«Крэмль абламаў планы Лукашэнкі»
У сітуацыі «абложанай крэпасці», калі страчаныя буйныя рынкі, Лукашэнка моцна спадзяваўся на Кітай. Але выглядае на тое, што спадзевы не апраўдаліся. І вінаваты ў гэтым — «стратэгічны саюзнік».
Кітай і Расія абавязаліся не садзейнічаць распаўсюджанню ядзернай зброі па-за нацыянальныя межы. Але пасля падпісання дэкларацыі Пуцін заявіў, што тактычная ядзерная зброя будзе размешчаная ў Беларусі. Заходнія краіны выступілі з крытыкай. Кіраўнікі МЗС «Вялікай сямёркі» ў Японіі рашуча асудзілі пагрозы Масквы, назваўшы іх «непрымальнымі». Прэзідэнт Францыі заклікаў кіраўніка КНР прыняць меры. Ці зменіцца стаўленне Пекіна да Мінска, «Нямецкая хваля» спытала ў экспертаў.
Кітай — другі гандлёвы партнёр Беларусі
Палітолаг Роза Турарбекава адзначае, што пасля страты еўрапейскага і ўкраінскага рынкаў рэжым Лукашэнкі спрабуе выбудаваць іншую апору — кітайскі кірунак. «Каб Беларусь стала для Кітая транспартным калідорам у ЕС, партнёрам, на якога можна спадзявацца, — кажа экспертка. — А Пекін, у сваю чаргу, быў бы гарантам у замежнай палітыцы, нароўні з Крамлём. Нездарма нядаўні візіт Лукашэнкі ў Пекін быў растыражаваны прапагандай як найвышэйшае дасягненне».
Аднак планы па размяшчэнні ядзернай зброі могуць сапсаваць беларуска-кітайскія адносіны, лічыць палітолаг. Заява Пуціна супярэчыць дамоўленасцям, дасягнутым падчас візіту Сі Цзіньпіна ў Маскву. «Кітайцы вельмі адчувальныя ў такіх сітуацыях, для іх важна падтрымліваць імідж глабальнага актара, абаронцы каштоўнасцей ААН», — гаворыць Турарбекава.
На думку эксперткі, кітайскі бок можа весці перамовы па закрытых дыпламатычных каналах, у тым ліку трохбаковыя: «Пекін можа апрабаваць варыянты эканамічнага і палітычнага ціску на Мінск, і КНР гэта будзе каштаваць нядорага. На сёння Кітай — другі гандлёвы партнёр Беларусі, і з гэтым трэба лічыцца. Пры гэтым ключавыя перамовы, вядома, будуць паміж Пекінам і Масквой».
«Лукашэнка ў разгубленасці»
Лукашэнка, паводле слоў Турарбекавай, аказаўся ў няпростым становішчы: «Выглядае, што яго паставілі перад фактам аб размяшчэнні ядзернай зброі. Гэта гульня Пуціна, які на перамовах з Кітаем не атрымаў жаданага — паставак зброі», — мяркуе экспертка.
Кітайцам падабаецца антыамерыканская рыторыка Лукашэнкі, які заўсёды адчуваў, чым можа дагадзіць кітайскаму кіраўніцтву. Але ў Пекіне аддзяляюць рыторыку ад спраў, адзначае палітолаг. Кітайскі бізнес узважвае рызыкі і не разглядае тэрыторыю Беларусі ў якасці асноўнага гандлёвага шляху — праз санкцыі і вайну. Навіны пра ядзерную зброю пагаршаюць сітуацыю.
Генеральнай лініі, што рабіць у гэтай сітуацыі, у Лукашэнкі няма, мяркуе Роза Турарбекава, — «ён у разгубленасці». І прапаганда замерла: незадаволенасць Кітая спрабуюць ігнараваць — авось, рассмокчацца. «Лукашэнка толькі выплыў на ўзровень, што яго прымаюць не толькі ў Расіі, але і ў Кітаі, планы былі вялікія, але Крэмль іх абламаў», — кажа экспертка.
Што будзе з эканомікай?
Эканаміст Яраслаў Раманчук мяркуе, што Кітай згадвае пра Беларусь роўна тады і настолькі, колькі яна займае месцы ў яго гандлёвым абароце — 0,1%. Пры гэтым беларускія ўлады, называюць Кітай саюзнікам і роўным партнёрам.
Доля тавараў, якія Беларусь адпраўляе ў Кітай, сапраўды расце. У 2022 годзе — да 4,7% экспарту, годам раней было 2,2%. Прычына не толькі ў тым, што Кітай раптам рассмакаваў беларускія тавары — праз КНР яны могуць ісці на рынкі трэціх краін, тлумачаць аналітыкі праекта «Нашы грошы». Аднак вынік узаемнага гандлю ўсё роўна не на карысць Мінска: адмоўнае сальда ў 2022-м было блізкім да 1,5 млрд. долараў.
За дзесяць гадоў Кітай паставіў у Беларусь на 25 млрд. долараў тавараў больш, чым набыў. Беларусь можа нарошчваць аб'ёмы паставак сваіх тавараў у КНР, аднак гэта выкліча сустрэчны рост кітайскага імпарту. Па-першае, з Кітая будзе прыходзіць частка тавараў, якія раней пастаўляліся з закрытых на дадзены момант рынкаў. Па-другое, імпартазамяшчэнне запатрабуе новага абсталявання, якое, з высокай доляй верагоднасці, будзе менавіта кітайскім.
Раманчук адзначае, што Беларусь у асноўным выкарыстоўваецца як пастаўшчык угнаенняў, аднак з увядзеннем санкцый улады краіны закрылі статыстыку па імпарце, ацаніць аб'ёмы немагчыма: «Кітай выкарыстоўвае беларускі калій, каб зарабіць у рамках сваіх інвестыцыйных праграм пад дзяржгарантыі».
Пры гэтым эксперт дапускае, што ў будучыні тэрыторыю Беларусі могуць выкарыстоўваць для паставак вайскова-прамысловага комплексу РФ — «гэта добрае прыкрыццё ў рамках супрацоўніцтва паміж аўтарытарнымі рэжымамі».
Яраслаў Раманчук лічыць, што па ядзернай зброі Кітай будзе весці перамовы наўпрост з Масквой, закранаючы і эканамічныя пытанні. «Сі Цзіньпін разумее, што гэта гульня Пуціна, і Кітай, перш за ўсё, незадаволены Расіяй, — кажа эканаміст. — Беларусь знаходзіцца пад татальным кантролем расійскіх сілавікоў, і Кітай бачыць гэта. Так што з Лукашэнкам гаварыць няма пра што. Але прасоўваць вобраз "надзейнага партнёра" яму стане яшчэ складаней».