«Венгрыя здымаецца з паўзы». Лукашэнка пачынае наладжваць сувязі з ЕС?
Калі афіцыйны візіт беларускага міністра замежных спраў меў неафіцыйную частку, цалкам сабе магчыма, што тым былі размовы не пра трактары, а пра тыя балючыя пытанні, якія не даюць рэжыму «перагарнуць старонку».
Фармальна візіт Сяргея Алейніка ў Будапешт — гэта візіт у адказ, таму што літаральна два месяцы таму Мінск сустракаў міністра замежных спраў і знешняга гандлю Венгрыі Петэра Сіярту. Адначасова гэта першы выезд кіраўніка МЗС Беларусі ў Еўрапейскі саюз пасля прэзідэнцкіх выбараў у жніўні 2020-га.
Змест паездкі Алейніка стварае ўражанне руціннага развіцця адносін, якім перашкаджаюць вайна і санкцыі, што несправядліва зваліліся на ні ў чым невінаваты афіцыйны Мінск, які клапоціцца пра народ, а не прэсуе яго. Адказнасць за агрэсію Расіі супраць Украіны Алейнік, паўтараючы падыход Лукашэнкі, публічна ўсклаў на ЗША. Вінаватымі ў санкцыях аказаліся еўрабюракраты, якія дзейнічаюць, паводле версіі галоўнага беларускага дыпламата, на шкоду інтарэсам уласных грамадзян і бізнесу, піша Павел Мацукевіч на «Пульсе Леніна-19».
Паколькі ўсё гэта прамаўлялася не ў Палацы Рэспублікі ў Мінску, а ў Будапешце, на тэрыторыі Еўрасаюза, то гучала, вядома, і як выклік, і пікантна. Здаецца, што такой рыторыкай будзе складана развярнуць да сябе Еўропу, калі толькі за зачыненымі дзвярыма і без камер не гаварылася нешта іншае.
Зрэшты, яшчэ нядаўна таксама складана было ўявіць сабе абмен візітамі такога ўзроўню з дзяржавай з ЕС. І ў гэтым сэнсе нядаўні прыезд Сіярты ў Мінск, а цяпер Алейніка ў Будапешт можна разглядаць як прарыў ізаляцыі Еўрапейскага Саюза.
Для яго быццам не было аніякай падставы з боку Мінска. Рэпрэсіі не спыняюцца, колькасць палітычных зняволеных дасягнула паўтары тысячы, а міралюбнасць, пра якую трубяць улады, зрываючы авацыі свайго фан-клуба, зусім не вяжацца з размяшчэннем ядзернай зброі і расійскімі салдатамі ў Беларусі.
Пасля прэзідэнцкіх выбараў у жніўні 2020 года ў адносінах з заходнімі краінамі былі прыпынены ўсе традыцыйныя механізмы ўзаемадзеяння: кансультацыі паміж МЗС, пасяджэнні разнастайных рабочых груп, міжурадавых камісій, дзелавых саветаў. Венгрыя здымаецца з паўзы, з ёй аднаўляецца працэс.
Заяўленай мэтай візіту кіраўніка МЗС Беларусі ў Будапешт якраз і быў удзел у працы 11-га пасяджэння міжурадавай камісіі па эканамічным супрацоўніцтве — на правах сустаршыні. Сустаршынёй камісіі з венгерскага боку з'яўляецца кіраўнік МЗС Петэр Сіярта.
Гандлёва-эканамічнае ўзаемадзеянне, на якім зроблены публічны акцэнт візіту Алейніка ў Будапешт, несумненна важнае. Лічбы не асабліва ўражваюць, але патэнцыял ёсць — і ёсць досвед сумесных праектаў: у прыватнасці, кааперацыя беларускага і венгерскага «Штадлераў» па выпуску двухпавярховых цягнікоў. У 2021 годзе таварны экспарт Беларусі ў Венгрыю дасягнуў 89 млн. долараў, за першае паўгоддзе 2022-га, паводле звестак Белстата, туды было прададзена тавараў на $37 млн.
Вядома, што ў Венгрыю пастаўлялася прадукцыя машынабудавання, дрэваапрацоўчай галіны, металургіі. У прыезд Алейніка ў Будапешт венгерскі бок агучыў планы адкрыцця ў Венгрыі зборачнай вытворчасці трактароў МТЗ, а таксама кааперацыі з удзелам венгерскай фармацэўтычнай і біятэхналагічнай кампаніі «Gedeon Richter».
Кіраўнікі МЗС Беларусі і Венгрыі правялі сустрэчу ў фармаце «сам-насам», і хочацца думаць, што там абмяркоўваліся не толькі трактары, але і адказнасць ЗША за вайну ва Украіне. Гандаль і інвестыцыі паміж Беларуссю і Венгрыяй моцна абмежаваны санкцыямі. Для таго, каб іх зняць ці хаця б змякчыць, красамоўства Сяргей Алейніка і згоды з ім Петэра Сіярты відавочна недастаткова. Ад афіцыйнага Мінска патрабуюцца дзеянні і крокі ў рэчышчы вядомых чаканняў не толькі Захаду, але і беларусаў. У такім выпадку, можа, атрымаецца праз Венгрыю зноў прасячы акно ў Еўропу.
Венгрыя ўваходзіць у Еўрапейскі Саюз, але вядзе сваю гульню, адрозную ад лініі ЕС у тым, што тычыцца адносін з Беларуссю і вайны, развязанай Расіяй. Будапешт падтрымаў увядзенне санкцый у дачыненні да Беларусі, але не адмовіў у акрэдытацыі амбасадара, прызначанага нелегітымным Лукашэнкам.
Рэагуючы на сітуацыю ў Беларусі і выхадкі рэжыму, ЕС зрабіў асноўную стаўку на санкцыйны ціск, але ён не прынёс жаданых вынікаў. Хутчэй наадварот — толькі пагоршыў сітуацыю ў плане ўзмацнення жорсткасці рэжыму і залежнасці Беларусі ад Расіі. Пуга не спрацавала.
Лінія перніка, якая праводзіцца Будапештам, таксама не застрахавана ад няўдачы — асабліва з улікам таго, у якой залежнасці аказаўся афіцыйны Мінск ад Крамля. Тым не менш, спробы Венгрыі знайсці паразуменне з Беларуссю і выйсці па-за межы санкцыйнай спіралі можна толькі вітаць, калі, вядома, яны датычацца вырашэння хвалюючых беларусаў пытанняў — а менавіта спынення рэпрэсій і выхаду на свабоду палітычных зняволеных.
Калі па гэтых пытаннях адбудуцца зрухі, дыялог Беларусі з Венгрыяй мае перспектывы пашырыцца на ўвесь Еўрапейскі Саюз. Калі ж не, то і беларуска-венгерскае супрацоўніцтва, і ўсе планы, нягледзячы на гучныя намаганні і магутныя патугі вядучых дыпламатаў, не будуць мець сур'ёзных перспектыў. Невядома, ці знойдуцца яшчэ краіны, якія жадаюць мець справу з Беларуссю праз кантакты з рэжымам, з-за якога краіна моцна затрымалася ў мінулым.