NATO: Расія яшчэ не перадала ядзерную зброю Беларусі
Генеральны сакратар NATO Енс Столтэнберг і намеснік дзяржсакратара ЗША Вэндзі Шэрман заявілі, што яны яшчэ не бачылі, каб Расія размяшчала тактычную ядзерную зброю ў Беларусі.
NATO яшчэ не бачыла «якіх-небудзь змяненняў у ядзернай пазіцыі Расіі, што патрабуюць якіх-небудзь змяненняў у нашай ядзернай пазіцыі», — заявіў Столтэнберг у відэазвароце да канферэнцыі NATO па кантролі над узбраеннямі, раззбраенні і нераспаўсюджанні зброі масавага знішчэння ў Вашынгтоне.
Столтэнберг сказаў, што пагроза разгортвання Масквой ядзернай зброі «з'яўляецца часткай мадэлі, якую мы назіраем на самай справе на працягу многіх гадоў — асабліва пасля ўварвання ва Украіну — небяспечнай і безадказнай ядзернай рыторыкі».
Са слоў Столтэнберга, NATO ўважліва сочыць за сітуацыяй, перадае АФН.
Шэрман паўтарыла каментары Столтэнберга. Яна сказала, што Расія яшчэ не перакінула зброю ў Беларусь, але назвала пагрозу «без сумневу небяспечнай эскалацыяй».
«Мы ўсе назіралі і непакоіліся, што Пуцін прыменіць тое, што ён лічыць нестратэгічнай тактычнай ядзернай зброяй, або зробіць нейкі дэманстрацыйны эфект для эскалацыі, але з кіраванай эскалацыяй рызыкі. Усе мы вельмі ўважліва сачылі за гэтым, і вельмі важна сачыць за гэтым», — сказала Шэрман.
«Я думаю, што ягоная заява аб адпраўцы ядзернай зброі ў Беларусь — гэта ягоная спроба выкарыстаць гэтую пагрозу кіраваным чынам», — дадала яна.