За пратэсныя надпісы і ўлёткі чатырох палітвязняў пакаралі сталінскімі тэрмінамі

У Мінскім абласным судзе 12 снежня агучылі прысуд чатыром палітзняволеным жыхарам Салігоршчыны, распавядаюць праваабаронцы.

birulia_gaurylau.jpeg

Суддзя Алена Міснік прызначыла па «пратэсных артыкулах» мужу і жонцы Алегу і Таццяне Бірулям — па 6 гадоў калоніі, трэнеру Алегу Гаўрылаву — 10 гадоў калоніі, Сяргею Пасюку — 5,5 года калоніі.

Іх затрымалі за распаўсюджанне «пратэсных» газет яшчэ 13 снежня 2021 года, але за час следства спіс крымінальных артыкулаў, па якіх іх абвінавачваюць, вырас да пяці. Ужо на судзе справу накіроўвалі на дадатковае следства, падчас якога палітвязняў унеслі ў «спіс тэрарыстаў».

Згодна з матэрыяламі справы Гаўрылаў у студзені 2021 года набыў і прадаставіў двум знаёмым — Таццяне і Алегу Бірулям — аэразольныя балоны з фарбай. Тым самым ён, паводле следства, стварыў умовы і забяспечыў названых асоб прыладамі здзяйснення злачынства. Пасля чаго апошнія са студзеня па люты 2021 года наносілі на розныя аб'екты інфраструктуры Салігорска надпісы і малюнкі, ажыццяўляючы іх псаванне. Яны ж нанеслі на сцяну аднаго з дамоў надпіс у дачыненні да Лукашэнкі, «у якім абвінавацілі яго ў асабліва цяжкім злачынстве, гэта значыць здзейснілі паклёп».

У жніўні 2021 года Гаўрылаў шляхам дамоўленасцей, у тым ліку за матэрыяльнае ўзнагароджанне, уцягнуў іншага знаёмага — Сяргея Пасюка — у занятак «экстрэмісцкай дзейнасцю». Затым абвінавачаныя са жніўня па снежань 2021 года распаўсюджвалі на тэрыторыі Салігорска ўлёткі і іншую друкаваную прадукцыю з «заклікамі да захопу дзяржаўнай улады, гвалтоўнай змены канстытуцыйнага ладу Рэспублікі Беларусь», здзяйснення іншых дзеянняў, накіраваных на «прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь». Змест гэтых улётак нібыта быў «накіраваны на распальванне сацыяльнай варожасці па прыкмеце іншай сацыяльнай прыналежнасці».

Агулам чатырох палітвязняў асудзілі па наступных артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 2 арт. 367 («Паклёп у дачыненні да Лукашэнкі»), арт. 341 («Апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці»), ч. 3 арт. 130 («Распальванне іншай сацыяльнай варожасці»), ч. 1 арт. 361 («Заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый),  іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь»), ч. 1 арт. 361-4 («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»).

Суд над палітвязнямі распачаўся 29 жніўня, але ў хуткім часе справу адправілі на дадатковае следства. 16 верасня КДБ дадаў іх у «спіс тэрарыстаў», хаця ў абвінавачванні не было «тэрарыстычнага» артыкула.