Дзяўчыне разарвала твар бомбай. Але лекары змаглі аднавіць яго!

На пачатку вайны 19-гадовая Таццяна Хаменка патрапіла пад абстрэл расійскай авіяцыяй сяла Небяліца ў Кіеўскай вобласці. Бомба выбухнула ля летняй кухні, на якой снедала сям'я. Аскепкі моцна паранілі твар Таццяны, першы час маці дзяўчыны забараняла ёй глядзець на сябе ў люстэрка. Некаторыя знаёмыя кпілі з яе, а жаніх сышоў да іншай. Маналог дзяўчыны прыводзіць «Wonderzine»

Таццяна Хаменка. Фота Wonderzine

Таццяна Хаменка. Фота Wonderzine

«Першыя дні вайны я правяла ў сутарэнні дома»

Вайну я сустрэла ў Кіеве, у сваёй арандаванай кватэры недалёк ад станцыі метро «Ніўкі». Тады я працавала менеджарам у кансалтынгавай кампаніі. Я нарадзілася ў вёсцы Небяліца ў Кіеўскай вобласці. Калі пачула выбухі 24 лютага, мне захацелася дахаты, да сям'і. Але мой малады чалавек быў катэгарычна супраць таго, каб я пакідала Кіеў, так што наступныя два дні я правяла ў сутарэнні шматпавярховага дома на «Ніўках». Мой хлопец — вайсковец, таму раніцай першага дня поўнамаштабнай вайны ён ужо быў на службе. А я засталася адна.


26 лютага мне патэлефанаваў мой дзядзька і спытаў, ці не хачу я паехаць з ім на машыне ў Небяліцу дадому. Я зразумела, што мне вельмі цяжка самой, запасаў ежы і вады няма, грошай таксама няшмат. Я пагадзілася і ўжо ўвечары таго ж дня была ў бацькоўскай хаце. Апроч мяне там знаходзілася мама, мая старэйшая сястра, двое яе дзяцей — мая шасцігадовая пляменніца і трохгадовы пляменнік. Тата пайшоў у ваенкамат 24-га, добраахвотнікам.

У Небяліцы было трывожна, але адносна ціха. Час ад часу было чуваць баі, але недзе далёка. 26 лютага над нашым домам пачалі лятаць расійскія самалёты, з чырвонымі зоркамі на крылах. Выбухі былі чуваць усё бліжэй і бліжэй.

У той дзень я ўбачыла на відэа ў нейкім тэлеграм-канале калону расійскай тэхнікі, якая заязджала ў Макараў. Мясцовасць я пазнала па малюнку. Ужо ўвечары спалоханыя суседзі распавялі, што бачылі ў суседняй вёсцы, у Сытняках, «рашыстаў», што яны ўжо зайшлі туды. Упершыню за ўвесь час вайны я адчула страшную паніку і жах.

Пры гэтым я і ўявіць не магла, што яны будуць рабіць з мірным насельніцтвам у тых сёлах, якія трапілі пад расійскую акупацыю: расстрэлы, згвалтаванні, катаванні. Я разумела, што наўрад ці варта чакаць чагосьці добрага ад расійцаў, але не разумела, наколькі ўсё можа быць дрэнна.

27-га чысла велізарная калона ўжо стаяла ўздоўж трасы на ўездзе ў наша сяло. У паніцы я патэлефанавала на гарачую лінію Мінабароны, расказала аб тым, што ў Небяліцу едзе калона расійскай тэхнікі. Распавяла, што ведаю, пра што казалі суседзі, дала арыенціровачныя даныя па месцазнаходжанні. Магчыма, дзякуючы гэтаму званку нашы вайскоўцы падцягнуліся бліжэй да нашага сяла з другога боку. Яны не далі рашыстам прасунуцца далей. Завязаўся бой, наколькі я ведаю, расійцы крыху адступілі назад, а наш населены пункт фактычна апынуўся на першай лініі баёў, якія там, дарэчы, доўжыліся да красавіка.

«Іра памерла, я параненая, Марк, пляменнік, паранены»

Ноч з 27 на 28 сакавіка мы правялі ў сутарэнні і праспалі там да чатырох раніцы. У гэты час я пачула выбухі, працавала артылерыя, хутчэй за ўсё наша. Пляменнік сказаў маме, што ён хоча есці. Недзе а шостай раніцы мы выйшлі з сутарэння, пайшлі на летнюю кухню. Мама распаліла ў печы, і мы чакалі, пакуль разагрэецца ежа. Памятаю, яна казала нам, каб мы ў тэлефонах не сядзелі, бо электрычнасці не было і невядома, калі яна з'явіцца зноў.

Як толькі мы разагрэлі ежу, я пачула дзіўны гук. Я паспрабавала падняцца і пракрычаць, каб усе беглі ў сутарэнне, але не змагла.

Я не адразу зразумела, што патрапіла па нас, што я ўжо параненая, што сцяна разбурана. Я спрабую крычаць і паралельна чую, як крычыць маці: «Дзе дзеці, дзе дзеці? Выходзьце». Пляменніца крычыць «Дзе мама?», а яна ім у адказ: «Іры больш няма, Іра памерла». У гэты момант тэлефануе бацька, я яму кажу: «Іра памерла, я параненая, Марк, пляменнік, паранены».

Нейкі час мы спрабавалі выбрацца з будынка. Як аказалася пазней, гэта была авіябомба, якая ўпала проста каля сцяны кухні. Мы цудам засталіся жывыя. Усё сяло дзівіцца дагэтуль, што мы засталіся ў жывых. Я гуку выбуху нават не чула, чула толькі, як знесла сцяну, і адчула пах пораху. Праўду кажуць, што, калі прылёт «твой», яго не чуеш.

Пляменнік апынуўся пад цэглай, сястра Іра таксама. Праз некалькі хвілін прыехалі вайскоўцы і забралі нас. Найбольш цяжкія раненні атрымалі я і пляменнік. Цяпер з ім ужо ўсё ў парадку, але ён вельмі часта расказвае адну і тую ж гісторыю ўсім запар: «Я сеў есці з мамай, а бандыты расстралялі маю бульбу. Я быў пад цэглай, а мамы побач не было, маму вынеслі». Дзіцяці тры гады.

6o9uahak5uowgcv5feszkg.jpg


«З палаты прыбралі люстэрка, маці не дазваляла мне глядзець на сябе»

У лякарню мяне везлі вайскоўцы. Я ляжала з адкрытымі ранамі і памятаю, што ўсю дарогу даставала з сябе шкло. З вока, з ран на твары. Усю дарогу заставалася ў прытомнасці. Па прыездзе ў лякарню мне прамылі раны, і дзяжурны хірург, Аляксандр Карчыньскі, наклаў швы. Я вельмі ўдзячная гэтаму чалавеку, таму што ён мяне вельмі правільна і акуратна зашыў, што пазней пацвердзіў і пластычны хірург — Сяргей Каралюк — дабрачыннай праграмы NoScar. Калі мяне аперыравалі, у гэтым шпіталі выпадковым чынам апынуўся асістэнт доктара па пластычнай хірургіі Андрэй Васільеў. Ён распавёў мне аб гэтай ініцыятыве лекараў і дапамог патрапіць у праграму па выдаленні шнараў.
Праз дзевяць месяцаў лекары амаль цалкам аднавілі твар Таццяны.