Мастака-сірату асудзілі і з тэмпературай этапавалі ў віцебскі СІЗА

Палітзняволенага мастака і сірату Андрэя Раптуновіча з тэмпературай этапавалі ў віцебскі СІЗА.

raptunovicz_2.jpg

У Мінскім гарадскім судзе вынеслі прысуд 20-гадоваму мастаку і сіраце Андрэю Раптуновічу, паведамляюць праваабаронцы.

Палітвязня асудзілі да чатырох гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Яго асудзілі за намер паехаць ва Украіну і далучыцца да батальёна Каліноўскага (ч. 1 арт. 13 арт. 361-3 КК), а таксама за рэгістрацыю ў плане «Перамога» (ч. 3 арт. 361-1 КК).

Суд праходзіў у закрытым рэжыме, таму падрабязнасці судовага пасяджэння і пазіцыя палітвязня па справе невядомыя. Пад вартай хлопец утрымліваецца ўжо больш за сем месяцаў.

Стала вядома, што днямі Андрэя перавялі ў СІЗА-2 да разгляду апеляцыйнай скаргі. Падчас этапу хлопец быў хворы, з тэмпературай.

Нагадаем, Андрэй Раптуновіч выкладаў у цэнтры дадатковай адукацыі ў Мінску. Хлопца затрымалі 16 траўня 2022 года, тады праўладныя тэлеграм-каналы паведамлялі, што ён нібыта збіраўся паехаць ва Украіну і далучыцца да батальёна Каліноўскага.

Яму прысудзілі 14 сутак арышту паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў), ён павінен быў выйсці на волю 29 траўня, аднак на яго склалі новы пратакол. Тады Андрэю прысудзілі 15 сутак арышту па арт. 19.1 КаАП (дробнае хуліганства) — нібыта ён размахваў рукамі і нецэнзурна лаяўся. Але на волю яго і пасля чарговых сутак не выпусцілі.Паводле матэрыялаў справы, Раптуновіч у перыяд з верасня 2021 года па травень 2022 года, знаходзячыся ў горадзе Мінску, «уваходзіў у склад экстрэмісцкага фарміравання, створанага адным з Telegram-каналаў».«Захоўваючы свой удзел у гэтым фарміраванні, ён сістэматычна знаёміўся з рознымі экстрэмісцкімі матэрыяламі ў месенджар Telegram, а таксама вёў перапіску, прадстаўляў інфармацыю аб сабе і здзяйсняў іншыя дзеянні з мэтай прыняць удзел ва ўзброеным фарміраванні і ваенных дзеяннях на тэрыторыі замежнай дзяржавы», — гаворыцца ў абвінавачванні.

Падтрымаць палітвязня грашовымі пераводамі, пасылкамі, тэлеграмамі можна на адрас: СІЗА-2. 210026, г. Віцебск, вул. Гагарына, 2, Андрэй Сяргеевіч Раптуновіч