Мастака асудзілі да 4 гадоў калоніі за жаданне далучыцца да палка імя Каліноўскага і рэгістрацыю ў плане «Перамога»

У Мінскім гарадскім судзе 14 лістапада вынеслі прысуд 20-гадоваму палітзняволенаму мастаку і сіраце Андрэю Раптуновічу — чатыры гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

raptunovicz_2.jpg

Яго асудзілі за намер паехаць ва Украіну і далучыцца да батальёна Каліноўскага (ч. 1 арт. 13 арт. 361-3 Крымінальнага кодэкса), а таксама за рэгістрацыю ў плане «Перамога» (ч. 3 арт. 361-1 КК). Справу разглядаў Сяргей Хрыпач. Суд праходзіў у закрытым рэжыме, таму падрабязнасці судовага пасяджэння і пазіцыя палітвязня па справе невядомыя. Пад вартай хлопец утрымліваецца ўжо больш за шэсць месяцаў.
Андрэй — мастак, які выкладаў у цэнтры дадатковай адукацыі ў Мінску. Яго затрымалі 16 траўня 2022 года — на праўладных тэлеграм-каналах з'явілася «пакаяльнае» відэа з ім, дзе ён кажа пра ўдзел у акцыях пратэсту і рэгістрацыю ў плане «Перамога» і боце батальёна:
«У 2020 годзе я хадзіў на несанкцыянаваныя мітынгі. Я перайшоў па спасылцы ў план «Перамога» і там пачаў рэгістрацыю. У батальён Кастуся Каліноўскага таксама перайшоў па спасылках і зарэгістраваўся. Я хацеў падтрымаць украінскіх нацыстаў, у чым вельмі моцна раскайваюся», — тлумачыў ён прычыну затрымання.
Пазней «Белта» апублікавала з мінчуком відэа, дзе ён распавядае, як рэгістраваўся для ўступлення ў полк Кастуся Каліноўскага:
«Я напісаў ім паведамленне, коратка, што я такі і такі, хачу да вас уступіць — што мне для гэтага зрабіць трэба і як да вас дабрацца?».
Як распавядае мінчук, паводле плану ён павінен быў прыехаць у Польшчу на аўтобусе, пасля чаго ён чакаў бы далейшых інструкцый з чата, з якім ён звязваўся. Цяпер, пасля затрымання ГУБАЗіКам, сваё стаўленне да палка Каліноўскага ён ахарактарызаваў як негатыўнае.
Адразу хлопца арыштавалі да 14 сутак паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў), ён павінен быў выйсці на волю 29 траўня, аднак на яго склалі новы пратакол. Тады Андрэю прысудзілі яшчэ 15 сутак арышту па арт. 19.1 КаАП (дробнае хуліганства) — нібыта ён размахваў рукамі і нецэнзурна лаяўся. Пасля гэтага хлопцу прад'явілі абвінавачванне паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч. 3 арт. 361-1 (удзел у экстрэмісцкім фарміраванні); ч.1 арт. 13 арт. 361-3 (падрыхтоўка да ўдзелу грамадзяніна Рэспублікі Беларусь на тэрыторыі замежнай дзяржавы ў ваенных дзеяннях без упаўнаважання дзяржавы).
Следчы камітэт сцвярджаў, што малады чалавек збіраўся паехаць ва Украіну і далучыцца да палка Каліноўскага. Для гэтага ён у адным з тэматычных тэлеграм-каналаў прайшоў рэгістрацыю і паведаміў адміністратару аб гатоўнасці «па першым сігнале ўзяць зброю ў рукі». Таксама ён нібыта ўступіў у «мабілізацыйны план «Перамога», звязваўся з яго адміністратарамі, «прапаноўваў свае паслугі і выказваў імкненне да здзяйснення супрацьпраўных дзеянняў».
Паводле матэрыялаў справы, Раптуновіч у перыяд з верасня 2021 года па травень 2022 года, знаходзячыся ў горадзе Мінску, «уваходзіў у склад экстрэмісцкага фарміравання, створанага адным з Telegram-каналаў».
«Захоўваючы свой удзел у гэтым фарміраванні, ён сістэматычна знаёміўся з рознымі экстрэмісцкімі матэрыяламі ў месенджар Telegram, а таксама вёў перапіску, прадстаўляў інфармацыю аб сабе і здзяйсняў іншыя дзеянні з мэтай прыняць удзел ва ўзброеным фарміраванні і ваенных дзеяннях на тэрыторыі замежнай дзяржавы», — гаворыцца ў абвінавачванні.
Падтрымайце палітвязня грашовымі пераводамі, пасылкамі, тэлеграмамі: СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2, Андрэй Сяргеевіч Раптуновіч