«Няўдалы план — не падстава адмаўляцца ад планаў»

Я ж казаў табе, што ад змены міністра сума беларускай замежнай палітыкі не зменіцца? Што ні палепшыць, ні пагоршыць ніякім міністрам ужо немагчыма? Так я і далей не адмаўляюся ад сваіх слоў. Што мёртва, памерці не можа і джыгу не станчыць, колькі яго ні гальванізуй.

maxresdefault__4__1.jpg


Выбар кандыдатуры міністра сёе-тое кажа аб тым, чаго беларускія ўлады самі чакаюць ад сваёй знешняй палітыкі. Па-першае, мяркуючы па ўсім, нічога грандыёзнага яны ад знешняй палітыкі не чакаюць. Зыходзячы з выбару кандыдатуры знешняя палітыка ў бліжэйшы час не будзе лічыцца сярод дзяржаўных прыярытэтаў. Не тыя ў новага міністра вагавыя катэгорыі, што ўплываюць на дзяржаўныя прыярытэты, піша тэлеграм-канал «Лісты да дачкі».

Аднак і адмяняць знешнюю палітыку канчаткова яны не збіраюцца. У прынцыпе — каб было. Каб не горш, чым у людзей. Хацелі б адмяніць, то выбралі б са сведак плана Далеса, балазе ёсць з каго выбіраць. Збольшага разумеюць, што сучаснай дзяржаве без знешняй палітыкі не абысціся, а пасольства ў Расіі на ўсе міжнародныя адносіны не хопіць. У міжнародных адносінах без заходняга вектара не абысціся, а новы міністр да заходняга вектара ўсё ж такі больш прыстасаваны, чым змагары са схаванай рэптылоіднай пагрозай.

Але, які б ні быў добры новы міністр, на прарыў дыпламатычнай блакады яго, вядома, не хопіць. Вось на тое, каб шукаць сакрэтных лабістаў або пасылаць сігналы зацікаўленым бакам — хопіць. А на прарыў не вельмі. Так што сэнс прызначэння не ў тым, вядома, каб размарозіць адносіны з Захадам, а зусім наадварот. Замарозіць іх у бягучым стане.


Праўда, ваенна-палітычная абстаноўка на блізкіх рубяжах можа фатальна парушыць тэмпературны дыпламатычны баланс. Вось Расія разлічвала дамагчыся перамоў на сваіх умовах, разбамбіўшы Украіне крытычную інфраструктуру. Крамлёўскія стратэгі спадзяваліся, што, насядзеўшыся без электрычнасці, народ Украіны пагодзіцца абмяняць чатыры вобласці на кругласутачнае асвятленне.

Не задалося. Па даных нядаўняга апытання, колькасць украінцаў, якія лічаць, што для перамогі неабходна вярнуць усе ўкраінскія тэрыторыі, вырасла да 85 з ранейшых 74 адсоткаў. Яшчэ 9 працэнтаў гатовыя задаволіцца межамі па стане на 24 лютага. Затое 5 адсоткаў лічаць, што вайну трэба працягваць і на тэрыторыі Расіі. Увогуле, план прымусу да міру аказаўся такім жа «надзейным», як план узяцця Кіева за тры дні. Але няўдалы план — не падстава адмаўляцца ад планаў. Урэшце, у Расіі яшчэ застаўся саюзнік, а ў гэтага саюзніка ўчора якраз раптам вырасла боегатоўнасць.

Зрэшты, раптоўная праверка боегатоўнасці можа быць і тонкім дыпламатычным манеўрам у даступнай для беларускіх улад канфігурацыі.

Сэнс такі: ці вы пагодзіцеся вазіць праз Беларусь украінскае зерне, без папярэдніх умоў, але з адной маленькай просьбай, ці ў нас тут ёсць боегатоўнасць, і яна павысілася.

Для поспеху гэтага манеўру трэба, праўда, каб у боегатоўнасць беларускага войска верылі не толькі беларускія ўлады. Але, як гаворыцца, не паспрабуеш — не даведаешся. А ў сэнсе міжнароднай рэпутацыі губляць ім усё роўна няма чаго.