Карбалевіч: Усеагульная мілітарызацыя ператварае краіну ў крэпасць у аблозе
Чаму абвешчана раптоўная праверка баявой гатоўнасці? У гэтай гісторыі значэнне мае толькі момант правядзення праверкі.
Мінабароны паведамляе, што мерапрыемствы носяць комплексны
характар, войскам трэба будзе ў найкарацейшыя тэрміны вылучыцца ў прызначаныя
раёны, ажыццявіць іх інжынернае абсталяванне, арганізаваць ахову і абарону, а
таксама навесці маставыя пераправы праз рэкі Нёман і Бярэзіна.
Што стаіць за аб'яўленнем раптоўнай праверкі баявой гатоўнасці? Спыталі ў палітолага Валерыя Карбалевіча і ваеннага эксперта Аляксандра Алесіна.
Валерый Карбалевіч: усеагульная мілітарызацыя ператварае краіну ў крэпасць у аблозе
— Лукашэнка не першы раз аб'яўляе праверку баявой гатоўнасці, гэта робіцца на рэгулярнай аснове, вайсковыя часткі перамяшчаюцца з аднаго месца ў другое. Паралельна ў краіне праходзяць мерапрыемствы па «схаванай мабілізацыі». Усе гэтыя дзеянні выконваюць шмат функцый.
Найперш — на выпадак надзвычайнай сітуацыі сапраўды лепш мець падрыхтаваныя Узброеныя сілы, чым натоўп узброеных людзей. Так, на ўсялякі выпадак.
Гэта і сігнал Маскве — Мінск гатовы падтрымаць дзеянні саюзніка.
І адначасова сігнал Украіне, каб трымала свае войскі на мяжы з Беларуссю, а не адводзіла іх на Данбас, дзе патрэба ў іх куды большая.
Выбудоўваецца мадэль «крэпасць у аблозе» — гэта ідэальны варыянт утрымання ўлады. Тады прасцей патлумачыць і барацьбу з «пятай калонай», якая падрывае ўстоі дзяржавы.
— Раптоўная праверка баявой гатоўнасці, прыхаваная мабілізацыя, у рамках якой ваеннаабавязаным уклейваюць у ваенныя білеты мабілізацыйныя прадпісанні… Гэта як знак хуткай бяды: зараджанае ружжо ўжо знята са сцяны і гатова выстраліць. Не маеце такога ж адчування?
— Я памятаю, як у савецкія часы ваеннаабавязаных пастаянна выклікалі ў ваенкаматы, уклейвалі ў іхнія білеты мабілізацыйныя прадпісанні, а праз год выдалялі. А затым працэдура паўтаралася. Апошнія гады такія мерапрыемствы не праводзіліся, але для мяне, хто жыў за савецкім часам, у тым няма нічога незвычайнага.
Сапраўды, мілітарызуецца палітыка, мілітарызуецца грамадства, мілітарызуецца прапаганда — усеагульная мілітарызацыя ператварае краіну ў крэпасць у аблозе. Калі грамадства ўвесь час пужаюць вайной — то якое тут можа быць абурэнне цэнамі. Якія пратэсты?.. У параўнанні з вайной цэны ўвогуле такая дробязь, якая не вартая выедзенага яйка. Усе дыктатарскія рэжымы робяць акцэнт на мілітарызацыі — усё гэта ўпісваецца ў канцэпт захавання ўлады.
Аляксандр Алесін: Самае важнае — момант праверкі
— Гэтая гісторыя мае два аспекты. Раптоўная праверка баявой гатоўнасці — вайсковая руціна, яна праводзіцца толькі дзеля таго, каб ацаніць ступень падрыхтоўкі новага падраздзялення (палка, дывізіі).
У савецкія часы таксама праводзіліся раптоўныя праверкі боегатоўнасці. Я асабіста ўдзельнічаў у дзвюх праверках. Дывізія атрымлівае баявую тэхніку, рухаецца ў зону вучэнняў, дзе выконвае пастаўленыя задачы. У мірны час проста не існуе іншых спосабаў, каб праверыць боегатоўнасць вайсковага падраздзялення — толькі раптоўная праверка баявой гатоўнасці.
Іншая справа — калі прызначаюць раптоўную праверку баявой гатоўнасці. У нашым выпадку тут прысутнічае элемент дэманстрацыі. Войскі прыведзены ў рух па ўсім перыметры дзяржаўнай мяжы, запланавана фарсіраванне і Нёмана, і Бярэзіны. Але сам момант падабраны такі, каб некаму нешта паказаць.
— Асаблівую трывогу выклікае «схаваная мабілізацыя», у рамках якой ў ваенныя білеты ўклейваюцца мабілізацыйныя прадпісанні. Што гэта азначае?
— Мабілізацыйныя прадпісанні мяняюць перыядычна: чалавек старэе, мяняецца яго праца, пагаршаецца здароўе. У мяне мабілізацыйныя прадпісанні і ўклейвалі нанова разы чатыры, у выніку чаго я апынуўся камандзірам роты ў штрафбаце ў Масюкоўшчыне, пасля чаго ўвогуле спісалі.
То бок, па меры старэння чалавека яго прыпісваюць то адной, то да другой часткі, пры гэтым даючы яму новае званне і пасаду. Гэта звычайны элемент вайсковага ўліку, які застаўся з савецкіх часоў.
Калі б рыхтавалася нешта сур'ёзнае, то ўсю масу ваеннаабавязаных не трывожылі б. Разгарнулі б запаснікоў са 103-й гвардзейскай паветрана-дэсантнай дывізіі (Віцебск), 38-й гвардзейскай дэсантна-штурмавой брыгады (Брэст), 5-й асобнай брыгады спецыяльнага прызначэння (Мар'іна Горка), давялі б іх да штатаў ваеннага часу…
У нашым выпадку значэнне мае толькі час правядзення раптоўнай праверкі.