Нават беларусаў па нараджэнні змогуць пазбаўляць грамадзянства за ўдзел у экстрэмісцкім фарміраванні

У Беларусі Палата прадстаўнікоў адразу ў двух чытаннях прыняла папраўкі ў закон «Аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусь», што дазваляюць пазбаўляць грамадзянства асоб, якіх суд прызнае ўдзельнікам экстрэмісцкага фарміравання.

_zabarona___kraina___belarus___minsk__fota_dzmitryja_dzmitryeva_novy_czas__1__logo.jpg

14 снежня ў Палаце прадстаўнікоў адразу ў двух чытаннях прынялі законапраект, які змяняе «Закон аб грамадзянстве» ў Беларусі: цяпер ён дазваляе пазбаўляць грамадзянства.

Страціць грамадзянства можна на падставе рашэння беларускага суда аб тым, што чалавек удзельнічаў у экстрэмісцкай дзейнасці або «прычыніў цяжкую шкоду» інтарэсам Беларусі. Пазбаўляць пашпартоў будуць тых, хто знаходзіцца за мяжой.

У паведамленні Палаты прадстаўнікоў гаворыцца пра з'яўленне «новай падставы для страты грамадзянства — у сувязі з наяўнасцю прысуду суда Рэспублікі Беларусь, які ўступіў у законную сілу і пацвярджае ўдзел асобы ў экстрэмісцкай дзейнасці або прычыненне ёй цяжкай шкоды інтарэсам Рэспублікі Беларусь, калі такая асоба знаходзіцца за межамі Рэспублікі Беларусь».

Закон дазваляе пазбаўляць грамадзянства беларусаў па нараджэнні. Гэта вельмі рэдкая ў свеце практыка. Ва ўсім Еўрапейскім рэгіёне яе ўжывалі толькі ў СССР, адзначае «Нямецкая хваля».


Што яшчэ новага ў законе?

Беларусы цяпер абавязаны апавяшчаць «кампетэнтныя органы» пра наяўнасць іншага грамадзянства, ВНЖ або «іншага дакумента замежнай дзяржавы, які дае права на льготы і іншыя перавагі ў сувязі з палітычнымі, рэлігійнымі поглядамі або нацыянальнай прыналежнасцю».

Чалавек, які прымае грамадзянства Беларусі, абавязаны прыносіць прысягу, інакш рашэнне, па якім яму даецца грамадзянства, могуць і адмяніць.

З 6 месяцаў да года павялічваецца тэрмін разгляду заяў пра выхад з грамадзянства Беларусі.