Палітзняволеная Вольга Класкоўская выйшла на волю
Былая журналістка «Народнай волі» і палітзняволеная Вольга Класкоўская выйшла на волю, паведамляюць праваабаронцы. Яна цалкам адбыла свой тэрмін у Гомельскай жаночай калоніі.
Вольгу Класкоўскую затрымалі ў кастрычніку 2020 года і асудзілі да двух гадоў калоніі па ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса за перакрыццё руху транспарту ў мінскай Серабранцы. Затым, ужо ў калоніі, супраць яе распачалі другую крымінальную справу — абвінавацілі ў «абразе прадстаўніка ўлады». Гаворка ішла пра каментар у інтэрнэце ў адрас брэсцкага міліцыянера.
Вольга Класкоўская абвінавачвалася ў абразе супрацоўніка Ленінскага РАУС Андрэя Хвесюка. Гэты каментар быў размешчаны яшчэ да яе арышту, але справу супраць палітзняволенай узбудзілі толькі ў жніўні 2021 года — праз сем месяцаў пасля прысуду па першай справе.
У судовым працэсе палітзняволеная ўдзельнічаць адмовілася, паколькі «суд над ёй незаконны і несправядлівы і ўдзельнічаць у гэтым яна не збіраецца». Паколькі Вольга цвёрда на гэтым настойвала, суд задаволіў яе хадайніцтва. Палітзняволеная пакінула залу судовага пасяджэння пад канвоем са словамі «Жыве Беларусь».
Пазней на спатканні з маці пасля другога суда Вольга расказала, што ёй не далі належным чынам азнаёміцца з матэрыяламі справы — следчы дазволіў паглядзець матэрыялы толькі за некалькі гадзін перад судом.
На гэтым другім судзе, які адбыўся ў студзені 2022 года, ёй прызначылі яшчэ паўтара года «хатняй хіміі». Але шляхам складання пакаранняў атрымалася 2,5 гады калоніі агульнага рэжыму. За ўвесь час у зняволенні Класкоўскую неаднаразова змяшчалі ў карцар і ў памяшканне камернага тыпу.