Хронікі рэпрэсій у Беларусі за 14 лістапада
Сабралі галоўнае, што адбылося сёння ўнутры краіны.

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева
Правааабронца Наста Лойка не выйшла на волю пасля арышту, ёй прысудзілі чарговыя 15 сутак. На судзе Наста заявіла пра катаванні: супрацоўнікі ГУБАЗіКа білі яе электрашокерам, а ў ЦІПе дзяўчыну трымалі без верхняй вопраткі 8 гадзін ва ўнутраным дворыку.
4 гады калоніі агульнага рэжыму Мінскі гарадскі суд прысудзіў 20-гадоваму палітзняволенаму мастаку Андрэю Раптуновічу. Падставай сталі нібыта рэгістрацыя ў «Плане "Перамога"» і чат-боце палка Каліноўскага.
Сёння прайшлі ператрусы ў сябраў «Саюза палякаў Беларусі». Раніцай стала вядома, што ўлады ліквідуюць ТАА «Клерыгата», якая нібыта незаконна ажыццяўляла дзейнасць «Саюза палякаў».
Палітзняволенаму Алесю Пушкіну ўзмоцнілі рэжым: яго пераводзяць з калоніі ў турму на 1,5 года. Такое рашэнне 11 лістапада прыняў суддзя Івацэвіцкага раёна Аляксандр Кірыловіч.
МУС абнавіла «экстрэмісцкі» спіс, дадаўшы туды ажно 70 прозвішчаў адразу. Цяпер у гэтым спісе 1784 прозвішчы, пераважная большасць гэтых людзей адбываюць пакаранне.
ГУБАЗіК затрымаў Tik-Tok-блогерку Антаніну Валькову, якая спявала песні па-беларуску. З ёю знялі ганебнае «пакаяльнае відэа», у якім сілавік пытае пра сексуальную арыентацыю дзяўчыны.
Палітзняволенага журналіста, аўтара «Новага Часу» Дзяніса Івашына 10 дзён не выпускаюць з карцара. Паколькі ён не выйшаў пасля 7-суткавага пакарання, значыць, яму «накінулі» новыя «суткі» ў карцары, робіць выснову жонка журналіста Вольга Івашына.
Праз 10 сутак арышту не выйшла на волю Вольга Анішчук, жонка палітвязня Арцёма Анішчука. З ёю знялі «пакаяльнае відэа», у якім Вольга гаворыць, што «была падпісаная на "экстрэмісцкія каналы" і рабіла з іх рэпосты».
У шосты раз арыштавалі святара Валянціна Багамольнікава, яму зноў прысудзілі 15 сутак. Агулам Багамольнікаў правёз за кратамі ўжо 75 дзён. Нагадаем, ён аб'яўляў галадоўку ў падтрымку палітвязня Ігара Лосіка і служыў паніхіду па забітым Раману Бандарэнку.
Не выпусцілі на волю і музыкаў з гурта «Tor Band». Праз 15 сутак адміністрацыйнага арышту няма ніякай інфармацыі пра тое, дзе ўтрымліваюцца музыкі, а таксама іх жонкі і фатограф, які здымаў для гурта кліп.
Гомельскі абласны суд 4 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму прысудзіў Юрыю Трапачову. Прысуд агучыў суддзя Алег Харошка. Памочніка машыніста з Гомеля абвінавацілі па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэкса.
Сілавікі схапілі жыхара вёскі Зябраўка Гомельскага раёна Яўгена Глушкова. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, мужчыну падазраюць у шпіянажы на карысць Украіны. Цяпер мужчына знаходзіцца ў гомельскім СІЗА №3.
Праваабаронцы «Вясны» прызнаюць палітвязнямі 1421 чалавека, ініцыятыва «Dissidentby» налічвае ў краіне 1705 палітычных зняволеных, у тым ліку 205 жанчын і 7 непаўнагадовых. 13 палітвязняў былі адпраўленыя на прымусовае лячэнне, паведамляе ініцыятыва.