«Прыёрбанк» пазбавіўся банка-партнёра ў ЗША: што цяпер будзе з плацяжамі ў доларах?
«Ніхто не хоча адчуць на сабе лішнюю ўвагу амерыканскага рэгулятара», — так тлумачаць адмову амерыканскага «Citibank» супрацоўнічаць з беларускім «Прыёрбанкам».
З 15 траўня ў «Прыёрбанку» закрываецца карэспандэнцкі рахунак у амерыканскім «Citibank» у доларах ЗША. Гэта закране аперацыі юрыдычных асоб, якія выкарыстоўвалі «Citibank» для валютных плацяжоў. І што цяпер рабіць, высвятляў Myfin.
Крыніца ў «Прыёрбанку» патлумачыла, што банк на гэтым тыдні рассылае апавяшчэнні карпаратыўным кліентам, у якіх былі аперацыі ў доларах ЗША праз карэспандэнцкі рахунак у «Citibank». Кліентам прапануецца выбраць іншы варыянт правядзення плацяжоў.
На гэты момант у спісе карэспандэнцкіх рахункаў у доларах ЗША ў «Прыёрбанка» знаходзіцца 5 банкаў-партнёраў: кітайскі «Zhejiang Chouzhou Commercial Bank», два азербайджанскія («Kapital Bank» і «International Bank of Azerbaijan»), армянскі «Ardshinbank» і казахстанскі «Bank CenterCredit». Аднак аперацыі ў доларах праз гэтыя банкі звязаны шэрагам абмежаванняў: кітайскі банк праводзіць плацяжы толькі для атрымальнікаў з КНР, а астатнія чатыры банкі — толькі на карысць кліентаў банка-карэспандэнта.
Са слоў крыніцы, пастанова амерыканскага банка звязана з дзеючымі санкцыйнымі абмежаваннямі ў дачыненні да расійскіх і беларускіх банкаў.
«Ніхто не хоча адчуць на сабе лішнюю ўвагу амерыканскага рэгулятара, дый доля аперацый з беларускімі банкамі ў абароце мізэрная. Таму амерыканскія банкі на ўсялякі выпадак пазбягаюць працаваць з беларускімі фінансавымі ўстановамі. Нават калі банк не ўнесены ў санкцыйны спіс», — патлумачыла крыніца.
Нагадаем, у красавіку 2022-га карэспандэнцкага рахунку ў «Citibank» пазбавіўся беларускі «Альфа-Банк», што таксама прывяло да шэрагу абмежаванняў у працы банка, у тым ліку прыпынення SWIFT-пераводаў у доларах ЗША.