Рэпарцёры без межаў: Беларусь — сярод лідараў па журналістах у зняволенні
У 2022 годзе ў свеце абноўлены рэкорд па колькасці журналістаў, якія знаходзяцца ў зняволенні. Міжнародная няўрадавая арганізацыя «Рэпарцёры без межаў» (RSF) прадставіла сваю гадавую справаздачу аб становішчы журналістаў па ўсім свеце.
Беларусь замыкае пяцёрку краін з найбольшай колькасцю журналістаў за кратамі. Па дадзеных «Рэпарцёраў без межаў» іх 31, па падліках Беларускай асацыяцыі журналістаў — 32. Апярэджваюць Беларусь традыцыйна «цэнзурны» Кітай (110), М'янма (62), дзе ва ўладзе ваенная дыктатура, Іран (47) і В'етнам (39).
Рэкорд, усталяваны ў мінулым годзе, быў зноў пераўзыйдзены: па стане на 1 снежня 2022 года 533 журналіста знаходзіліся ў турме за іх прафесійную дзейнасць, што на 13,4% больш, чым у мінулым годзе. Ніколі раней RSF не фіксавала такой вялікай колькасці жанчын-журналістаў, якія знаходзяцца ў турмах. Цяпер за кратамі знаходзяцца 78 журналістак, што амаль што на 30% больш, чым годам раней.
Жанчыны-журналісты сёння складаюць амаль 15% ад агульнай колькасці зняволеных, тады як пяць гадоў таму іх было менш за 7%.
Больш за палову (54 %) усіх зняволеных журналістаў у свеце знаходзяцца ў турмах пяці краін.
Кітай, дзе цэнзура і сачэнне дасягнулі крайніх межаў, застаецца найбуйнейшай у свеце турмой для журналістаў. Там у зняволенні іх знаходзяцца 110 чалавек. Сярод іх журналістка-фрылансер Хуань Сюэцынь, якая працавала над пытаннямі карупцыі, прамысловага забруджвання і дамаганняў да жанчын.
Яшчэ адной прыкметай маштабных рэпрэсій стала тое, што ўсяго праз месяц пасля пачатку маштабнага руху пратэсту, Ісламская Рэспубліка Іран, дзе ў зняволенні знаходзяцца 47 журналістаў, стала трэцяй у свеце па велічыні турмой для іх. Сярод першых затрыманых журналістаў былі дзве жанчыны, Нілуфар Хамедзі і Элахе Махамадзі, якія прыцягнулі грамадскую ўвагу да смерці маладой іранскай курдзянкі Махсы Аміні. Цяпер ім пагражае смяротнае пакаранне.
«Дыктатарскія і аўтарытарныя рэжымы запаўняюць свае турмы журналістамі ўсё хутчэй. Новы рэкорд іх колькасці пацвярджае настойлівую неабходнасць супрацьстаяць гэтым нядобрасумленным сілам і праяўляць актыўную салідарнасць з усімі, хто адстойвае ідэал свабоды, незалежнасці і інфармацыйнага плюралізму», — кажа генеральны сакратар RSF Крыстаф Дэлуар.
Таксама расце і колькасць забітых журналістаў: у 2022 годзе 57 журналістаў паплаціліся жыццём за сваю прыхільнасць інфармаванню грамадскасці; гэта на 18,8% больш, чым у 2021 годзе, пасля двух гадоў спакою і гістарычна нізкіх паказчыкаў. Адной з прычын такога новага росту стала распачатая 24 лютага 2022 года вайна ва Украіне. За першыя шэсць месяцаў было забіта восем журналістаў. Сярод іх — украінскі фотакарэспандэнт Макс Левін, стрымана расстраляны 13 сакавіка расійскімі жаўнерамі, і журналіст французскага канала BFM TV Фрэдэрык Леклерк-Імхоф, забіты аскепкамі падчас асвятлення аперацыі эвакуацыі цывільнага насельніцтва.
Акрамя гэтага смяротнага канфлікту, у 2022 годзе журналісты гінулі ў краінах, якія лічацца мірнымі. Толькі ў Мексіцы было забіта 11 журналістаў, што складае амаль 20% ад агульнай колькасці загінулых сёлета работнікаў СМІ. Гэтыя лічбы, а таксама дадзеныя па Гаіці (6 забітых) і Бразіліі (3 забітых), спрыяюць таму, што Паўночная і Паўднёвая Амерыка з'яўляюцца самым небяспечным рэгіёнам для журналістаў: амаль палова журналістаў, забітых у гэтым годзе (47,4%), былі забітыя ў гэтай частцы свету.
Іншыя ключавыя лічбы «вынікаў 2022»: не менш за 65 журналістаў і работнікаў СМІ ў цяперашні час знаходзяцца ў закладніках па ўсім свеце. Сярод іх француз Аліўе Дзюбуа, якога ўжо больш за 20 месяцаў утрымлівае ў Малі звязаная з Аль-Каідай групоўка «Джамаат Нусрат аль-Іслам валь-Муслімін», і выкрадзены ў Сірыі ўжо амаль 10 гадоў таму амерыканец Осцін Тайс. Акрамя таго, у 2022 годзе зніклі яшчэ два журналісты, у выніку чаго колькасць зніклых без вестак журналістаў дасягнула 49.
Акрамя гэтага, у сваёй справаздачы за 2022 год RSF таксама нагадвае аб некаторых найбольш рэзанансных справах года: такіх, як напрыклад, справа Івана Сафронава, аднаго з найлепшых расійскіх журналістаў-следчых, які быў прысуджаны да 22 гадоў пазбаўлення волі за разгалошванне «дзяржаўных таямніц», якія да таго ўжо сталі здабыткам грамадскасці ў Інтэрнэце. Гэты прысуд — самы цяжкі з зафіксаваных RSF у 2022 годзе.
Пачынаючы з 1995 года арганізацыя «Рэпарцёры без межаў» (RSF) падводзіць вынік злоўжыванняў, якія адбыліся за мінулы год у дачыненні да журналістаў, заснаваны на ўдакладненых дадзеных, якія збіраюцца з 1 студзеня па 1 снежня ў год іх публікацыі. У агульны баланс «вынікаў 2022» RSF уключаны прафесійныя і непрафесійныя журналісты, а таксама супрацоўнікі СМІ.
RSF старанна збірае інфармацыю, якая дазваляе з упэўненасцю або, па меншай меры, з вельмі моцнай прэзумпцыяй сцвярджаць, што затрыманне, выкраданне, знікненне або смерць журналіста з'яўляюцца прамым вынікам ажыццяўлення яго прафесійнай дзейнасці. Гэта можа растлумачыць адрозненні ў статыстыцы RSF з дадзенымі іншых арганізацый.
Паводле БАЖ