«Немагчыма пакараць людзей унутры краіны, але хочацца». Экспэрт пра закон аб пазбаўленьні грамадзянства

Палата прадстаўнікоў 14 сьнежня ў двух чытаньнях ухваліла законапраект «Аб зьмене закону Рэспублікі Беларусі «Аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусь»». Гэтым праектам могуць пазбавіць грамадзянства «экстрэмістаў». Але толькі пры наяўнасьці адпаведнага выраку суду.

pasport_2_60e4612bdd79b0ac3f915eeb2cc0031138011004.jpg


Праект уводзіць новую падставу страты грамадзянства — «у сувязі з наяўнасьцю выраку суду Рэспублікі Беларусь, які ўступіў у законную сілу, пацьвярджае ўдзел асобы ў экстрэмісцкай дзейнасьці або прычыненьне ёю цяжкай шкоды інтарэсам Рэспублікі Беларусь, калі такая асоба знаходзіцца за межамі краіны», піша Радыё Св*бода.

Каардынатар у пытаньнях міжнароднай дапамогі ў Офісе Сьвятланы Ціханоўскай, аналітык Цэнтру эўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў патлумачыў, як можа працаваць закон, які дазваляе пазбаўляць беларусаў грамадзянства.

Паводле яго, гэта зроблена ад жаданьня пакараць беларусаў, «якіх не ўдаецца кінуць за краты».

— Немагчыма пакараць гэтых людзей унутры краіны, але вельмі хочацца, таму прыдумляюць іншыя захады: канфіскацыя маёмасьці, пазбаўленьне грамадзянства. Рэсурсаў для гэтага ва ўладаў хапае. Вядома, яны ня могуць пакараць усіх, бо ўсіх ня могуць выявіць. Паказальна некага могуць прапусьціць праз гэтую працэдуру. Гаворка можа ісьці пра дзясяткі чалавек, наконт сотняў — няясна, але гэта дакладна будуць ня тысячы. Гэта будзе сымбалічнае пакараньне, каб іншыя баяліся, — кажа Андрэй Ягораў.

На думку экспэрта, пазбаўленьне грамадзянства ўскладніць жыцьцё людзей за мяжой. Хутчэй за ўсё ім давядзецца зьвяртацца па міжнародную абарону.

— Незразумела, што будуць рабіць, калі надыдзе нейкая лібэралізацыя. Уявім, што ўсіх палітзьняволеных адпусьцяць. І незразумела, што тады рабіць, калі вось такі чалавек без грамадзянства будзе вяртацца. Гэты закон не адпавядае базавым прынцыпам правоў чалавека. Ніводзін чалавек ня можа быць пазбаўлены грамадзянства беспадстаўна. Гэта супярэчыць Дэклярацыі правоў чалавека, — гаворыць Андрэй Ягораў.