За што ўжо два гады без суду сядзіць у мінскім СІЗА Эдуард Бабарыка

Сын экс-кіраўніка «Белгазпрамбанка» Віктара Бабарыкі палітзняволены Эдуард Бабарыка ўжо два гады за кратамі. Артыкулы абвінавачвання яму дадаліся, а дата суду так і не прызначаная. За што яго пераследуюць — у матэрыяле «Deutsche Welle».

Палітзняволены Эдуард Бабарыка

Палітзняволены Эдуард Бабарыка

Эдуард Бабарыка — рэкардсмен сярод беларускіх палітвязняў па ўтрыманні пад вартай без прысуду суду, у СІЗА ён ужо знаходзіцца роўна два гады. Падчас прэзідэнцкай кампаніі ў Беларусі ў 2020 годзе Эдуард узначальваў перадвыбарчы штаб свайго бацькі, экс-кіраўніка «Белгазпрамбанка» Віктара Бабарыкі.
Віктара Бабарыку называлі галоўным праціўнікамАляксандра Лукашэнкі, але да выбараў ён не быў дапушчаны — яго арыштавалі, а ў ліпені 2021 года прысудзілі да 14 гадоў за «атрыманне хабару ў асабліва буйным памеры» і «легалізацыю сродкаў, атрыманых злачынным шляхам». Праваабаронцы прызналі Бабарыку-старэйшага палітвязнем.
Бабарыку-малодшага пакуль афіцыйна абвінавачваюць па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса Беларусі. У выпадку прызнання вінаватым яму пагражае пакаранне аж да 20 гадоў пазбаўлення волі. 


Эдуарду Бабарыку пагражае да 20 гадоў турмы

Да прэзідэнцкай кампаніі 2020 года 32-гадовы Эдуард Бабарыка займаўся бізнесам, быў заснавальнікам краўдфандынгавай платформы «Улей» і сузаснавальнікам платформы «MolaMola». Яго затрымалі 18 чэрвеня 2020 года разам з бацькам проста на шляху ў Цэнтрвыбаркам, куды яны накіроўваліся, каб здаць подпісы выбаршчыкаў, неабходныя для рэгістрацыі ў якасці кандыдата ў прэзідэнты.
Затрыманне праводзіў Дэпартамент фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю. Цэлы дзень да затрыманых не пускалі адвакатаў — паводле афіцыйна версіі, з-за вучэнняў, якія праводзіліся ў будынку ДФР. У той жа дзень тысячы беларусаў выйшлі на вуліцы Мінска і сталі ў ланцугі салідарнасці, пратэстуючы супраць затрымання бацькі і сына Бабарыкаў.
Эдуарда адразу змясцілі ў СІЗА КДБ, першапачаткова яго абвінавацілі ва «ўхіленні ад выплаты падаткаў» (ч. 2 арт. 243 КК). Калі праз паўтара года арышту скончыўся максімальны тэрмін утрымання Бабарыкі-малодшага пад вартай па гэтым артыкуле, а суд так і не пачаўся, стала вядома, што да абвінавачання дадалі яшчэ два артыкулы — аб «арганізацыі масавых беспарадкаў» (ч. 1 арт. 293 КК) і «распальванні варожасці» (ч. 3 арт. 130 КК). Цяпер Эдуард знаходзіцца ў СІЗА №1 на вуліцы Валадарскага ў Мінску.

Арышт Эдуарда — рычаг ціску на Віктара Бабарыку

Збоку складваецца ўражанне, што справа Эдуарда Бабарыкі за два гады яго арышту ніяк не прасунулася — нават пракуратура і Следчы камітэт не выпускалі афіцыйных прэс-рэлізаў з тлумачэннем абвінавачанняў супраць яго. Як паведаміў прэс-сакратар штаба Бабарыкі Глеб Германчук, якія-небудзь падрабязнасці пра ход справы супраць Эдуарда невядомыя, бо адвакаты знаходзяцца пад падпіскай аб неразгалошванні.

Прэс-сакратар штаба Віктара Бабарыкі Глеб Германчук. Фота: «Onliner»

Прэс-сакратар штаба Віктара Бабарыкі Глеб Германчук. Фота: «Onliner»


«Артыкулы абвінавачання вельмі дзіўныя, мне нават хочацца паслухаць, чым абвінавачанне будзе іх матываваць, бо Эдуард быў затрыманы ў чэрвені, калі яшчэ ніякіх пратэстаў не было. І штаб тады таксама яшчэ не паспеў зрабіць ніякіх заяў на гэты конт», — кажа Германчук.
Чыста юрыдычна ўтрыманне Бабарыкі-малодшага за кратамі гэтак доўга цалкам законнае. «Па законе маглі трымаць 18 месяцаў. Калі яны скончыліся, дадалі новыя артыкулы і па іх могуць трымаць яшчэ 18 месяцаў. А потым могуць яшчэ што-небудзь прыдумаць. Адвакаты пастаянна падаюць прашэнні аб змене меры ўтрымання, але гэтыя прашэнні не задавальняюцца», — тлумачыць прэс-сакратар штаба Бабарыкі.
Ён лічыць, што Эдуард Бабарыка, як і яго бацька, абсалютна невінаваты: «Яны абодва прызнаныя палітвязнямі, справы палітычна матываваныя. Адсутнасць суду над Эдуардам на працягу двух гадоў — гэта вельмі незразумелая сітуацыя. Мы лічым, што яго можна назваць закладнікам, яго выкарыстоўваюць як рычаг ціску на Віктара Дзмітрыевіча».

Вучыць англійскую, сеў на шпагат, чытае сукамернікам лекцыі па ядзернай фізіцы

Нягледзячы на доўгае ўтрыманне пад вартай, лісты палітвязня, як адзначаюць яго сябры і блізкія, поўныя аптымізму і жартаў. Як расказала DW дзяўчына Эдуарда Аляксандра Зверава, лісты да яго даходзяць з пераменным поспехам, часам аддаюць адразу некалькі, а іншым разам іх не перадаюць тыднямі.

Аляксандра Зверава. Фота: Instagram

Аляксандра Зверава. Фота: Instagram


«Эдзік трымаецца не проста добра, а неверагодна добра. Ён шмат чытае, займаецца ёгай. У СІЗА КДБ у нейкі момант яму з невядомых прычын забаранілі заняткі, але на Валадарскага, куды яго перавялі нядаўна, займацца дазваляюць. У першым лісце адтуль Эдзік пісаў, што ў камеры ёсць стол — такія ў яго падставы для радасці. Гуляе ў шахматы, вучыць англійскую нейкімі шалёнымі тэмпамі — па 400 новых слоў на тыдзень», — дзеліцца Аляксандра.
Пра настрой Эдуарда DW таксама расказаў і яго сябар Ігар (імя змененае. Заўв. рэд.), які штотыдзень носіць яму перадачы ў СІЗА: «Эдзік — вялікі малайчына. Ён займаецца сваім развіццём, пастаянна чытае, вучыць англійскую, хоць і так яе добра ведае. Таксама займаецца спортам і нават нядаўна сеў на шпагат. А яшчэ нядаўна ён перадаў, што ў камеры праводзіць для суседзяў лекцыі па ядзернай фізіцы».
Што тычыцца перадач, то, паводле слоў Ігара, Эдуард аддае перавагу здаровай ежы, праўда, часам сябры імкнуцца яго чымсьці парадаваць — напрыклад, нядаўна шукалі для яго мядовік, які прымаюць у ізалятары. «Яшчэ ў СІЗА ён пачаў маляваць, і некаторыя малюнкі нам удалося атрымаць. Але калі ён дайшоў да аголеных фігур, іх зацэнзуравалі і перасталі перадаваць. Ён пра гэты факт напісаў у лісце і вельмі смяяўся», — дадае сябар палітвязня.

Эдуарда не вызваляць, пакуль сітуацыя ў Беларусі не зменіцца

Пра сілу духу Эдуарда сведчаць цытаты з лістоў, якія часам публікуе штаб Бабарыкі. «Не забывайце пра тое, што цемра — гэта проста адсутнасць святла. З цемрай бессэнсоўна змагацца, бо яе, па сутнасці, не існуе, гэта ўсяго толькі "адсутнасць". І адзінае, што можам рабіць, — гэта асвятляць свет сваімі добрымі справамі і думкамі. Гэта працуе кожны раз. Свяціцеся!» — напісаў нядаўна Эдуард.
Разам з тым, сябры і блізкія Бабарыкі-малодшага вельмі перажываюць, што ён ужо так доўга ўтрымліваецца ў СІЗА. «Мы ведаем, што ўмовы там проста жудасныя, яны створаныя для таго, каб чалавек там адчуваў сябе вінаватым. Але я ўпэўнены, што Эдуард годна пройдзе праз усе выпрабаванні», — кажа Глеб Германчук.
Аляксандра Зверава, у сваю чаргу, адзначае, што ў Эдуарда ёсць неверагодная рыса — любую цяжкасць успрымаць як выклік і вопыт: «Цалкам зразумела, што ён не атрымлівае задавальнення ад знаходжання ў СІЗА. Людзі, якія прайшлі палітычна матываваныя абвінавачанні, кажуць, што калонію яшчэ можна вытрымаць, а СІЗА — гэта вельмі няпроста. А Эдзік там знаходзіцца ўжо два гады. Проста таму, што ён сын свайго бацькі».
Адказваючы на пытанне пра тое, чаго чакаць далей ад справы Бабарыкі-малодшага, Зверава прызнаецца, што надзея была ў снежні 2021-га, калі міналі паўтара года: «Але замест вызвалення на яго завялі новую крымінальную справу. Як бы ні было цяжка гэта прызнаваць, Эдзіка не вызваляць, пакуль сітуацыя ў Беларусі глабальна не зменіцца».