Хронікі рэпрэсій 13 снежня: Заблакаваны «Патрэон», новая крыміналка супраць Святланы Ціханоўскай
У Беларусі заблакавалі «Патрэон». Праблемы з доступам да платформы, дзе можна данаціць на розныя ініцыятывы, сталі заўважныя сёння. Што яшчэ здарылася сёння?
![_neba___drot___svaboda___plot__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas_logo_1.jpg _neba___drot___svaboda___plot__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas_logo_1.jpg](/img/v1/images/_neba___drot___svaboda___plot__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas_logo_1.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Пры заходзе на сайт «Патрэон» у карыстальнікаў унутры Беларусі з'яўлялася плашка пра тое, што доступ да рэсурсу абмежаваны Міністэрствам інфармацыі. Платформу «Патрэон» для збору данатаў выкарыстоўваюць абсалютна розныя людзі і ініцыятывы.
Супраць Ціханоўскай, Сахашчыка і Азарава распачалі новую крымінальную справу. Гэтым разам — за стварэнне «экстрэмісцкага фармавання» «Паспалітае рушэнне».
Як паведамляе МУС, гэтая ініцыятыва «праводзіць работу па арганізацыі замахаў на тэрытарыяльную цэласнасць, суверэнітэт, асновы канстытуцыйнага ладу і грамадскую бяспеку Рэспублікі Беларусь».
У ведамстве кажуць, што «пасля падрыхтоўкі ўдзельнікі фармавання павінны вярнуцца ў Беларусь, каб сфармаваць ужо навучаную «пятую калону» для вядзення дыверсійнай, тэрарыстычнай і агентурнай працы».
Паведамляецца, што следчымі распачаты крымінальныя справы за стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім у дачыненні да Сахашчыка, Ціханоўскай, Азарава і іншых асоб — усяго па крымінальнай справе правяраецца больш за 200 чалавек.
![Насту Лойку не выпусцілі Насту Лойку працягваюць трымаць у няволі](/img/v1/images/loika_20210823_008_vasjukovicz_logo_1.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Праваабаронца Наста Лойка не выйшла на волю пасля чарговых 15 сутак адміністрацыйнага арышту. Дзе яе ўтрымліваюць цяпер, не вядома.
Наста Лойка была затрымана 28 кастрычніка і пазней тройчы асуджаная да адміністрацыйнага арышту. На адным з судоў праваабаронца распавядала пра катаванні — супрацоўнік ГУБАЗіК ударыў яе электрашокерам, а адзін з супрацоўнікаў ЦІП вывеў яе ва ўнутраны двор і пакінуў без вопраткі на 8 гадзін.
Супраць былой гомельскай журналісткі распачалі крымінальную справу. Ларысу Шчыракову затрымалі 6 снежня. Цяпер стала вядома, што крымінальная справа распачатая за дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь — артыкул 369-1 Крымінальнага кодэксу. Санкцыі артыкула — да чатырох гадоў пазбаўлення волі.
![Ларысу Шчыракову хочуць пасадзіць па крыміналцы Ларысу Шчыракову хочуць пасадзіць па крымінальнай справе. Сын журналісткі ў прытулку](/img/v1/images/photo_2022_12_13_08_09_14.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Між тым 16-гадовы сын Шчыраковай Святаслаў усё яшчэ знаходзіцца ў прытулку. Родным журналісткі сына не аддалі, матывуючы гэта тым, што падлетка могуць перадаць толькі «законнаму прадстаўніку» — бацьку. Ён жыве ў Расіі і мае намер прыехаць у Гомель.
Ад 5,5 да 10 гадоў калоніі прысудзілі чатыром палітзняволеных салігарчанам.
У Мінскім абласным судзе агучылі прысуд чатыром палітзняволеным жыхарам Салігоршчыны. Суддзя Алена Міснік прызначыла па «пратэсных артыкулах» мужу і жонцы Аляксандру і Таццяне Бірулям па 6 гадоў калоніі, трэнеру Алегу Гаўрылаву — 10 гадоў калоніі, Сяргею Пасюку — 5,5 года калоніі.
![Сталінскія тэрміны для палітвязняў з Салігорска За пратэсныя надпісы і ўлёткі чатырох палітвязняў пакаралі сталінскімі тэрмінамі](/img/v1/images/birulia_gaurylau.jpeg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Генадзя Смірнова змясцілі ў ПКТ. Палітвязня змясцілі ў памяшканне камернага тыпу як злоснага парушальніка ўстаноўленага парадку. Перад гэтым яго неаднаразова змяшчалі ў ШІЗА. Паводле крыніцаў праваабаронцаў, «Генадзь моцна схуднеў, высах, адны жылы тырчаць».
Нагадаем, у судзе Ляхавіцкага раёна 27 кастрычніка 2021 года вынеслі прысуд бацьку і сыну Генадзю і Вячаславу Смірновым, якіх абвінавацілі ў абразе Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса), а Генадзя — яшчэ і ў супраціве супрацоўніку органаў унутраных спраў (ч. 2 арт. 363 Крымінальнага кодекса). У выніку Генадзя асудзілі да 2,5 гадоў калоніі, а Вячаслава — да 2 гадоў «хіміі».
Суполка ва «Укантакце» «Добрый Жлобин» прызнаная «экстрэмісцкімі матэрыяламі». Адпаведнае рашэнне прынятае судом Жлобінскага раёну яшчэ 27 верасня, але толькі сёння яно з'явілася ў «Рэспубліканскім спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў». На суполку падпісана больш за 25 тысяч чалавек.
У Баранавічах затрыманы Анатоль Пугач, які днямі прыехаў у Беларусь лячыцца з анкалагічным захворваннем.
28-гадовы Анатоль Пугач толькі днямі вярнуўся з Польшчы ў Беларусь на медычнае абследванне: у яго знайшлі анкалагічнае захворванне. Мужчыну затрымалі сёння, 13 снежня, раніцай. Вядома, што з яго тэлефону пасля гэтага сядзелі сілавікі.
![Мастака-сірату асудзілі і з тэмпературай этапавалі ў віцебскі СІЗА Мастака-сірату асудзілі і з тэмпературай этапавалі ў віцебскі СІЗА](/img/v1/images/raptunovicz_2.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
За абразу Лукашэнкі і знявагу дзяржсімвалаў пакаралі жыхара Баранавіч.
Суд Баранавічскага раёна і горада Баранавічы пад старшынством суддзі Іны Паўлоўскай разгледзеў крымінальную справу 50-гадовага Віталя Корсака. Яго абвінавацілі ў абразе Лукашэнкі (арт. 368 КК) і знявазе дзяржаўных сімвалаў (арт. 370 КК). Нібыта Корсак у студзені 2022 года ў сацыяльнай сетцы «Аднакласнікі» на сваёй персанальнай старонцы ў адкрытым доступе размясціў фотавыяву Лукашэнкі з абразамі, а таксама апублікаваў выяву нацысцкай сімволікі ў колерах дзяржсцяга.
Суд пастанавіў “па сукупнасці злачынстваў” прызначыць канчатковае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін два гады з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах строгага рэжыму.