294-ты дзень вайны. Аналітыкі разважаюць пра небяспеку ўварвання з Беларусі

Расійскія войскі працягваюць наносіць удары па тэрыторыі Украіны — па тых мясцінах, куды яны могуць дацягнуцца. А эксперты не пакінулі без увагі «раптоўную праверку» войскаў у Беларусі.

lwojen2yi34tjww23sfdniedya.webp


Мэр Кіева Клічко паведаміў, што да 7:25 паводле мясцовага часу раніцы 14 снежня ў Кіеўскай вобласці і над украінскай сталіцай сілы СПА збілі 10 дронаў-«шахедаў».

Кіраўнік Жытомірскай абласной вайсковай адміністрацыі Віталь Бунечка папярэдзіў, што магчымая другая хваля атакі беспілотнікаў.

Расійскія акупанты ў ноч на 14 снежня нанеслі ўдары з «Градаў», «Ураганаў» і цяжкай артылерыі па Нікапальскім раёне Днепрапятроўскай вобласці, паведаміў кіраўнік Днепрапятроўскай вобласці Валянцін Разнічэнка. «Трымалі пад прыцэлам два гарады — Нікапаль і Марганец. Накіравалі на жылыя кварталы больш за 50 снарадаў», — адзначыў чыноўнік. Абышлося без ахвяр.

У ранішняй зводцы Генштаба УСУ паведамляецца, што за мінулыя суткі расійскія войскі нанеслі адзін авіяцыйны і 11 ракетных удараў па Украіне, тры з якіх — па грамадзянскай інфраструктуры.

Украінскія вайскоўцы стрымліваюць напады расійскіх войскаў. У аўторак былі спынены спробы наступу ў Харкаўскай, Луганскай і Данецкай абласцях.

Эксперты амерыканскага Інстытута вывучэння вайны (ISW) адзначаюць: імавернасць таго, што Беларусь нападзе на Украіну нягледзячы на раптоўную праверку беларускай вайсковай гатоўнасці 13 снежня з'яўляецца нізкай. У справаздачы нагадалі, што Лукашэнка загадаў правесці раптоўную ўсебаковую праверку боегатоўнасці беларускіх узброеных сіл.

Аднак, мяркуючы па ўсім, вучэнні не служаць прыкрыццём для засяроджвання беларускіх і/або расійскіх сіл паблізу плацдармаў для ўварвання ва Украіну. Але войскі актыўна выконваюць задачы, пастаўленыя ў рамках вучэнняў. Беларускія сілы перакінулі 25 БТР-80 і 30 грузавікоў з асабовым складам у напрамку Маларыты. Таксама расійскія танкі Т-80 былі перакінуты з Абуз-Лясноўскага на Берасцейскі палігон (прыкладна за 30 км ад беларуска-ўкраінскай мяжы) 12 снежня.

13 снежня РФ перакінула тры перахопнікі МІГ-31К на беларускі аэрадром у Мачулішчах.

Тое, што адбываецца, верагодна, з'яўляецца часткай бягучых расійскіх інфармацыйных аперацый, якія прадугледжваюць, што беларускія сухапутныя войскі могуць далучыцца да расійскага ўварвання ва Украіну. Аднак уключэнне Беларусі ў наступальную вайну малаверагодна, лічаць у ISW.

Генштаб УСУ таксама пацвердзіў 13 снежня, што сітуацыя на поўначы Украіны паблізу Беларусі істотна не змянілася і што ўкраінскія ўлады дагэтуль не выявілі расійскія сілы, якія фарміруюць ударныя групы ў Беларусі.

У Дзяржаўнай памежнай службе Украіны паведамілі, што сітуацыя на мяжы з Беларуссю знаходзіцца пад кантролем нягледзячы на нядаўнія беларускія праверкі боегатоўнасці.

У Міністэрстве абароны ЗША сочаць за сітуацыяй з Беларуссю, Пентагон вывучае перамяшчэнне ваенных калон у напрамку ўкраінскай мяжы ў Беларусі, заявіў прэс-сакратар Мінабароны ЗША генерал Пэт Райдэр.

Паводле яго слоў, цяпер Пентагон не прадбачыць магчымай эскалацыі вайны або паўторнага ўварвання з непасрэдным удзелам беларускіх войскаў. Аднак канкрэтныя даныя Райдэр не стаў выдаваць. «Мы працягваем уважліва сачыць за сітуацыяй у рэгіёне, уключаючы дзейнасць у Беларусі. Я не хачу ўдавацца ў канкрэтныя выведвальныя даныя, але скажу, што, па нашай ацэнцы, прама зараз мы не бачым якой-небудзь трансгранічнай актыўнасці з боку Беларусі», — адзначыў прэс-сакратар Пентагона.

Нагадаем, Узброеныя сілы Беларусі 13 снежня пачалі раптоўную праверку баявой гатоўнасці войскаў. У апошні раз падобная праверка абвяшчалася ўладамі РБ 11 кастрычніка 2022 года.

Тым часам выданне «The Insider» са спасылкай на ўласныя крыніцы піша пра тое, што ў Крамлі рыхтуюць масавыя адстаўкі чыноўнікаў, якія адказвалі за замежную палітыку Расіі. Некаторых, нібыта, спішуць па ўзросце, а кагосьці выганяць па зневажальных прычынах.

Звольніць збіраюцца 75-гадовага Юрыя Ушакова, які павінен быў выйсці на пенсію яшчэ 5 гадоў таму. Ён практычна не з'яўляецца на працы, хоць асабіста курыруе ўсю знешнюю палітыку. Ушакова недалюблівае міністр замежных спраў РФ Сяргей Лаўроў, але гэта не галоўная прычына рашэння адправіць яго на адпачынак разам з усёй камандай.

У кар'еры Ушакова было шмат правалаў. Напрыклад, яго памочнік зліваў сакрэтныя даныя ЦРУ, а затым схаваўся на Захадзе. Ён таксама браў удзел у падрыхтоўцы ўльтыматуму НАТА і ЗША па гарантыях непашырэння. Акрамя таго, у траўні ён займаўся перамовамі паміж Украінай і Расіяй па спыненні вайны.

Сваю пасаду можа пакінуць Філіп Ільічоў, якога называюць адказным за Афрыку і Ізраіль. Сцвярджаецца, што ён не змог усталяваць дзелавыя адносіны з прэзідэнтам Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі і выцесніць з рынку Афрыкі ўкраінскую пшаніцу і кукурузу. Акрамя таго, ізраільцяне падтрымліваюць Украіну.

Таксама абмяркоўваецца адстаўка начальніка ўпраўлення прэзідэнта па міжрэгіянальных і культурных сувязях з замежнымі краінамі Ігара Маслава і яго намесніка Валерыя Максімава. У Крамлі разглядаецца нават поўная ліквідацыя гэтага падраздзялення.

Яго асноўнай задачай было ўмяшанне ў палітычнае жыццё краін СНД. Да прыкладу, на выбарах прэзідэнта Малдовы ў 2021 годзе Маслаў каардынаваў працу штабоў стаўленіка Масквы Ігара Дадона. І хоць ён прадказаў яму бліскучую перамогу, выбары выйграла праеўрапейская Мая Санду.

Максімаў курыруе Закаўказзе, дзе таксама не ў захапленні ад развязанай Расіяй шырокамаштабнай вайны ва Украіне.

Паводле ВВС; Карэспандэнт; РБК-Україна; Obozrevatel