінскія пагадненні былі выкрутам, то атрымліваецца, што вялікі міратворац дапамагаў развесці свайго найбліжэйшага хаўрусніка.

Зрэшты, саюзнік і сам у гэтай гісторыі паўстае не лепшым чынам. Таму што саюзнік прывык лічыць сябе вялікім майстрам палітычных разводак, а аказалася, што на самай справе ён — іх наіўная ахвяра. А рэпутацыя ахвяры палітычнай разводкі, улічваючы ўсе альтэрнатыўныя ваенныя поспехі, не вельмі спрыяе росту павагі і міжнароднага аўтарытэту.

Вось пасля таго, як УСУ перайшлі чарговую чырвоную лінію і здарыліся два самазагаранні на аэрадромах стратэгічных ядзерных сіл, высветлілася, што ЗША больш не пярэчаць нанясенню ўдараў па тэрыторыі Расіі. І генеральны сакратар NATO не выключыў, што з Расіяй прыйдзецца ваяваць. Таму што выявілася, што чырвоныя ліні — не такія ўжо і страшныя, і калі іх як-небудзь неспадзявана перайсці, то табе за гэта нічога не будзе, акрамя самых суровых вербальных інтэрвенцый.

А ў саюзнікаў вайна з NATO нават і без удзелу NATO не задалася. А што будзе, калі NATO раптам прыйдзе?