Эдуард Бабарыка застаецца ў СІЗА — гэта рэкорд знаходжання ў зняволенні без суда

Эдуард Бабарыка па-ранейшаму застаецца ў СІЗА — два з паловай гады без вынесенага прысуду, паведамляе прэс-служба Віктара Бабарыкі.

2022_07_22_12.22.54_800x533.jpg

Скаргу на незаконнасць падаўжэння тэрміну ўтрымання пад вартай Эдуарда Бабарыкі па выніках пасяджэння чарговым разам не задаволілі.

На наступным тыдні будзе 2,5 гады, як Эдуард знаходзіцца на турэмным рэжыме без прад'яўлення канчатковага абвінавачвання і накіравання справы для разгляду ў суд.

Нагадаем, 18 чэрвеня 2020 года Эдуарда і Віктара Бабарыкаў затрымалі і пасадзілі пад варту. У той дзень яны ішлі ў ЦВК здаваць сабраныя подпісы. Затрыманне ажыццяўляў Дэпартамент фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю. Адвакатам увесь дзень не дазвалялася наведваць затрыманых: у будынку ДФР праводзіліся «вучэнні». У той жа дзень Эдуарда Бабарыку змясцілі ў СІЗА КДБ.


21 чэрвеня 2021 года Эдуарду Бабрыку было прад'яўлена абвінавачванне па ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса («Ухіленне ад выплаты падаткаў і збораў, што пацягнула прычыненне шкоды ў асабліва буйным памеры»).

У канцы лістапада 2021-га з'явілася інфармацыя аб пераводзе Эдуарда з СІЗА КДБ у СІЗА №1.

Згодна з папярэдняй інфармацыяй, па стане на снежань 2021 года Эдуард таксама з'яўляецца падазраваным паводле арт. 130 ч. 3 («Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці») і арт. 293 ч. 1 («Арганізацыя масавых беспарадкаў»). Статус Эдуарда па крымінальнай справе, звязанай з меркаваным ухіленнем ад выплаты падаткаў, застаецца невядомым.

Эдуарду неаднаразова падаўжалі тэрмін утрымання пад вартай. Так, 22 траўня 2022 года суддзя Міхаіл Макарэвіч разгледзеў скаргі Эдуарда і ягонага адваката на падаўжэнне тэрміну ўтрымання пад вартай. У выніку ў вызваленні з-пад варты было адмоўлена, Бабарыка застаецца ў зняволенні. Па выніках закрытага пасяджэння па другой інстанцыі Міхаіл Лапко адмовіў у задавальненні заявы аб вызваленні Эдуарда Бабарыкі.


З тых часоў ніякіх бачных вынікаў «расследавання» ў дачыненні да Эдуарда Бабарыкі, акрамя сістэматычнага падаўжэння тэрміну ўтрымання ў СІЗА, не назіраецца.