Прывезлі з перытанітам. Сталі вядомыя падрабязнасці шпіталізацыі Марыі Калеснікавай

Сталі вядомыя падрабязнасці шпіталізацыі палітзняволенай Марыі Калеснікавай у Гомельскую бальніцу хуткай дапамогі. Пра гэта распавяла прэс-служба Віктара Бабарыкі.

photo_2022_12_06_11_57_01.jpg

Паведамляецца, што калі Марыю Калеснікава прывезлі на хуткай у бальніцу, яна прасіла звязацца з бацькам — каб прыняць рашэнне наконт аперацыі. Аднак лекары патлумачылі ёй, што ў яе развілося запаленне брушыны, прымаць рашэнне трэба неадкладна. Марыя дала згоду на аперацыю.
Палітзняволенай зрабілі лапараскапію з невялікім разрэзам. Цяпер гаенне праходзіць нармальна, дрэнажу ўжо няма. Паводле слоў лекараў у медсанчасткі гомельскай калоніі, усе неабходныя працэдуры і аналізы робяць.

Адзначаецца, што цяпер Марыя мала есць, бо на дадзены момант ежа ў калоніі ёй не падыходзіць. У медсанчастцы паабяцалі скарэктаваць харчаванне.
Раней Марыя Калеснікава неаднаразова прасіла, каб усе падрабязнасці аб яе стане і дыягназе паведамілі бацьку. Але гэтага так і не здарылася.

Прэс-служба Віктара Бабарыкі таксама распавяла пра дыягназ Марыі Калеснікавай. Выявілася, што ў яе дыягнаставалі прабадзенне язвы — утварэнне скразнога адтуліны ў сценцы страўніка. У такім выпадку змесціва страўніка трапляе наўпрост у брушную паражніну, і развіваецца запаленне брушыны — перытаніт. Прабадзенне суправаджаецца раптоўным («кінжальным») болем у жываце. Перытаніт пагражае жыццю пацыента і патрабуе неадкладнай медыцынскай дапамогі.

Нагадаем, чальца Каардынацыйнай рады Марыю Калеснікаву раніцай 7 верасня 2020 года каля Нацыянальнага мастацкага музея невядомыя людзі пасадзілі ў мікрааўтобус з надпісам «Сувязь» і павезлі ў невядомым кірунку.

6 верасня 2021 года ёй прысудзілі 11 гадоў зняволення.