У ЗША арыштавалі беларуса: цяпер яму пагражае да 20 гадоў турмы за абыход санкцый супраць РФ

У ЗША арыштавалі грамадзяніна Беларусі Сяргея Карпушкіна: яго абвінавачваюць у абыходзе антырасійскіх санкцый на 150 мільёнаў долараў у інтарэсах бізнесоўца Сяргея Курчанкі. Пра гэта піша «Наст*ящее время» са спасылкай на амерыканскі Мінюст.

kraty_2.png

Калі Сяргея Карпушкіна прызнаюць вінаватым, яму пагражае да 20 гадоў турэмнага зняволення.

«46-гадовы Сяргей Карпушкін з Маямі, грамадзянін Беларусі, быў арыштаваны і абвінавачаны федэральным крымінальным судом ва ўдзеле ў схеме парушэння санкцый ЗША супраць алігарха Сяргея Курчанкі і дзвюх звязаных з ім кампаній шляхам куплі матэрыялаў для вытворчасці сталі на суму большую за 150 мільёнаў долараў», — гаворыцца ў прэс-рэлізе амерыканскага ведамства.

Паводле звестак Мінюста ЗША, Карпушкін і ягоны саўдзельнік, жыхар штата Фларыда Джон Унсалан, цягам трох гадоў удзельнічалі «ў схеме з мэтай абыходу амерыканскіх санкцый, уведзеных у дачыненні да алігарха Сяргея Курчанкі».

Следства мяркуе, што яны закупілі для дзвюх «звязаных з Курчанкам» кампаній сталеплавільныя матэрыялы на 150 мільёнаў долараў.

Сяргей Курчанка — грамадзянін Украіны. Пасля Еўрамайдану ён пераехаў у Беларусь, а затым у Маскву. Пры прэзідэнце Віктары Януковічу ён быў адным з найбагацейшых людзей Украіны і лічыўся адным з найбуйнейшых у краіне гандляроў вуглевадародамі.

Згодна з матэрыяламі абвінавачання, у 2015 годзе Курчанка падпаў пад санкцыі ўпраўлення па кантролі за замежнымі актывамі Міністэрства фінансаў ЗША за яго ролю ў незаконным прысваенні ўкраінскіх дзяржаўных актываў або эканамічна значных арганізацый.

Дзве кампаніі, якія патрапілі пад санкцыі (ТАА «Кампанія Газ-Альянс» (Газ-Альянс), зарэгістраваная ў Расіі, і ЗАТ «Знешгандальсэрвіс» (Знешгандальсэрвіс), зарэгістраваная ў непрызнанай Паўднёвай Асеціі), былі ўключаны ў санкцыйны спіс ЗША ў 2018 годзе за аказанне матэрыяльнай падтрымкі так званым «ДНР» і «ЛНР».