Мінінфармацыі пазбавіла рэгістрацыі газету «Беларусы і рынак»
Мінінфарм Беларусі загадам ад 1 снежня 2022 года ануляваў пасведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі газеты «Беларусы і рынак».
«У загадзе ўтрымліваецца патрабаванне выключыць з дзяржаўнага рэестра сродкаў масавай інфармацыі газету «Беларусы і рынак», а таксама прадпісваецца сектару рэгістрацыі СМІ і кантролю за выкананнем заканадаўства прыняць меры па рэалізацыі загаду», — паведаміў былы галоўны рэдактар выдання Андрэй Александровіч, перадае АФН.
«На падставе загаду рэдакцыя спыняе працу па выпуску друкаванай версіі газеты», — адзначыў Александровіч.
Падставай для спынення выпуску газеты былы галоўрэд указаў падпункт 2.8 пункта 2 артыкула 15 Закона «Аб сродках масавай інфармацыі». Хутчэй за ўсё, гаворка ідзе ўсё-такі пра артыкул 16 «Прызнанне дзяржаўнай рэгістрацыі сродку масавай інфармацыі несапраўднай. Ануляванне пасведчання аб дзяржаўнай рэгістрацыі сродку масавай інфармацыі».
«2.8. акцыямі, доляй (долямі) у статутным фондзе юрыдычнай асобы — камерцыйнай арганізацыі, на якую ўскладзены функцыі рэдакцыі сродку масавай інфармацыі, у памеры 20 і больш працэнтаў прама ці ўскосна (праз іншыя арганізацыі і (або) фізічных асоб) валодаюць кожны паасобку або ў сукупнасці замежная дзяржава, замежная і (або) міжнародная юрыдычная асоба (арганізацыя, якая не з'яўляецца юрыдычнай асобай), замежны грамадзянін, асоба без грамадзянства, юрыдычная асоба, доля замежнага ўдзелу ў статутным фондзе якога складае 20 і больш працэнтаў, за выключэннем выпадкаў, калі функцыі рэдакцыі сродку масавай інфармацыі ўскладзены на камерцыйную арганізацыю, заснавальнікамі якой з'яўляюцца замежныя дзяржавы сумесна з Рэспублікай Беларусь», напісана ва ўказаным пункце.
Гэта значыць, у сваіх дзеяннях Мінінфарм спасылаецца на тое, што замежнаму ўласніку выдання належыць больш за 20% акцый.
Нагадаем, што раней газета «Беларусы і рынак» заявіла аб прыпыненні выхаду на 33-м годзе існавання, выданне не было ўключана ў каталог «Белпошты» на першую палову 2023 года. Але рэдакцыя спадзявалася аднавіць выпуск у другім паўгоддзі.
Штомесячнік «Беларусы і рынак» здолеў захавацца пасля масавых рэпрэсій супраць недзяржаўных СМІ. Аднак адчуваў сур'ёзныя фінансавыя цяжкасці. З траўня за кратамі знаходзіцца дырэктар «БР» Канстанцін Залатых, сайт газеты ў Беларусі заблакіраваны.
Пасля выбараў 2020 года рэжым Лукашэнкі амаль цалкам вынішчыў у Беларусі сегмент недзяржаўных медыя. Іх сайты былі заблакіраваны, друкаваныя версіі перасталі выходзіць, 32 прадстаўнікі СМІ зараз за кратамі, а самі рэдакцыі амаль скрозь прызнаны «экстрэмісцкімі» і вымушаны працаваць з-за мяжы.