Хронікі рэпрэсій 14 снежня. Пазбаўленне грамадзянства і падарункі дзецям палітвязняў

З дапамогай незалежных СМІ і праваабаронцаў сабралі звесткі пра палітычны пераслед беларусаў 14 снежня, а таксама іншыя цікавосткі, звязаныя з правамі чалавека ў краіне.

_drot_minsk_kraty_njavolja_belarus_fota_dzmitryeu_dzmitryj__novy_czas__1__logo_1.jpg


Праваабаронцы паведамілі, што іх калега Наста Лойка атрымала чарговыя 15 сутак. Яе зноў судзілі за «дробнае хуліганства». Насту затрымалі 28 кастрычніка, пасля чаго тройчы судзілі на 15 сутак па гэтым жа артыкуле.


* * *

Сілавікі затрымалі экс-інжынера Дэпартамента аховы МУС Паўла Петручэню, які, як яны паведамляюць, перадаў адміністратарам «дэструктыўных рэсурсаў» асабістыя звесткі былых калег.

Мужчыну прад'яўленае абвінавачванне па ч. 6 арт. 16 і ч. 3 арт. 130 КК Беларусі (Пасобніцтва ў распальванні варожасці, здзейсненае групай асоб). Ён змешчаны пад варту.

* * *

Палітвязень журналіст Дзмітрый Семчанка прыслаў вестачку з няволі. Праваабаронцы публікуюць гэты ліст.

«Вітанкі, даражэнькі і цудоўны чалавек! Шчыры дзякуй. Усё дайшло ды мяне. Ва ўсіх сэнсах. Толькі гарбатку ў пакеціках нельга дасылаць, таму яе не прынеслі, але гэта дробязь.

Куды больш прыемна ўвага, якая надае сэнс маім учынкам і сяняшняму існаванню тут. Таму яшчэ раз дзякую! Міне нейкі час (спадзяюся, што хутка), і ў адным са знакавых месцаў абавязкова зробяць помнік у выглядзе анёла з паштоўкай у адной руцэ і ў бандэролькай ў іншай. Зразумела, каму ён будзе прысвечаны».

Тым часам «Рэпарцёры без межаў» прадставілі сваю гадавую справаздачу аб становішчы журналістаў па ўсім свеце. Беларусь замыкае пяцёрку краін з найбольшай колькасцю журналістаў за кратамі (31) (па падліках БАЖ — 32 прадстаўнікі медыя). Апярэджваюць Беларусь В'етнам (39), Іран (47), М'янма (62) і Кітай (110).


* * *

Палата прадстаўнікоў прыняла папраўкі ў закон аб грамадзянстве, згодна з якімі можна пазбаўляць грамадзянства беларусаў па нараджэнні. Змены могуць закрануць грамадзян, асуджаных за «экстрэмізм». Улады змогуць ануляваць пашпарты і тых, хто знаходзіцца за мяжой. Калі папраўкі зацвердзіць Лукашэнка, закон уступіць у сілу.


* * *

Мінскі абласны суд пачаў разглядаць справу ваеннага эксперта Ягора Лябядка. Працэс над палітвязнем, якога вінавацяць у «спрыянні экстрэмісцкай дзейнасці», вядзе суддзя Алена Міснік.

* * *

Палітзняволеная Вольга Класкоўская выйшла на волю. Як паведамляюць праваабаронцы, былая журналістка «Народнай волі» цалкам адбыла тэрмін у Гомельскай жаночай калоніі.


* * *

Беларусы сабралі грошы на падарункі для 184 дзяцей палітвязняў-агульная сума склала 18400 еўра. Большай часткі дзяцей ужо перадалі падарункі.

* * *

Жыхара Маларыты Андрэя Струнца прысудзілі да 2 гадоў абмежавання волі за «абразу» супрацоўніка міліцыі ў сацсетцы. Па матэрыялах абвінавачвання, мужчына нібыта апублікаваў фота палкоўніка міліцыі з выявай нацысцкай сімволікі непрыстойным каментаром. Акрамя «хіміі», Струнца абавязалі выплаціць штраф у памеры 100 базавых велічынь.

* * *

У Віцебску 14 снежня раніцай адбыліся затрыманні. Праваабаронцам вядома, што сярод затрыманых Пятрунін, Кульман, Ларкоў — паводле папярэдняй інфармацыі, усе яны былі звязаныя з мясцовым гастрапабам ROK’I PUB.

* * *

Эдуард Бабарыка па-ранейшаму застаецца ў СІЗА. Скаргу на незаконнасць падаўжэння тэрміну ўтрымання пад вартай Эдуарда Бабарыкі па выніках пасяджэння чарговым разам не задаволілі.

На наступным тыдні будзе 2,5 гады, як Эдуард знаходзіцца на турэмным рэжыме без прад'яўлення канчатковага абвінавачвання і накіравання справы для разгляду ў суд.