Цэнтрыст з чырвонымі шлейкамі. У чым феномен палітыка Віктара Бабарыкі

У чацвер 12 траўня было два гады, як банкір Віктар Бабарыка абвясціў аб намеры балатавацца ў прэзідэнты. Праз месяц будзе два гады, як ён сядзіць у турме, асуджаны па відавочна «палітычнай» справе. Вядомы фінансіст атрымаў 14 гадоў калоніі, але захоўвае ў няволі бадзёрасць і веру ў лепшае. Захоўвае ён і папулярнасць, што за кратамі асабліва складана.

1_564.jpg

У чым феномен палітыка Бабарыкі? Сёння — аб гэтым.

Намер і фурор

12 траўня 2020 года ў фэйсбуку Віктара Бабарыкі, шматгадовага старшыні праўлення «Белгазпрамбанка», з’явіўся допіс, у якім ён абвясціў, што пойдзе ў прэзідэнты. Абвестка хутка разляцелася па медыя і выклікала сапраўдны фурор. Чалавек, якога ведалі як банкіра без палітычных амбіцый, адразу ж зрабіўся галоўным апанентам Аляксандра Лукашэнкі. А неўзабаве — і фаварытам выбарчай кампаніі, якому сацыялагічныя апытанні аддавалі 50+ працэнтаў сімпатый выбаршчыкаў.
Шасці дзён яму хапіла, каб сабраць рэкордную ў гісторыі беларускіх выбараў ініцыятыўную групу. Набор вымушана спынілі, калі колькасць валанцёраў, гатовых збіраць подпісы, пераваліла за дзесяць тысяч.Месяца яму хапіла, каб сабраць рэкордныя для супернікаў Лукашэнкі амаль 435 тысяч подпісаў за сваё вылучэнне. Людзі ахвотна пакідалі свае аўтографы па ўсёй краіне — у Мінску і іншых гарадах, у гарадскіх пасёлках і вёсках. Штаб Бабарыкі рэгулярна справаздачыўся аб працэсе, і ў гэтым анлайн-рэжыме было бачна, як імкліва набірае палітычную вагу чалавек, з чыйго твару не сыходзіць добрая ўсмешка ката Леапольда.
Завезці подпісы ў Цэнтрвыбаркам ён ужо не паспее. 18 чэрвеня Віктара Бабарыку разам з сынам Эдуардам перахапілі літаральна па дарозе ў ЦВК, і ад той пары абодва знаходзяцца за кратамі.

98175379_10217326460136382_4077639451151433728_n.jpg

Праз месяц яго не зарэгіструюць кандыдатам у прэзідэнты з нейкіх дзіўных прычын, якія нават з вуснаў Лідзіі Ярмошынай гучалі недарэчна. На пачатку верасня выкрадуць, а пасля затрымаюць кіраўніцу штаба Марыю Калеснікаву, крыху пазней — юрыста Максіма Знака. Забяруць, але потым выпусцяць пад залог іншага юрыста з каманды — Іллю Салея, які неўзабаве пакіне Беларусь. Выціснуць за мяжу іншых паплечнікаў, прэс-службу, выбарачна надзенуць кайданкі на найбольш актыўных валанцёраў.

119139548_164366368606765_7803225279812263062_n.jpg

Штаб самага папулярнага палітыка краіны зруйнуюць у некалькі пралічаных прыёмаў. Летам 2021-га Віктара Бабарыку асудзяць на драконаўскі тэрмін зноў жа па справе, шытай белымі ніткамі. Але добра, што раней яго сцяг (а фактычна і праграму са стратэгіяй) падхопіць Святлана Ціханоўская, і высілкі былога банкіра з паплечнікамі ўсё ж дарма не прападуць. Пачнуцца пратэсты, маштабу і працягласці якіх суверэнная Беларусь яшчэ не ведала.
Ужо амаль два гады ў краіне трывае глыбокі грамадска-палітычны крызіс. Многія лічаць, што гэта прадвесне новай Беларусі. Што Лукашэнка так ці інакш сыйдзе, і пачнецца новае жыццё. Тое самае, дэмакратычнае і свабоднае, пачатак якому паклаў менавіта ён — 58-гадовы фінансіст-эканаміст у штанах са стылёвымі чырвонымі шлейкамі.

Рамантык і прагматык

Яго называлі рамантыкам, які пайшоў супраць сістэмы з наіўнай надзеяй, што ўладу можна змяніць простым падлікам галасоў. «Нельга фальсіфікаваць волевыяўленне народа», — казаў ён, удакладняючы, што хібы ў дадзеных ЦВК не могуць быць болей за 20 працэнтаў.
Маючы слушны спадзеў, што яго гандыкап ад Лукашэнкі 9 жніўня складзе болей за тыя 20 працэнтаў, ён шчыра верыў, што Ярмошынай нічога не застанецца як зафіксаваць яго перамогу.
Яшчэ ён верыў у закон — што калі яго не парушаць нават у самых нікчэмных дробязях, то і прычапіцца да яго не змогуць. Бо ўсё ж празрыста, камар носа не падточыць.
Аднак і камар падтачыў, і 80 адсоткаў за нязменнага правадыра ЦВК агучыў, не пачырванеўшы. Віктар Бабарыка хацеў перамагчы рэжым у адкрытых палітычных шахматах, хай нават у яго будуць чорныя фігуры і іх будзе ўдвая меней. А рэжым ляснуў яго па галаве шахматнай дошкай, і ўсе ферзі са сланамі паляцелі на падлогу. Куды ўжо тут з адпрацаванай абаронай Філідора — супраць лома няма прыёма.
Яго называлі прагматыкам, і гэта таксама мела рацыю. Як элітны топ-менеджар, ён здолеў арганізаваць сваю кампанію шматбакова, сучасна і вельмі пісьменна. І ў канчатковым рахунку — проста бліскуча.
Маючы велізарны досвед каманднай працы, ён не парушыў свяшчэнны прынцып паспяховага кіраўніка — не забаяўся сабраць у штабе людзей, якія разумнейшыя за яго ў пэўных кірунках. Наадварот, толькі такіх ён і вітаў у сваіх шэрагах, ведаючы, што такое сінергія і якія горы яна дапамагае звярнуць.

102803425_10217500124317878_7313911241748615791_n.jpg

Па сутнасці, у кадравых пытаннях Бабарыка дзейнічаў супрацьлегла Лукашэнку з яго знакамітай адмоўнай селекцыяй. І ў выніку там, дзе ў аднаго Качанава распавядала пра харчаванне лебядой, а віцэ-прэм’ер Калінін — пра «самыя сучасныя трафікі», у другога шчыравалі Калеснікава і Знак. Маладыя, паспяховыя, з пяццю вышэйшымі адукацыямі на дваіх, з валоданнем васьмю мовамі на дваіх і вучонымі ступенямі. Ці выдатнік-стыпендыят Ілля Салей з амерыканскай магістратурай за плячыма. Ці дасведчаны ІТ-менеджар Максім Баграцоў з дваццацігадовым досведам у EPAM.
Менавіта прасунутая каманда зрабіла так, што палітык-неафіт Бабарыка лёгка дагрукваўся да электарата праз сацсеткі і youtube. Праз шчырыя інтэрв’ю, на якія ён прыходзіў густоўна апранутым і даводзіў да аўдыторыі сваю змястоўную праграму. У яго была годная айдэнтыка — адмысловыя колеры, лога ў выглядзе сэрца і тое самае сэрца, якое бабарыкінцы выяўлялі далонямі.
Прамоушн Віктара Дзмітрыевіча быў створаны паводле сучасных заходніх стандартаў і працаваў эфектыўна. Але, вядома, не толькі за кошт выбарчых тэхналогій былы банкір імкліва заваёўваў папулярнасць сярод беларусаў. Было нешта яшчэ, што можна сфармуляваць вельмі коратка — беларусам ён вельмі «зайшоў».

Эканоміка і каштоўнасці

Так, «зайшоў», хаця не мае ні талента палымянага трыбуна, ні дастатковай харызмы. Дый бэкграунд… Мала сказаць, капіталіст-багацей, але ж і з «Газпрама» — то-бок, відаць, прарасійскі, прадасць незалежнасць Пуціну, і будзе вам новы прэзідэнт.
Вось адсюль і пачынаецца сутнасны феномен Віктара Бабарыкі, які ўвасобіў сабой бачанне будучыні для мільёнаў (без перабольшання) беларусаў.
На «прарасійскасць» яго пачалі «калоць» адразу. Потым — на рускамоўнасць, на цьмянае стаўленне да БЧБ-сцяга і «Пагоні». Дабівалі пытаннем «Чый Крым?», і ў адказ ён лавіраваў, фармуляваў расплывіста і ні аб чым. Гэта абурала нацыянальна-арыентаваны электарат, які прывык выносіць хуткія вердыкты. Але гэта мала клапаціла іншыя страты грамадства, якія хутка Бабарыкам захапіліся.
У сваёй перадвыбарчай рыторыцы ён замяніў ідэалогію эканомікай і патрапіў у дзясятку. Бо чарку і шкварку ніхто не адмяняў, а лукашэнкаўская чарка-шкварка ўжо даўно і моцна падрабнела. Бо Крым далёка, лядоўня побач, і заробкі ўжо два гады не падымаюць. Бо «Пагоню» ж на хлеб не намажаш, а вось тут дзядзька разумны і справу кажа. Як ён вывеў у лідары свой банк, то, можа, і краіну пацягне.
Парадокс, але ў практычнай плашчыні ён і пра незалежнасць з БЧБ выказваўся проста, даходліва і без залішняга патрыятычнага пафасу. Казаў, што дабрабыт мацуе незалежнасць. І меў на ўвазе, што высокая пакупніцкая здольнасць тут больш важная, чым нават мова.
Гучала, канешне, блюзнерскі — але толькі для чулага ідэйнага вуха. Менш чулыя разумелі, дакопваліся да сэнсу, які даводзіў да іх гэты вялікі дзядзька з рыпучым голасам. Сапраўды ж, сытая Эстонія шануе свой суверэнітэт, бо краіна квітнее — такую нікому не аддасі і без ведання біяграфіі Лембіту. А ў не надта сытай Малдове дагэтуль трывае дыскурс аб аб’яднанні з Румыніяй, і нацыянальныя каштоўнасці тут не пры чым. Усё ідзе ад кішэні, дзе неяк не вельмі звініць галоўная нацыянальная каштоўнасць.

Усе і кожны

Абыходзячы вострыя вуглы і колкія пытанні, Бабарыка імкнуўся не адвярнуць ад сябе ніводзін сацыяльны пласт. Новы чалавек у палітыцы, ён здолеў пазбегнуць тых памылак, якія рабілі яго больш «нішавыя» папярэднікі — ад Зянона Пазняка да Аляксандра Мілінкевіча. Былы банкір апеляваў да ўсіх і кожнага — ён не быў ні правым, ні левым, ні кансерватарам, ні наватарам. І ў выніку кожны ўбачыў у Бабарыку нешта сваё — і прызначыў яго сваім абраннікам.
Так званы просты люд убачыў эканамічную перспектыву. Бізнес — прадпрымальніцкую свабоду. Дзяржслужачыя — прывабны і сучасны стыль кіравання. Наменклатура — альтэрнатыву цяперашняй вертыкалі з яго хамствам, невуцтвам і пагардай да падначаленых. Інтэлігенцыя — прагрэсіўнасць, адукаванасць, імкненне да дэмакратыі і развіцця.
Нават сілавікі ўбачылі — убачылі павагу да закона, жыць паводле якога нашмат камфортней, чым пры палачнай сістэме і непавазе да канстытуцыі. А ўсе разам убачылі — рэальную альтэрнатыву дзеючай уладзе, якая большасці беларусаў ужо абрыдла.
Рэжым убачыў у ім галоўнага ворага. І кінуў у турму, назваўшы «тлустым банкірам», хабарнікам і ледзьве не агентам трох выведак. А потым старанна адлічбаваў тыя сотні тысяч подпісаў — і пачаў метадычна чысціць свае шэрагі, хапаючыся за галаву ад колькасці няўдзячных «адшчапенцаў» у сістэме. «Калёным жалезам», — як казаў той галоўны валадар «крыштальнага сасуда», у якога на кожнага апанента знойдзецца крымінальны артыкул.

104939152_3825299210830403_6629074366681123347_n.jpg

Віктар Бабарыка прабыў у публічнай палітыцы і на волі крыху больш за месяц. Мізэрны час, за які шмат зрабіць не паспееш. Ён паспеў, і яшчэ доўга — праз год і праз паўтары — заставаўся самым папулярным палітыкам краіны паводле незалежных апытанняў. Можа і зараз застаецца, бо сацыялагічных замераў даўно не рабілі.
Калі не — то нічога дзіўнага. Захоўваць рэйтынг, працуючы ў калоніі апальшчыкам, досыць праблематычна.Іншая справа — не рэйтынг, а след, які пакінуў у палітыцы за такі кароткі перыяд былы кіраўнік «Белгазпрамбанка». Выглядае, што гэта дастаткова глыбокі след, каб у выпадку станоўчага развіцця падзей аднойчы аднавіць палітычную дзейнасць і ўсё ж дамагчыся сваіх мэтаў на новых электаральных франтах.