Банкіры ў шоку: стваральніку Прыёрбанка далі тры з паловай гады калоніі. Справа палітычная?
Сяргея Касцючэнку судзілі па 243 артыкуле КК — ухіленне ад сплаты падаткаў. Разам з Касцючэнкам асудзілі яшчэ двух бізнесменаў. Дасведчаныя людзі кажуць, што ніякага ўхілення ад сплаты падаткаў не было — банкір карыстаўся звыклай для ўсіх схемай пенсійнага назапашвання.
А таму судовае рашэнне ў банкаўскіх колах ацэньваецца як нечаканае і палітычнае, піша «Наша Н*ва».
Шматгадовага кіраўніка Прыёрбанка затрымалі напачатку сакавіка, пасля ягонага вяртання з Аўстрыі, дзе Касцючэнка пастаянна пражывае.
«Запрасілі ў КДБ і не выпусцілі», — казалі нам яго калегі.
Спачатку ў банкаўскай сферы лічылі, што справа Касцючэнкі звязана з адной з ІТ-кампаній, дзе ён сузаснавальнік.
Пазней стала вядома, што асноўныя прэтэнзіі ляжаць у галіне «сыходу ад падаткаў».
Фармальна, пытанні ў сілавікоў выклікала легальная схема ашчаджэння на падатках з дапамогай сістэмы назапашвальнага страхавання «Прыёрлайф», якой карысталіся банкіры для вываду дывідэндаў без выплаты падаходнага.
«Гэта распаўсюджанае ў свеце назапашвальнае страхаванне. Сэнс яго ў тым, што ты прыносіш грошы кампаніі, якая вельмі кансерватыўна распараджаецца сродкамі, — класічны пенсійны фонд. Яна абяцае табе даходнасць па праходжанні пэўнага часу, ад некалькіх гадоў. Калі гаворым пра пенсію, то па дасягненні гэтак званага «ўзросту дажывання».
Пры ўводзе грошай у гэтую сістэму страхавання табе не трэба плаціць з гэтага падаткі — так рабілі многія банкіры, пералічваючы туды дывідэнды ад работы ў банку. Гэтым карыстаюцца не толькі банкіры. Вельмі падобная схема пры аплаце адукацыі ці нечага такога — існуе падатковае спісанне», — лічаць нашы суразмоўцы з банкаўскай сферы.
«Многія банкі рабілі праграмы па заахвочванні супрацоўнікаў і менеджараў. Маўляў, ты класна працуеш, і калі будзеш працягваць гэтак жа, то мы кожны год будзем класці табе на ашчаджальнае страхаванне нейкую суму, заключым дамову на 10 год, і калі ты адпрацуеш 10 год, то табе ў адзін дзень будзе выплачана, умоўна, 20 тысяч долараў. Гэта распаўсюджаная і, падкрэслю, легальная схема. Такім карысталіся дзясяткі, сотні тысяч людзей, усіх судзіць?» — кажуць нам банкіры.
Насамрэч, сыходзяцца людзі з банкаў, з якімі гаварыла «Наша Н*ва», у справе Касцючэнкі замяшаная палітыка.
Ходзяць чуткі, што незадоўга перад арыштам ён адмовіў фаварыту Лукашэнкі, хакейнаму трэнеру Дзмітрыю Баскаву, у просьбе фінансаваць хакейнае «Дынама».
Акрамя таго, мы чулі ад супрацоўнікаў Прыёрбанка версію, што, да таго ж, у віну Касцючэнку паставілі кантакты з Паўлам Латушкам.
«Нібыта, на тэлефоне Касцючэнкі знайшліся званкі ці то Латушку, ці то ад Латушкі. Але калі яны і гаварылі, то мы ж не ведаем пра што», — сказаў «Нашай Н*ве» суразмоўца.
Мы запыталі ў Паўла Латушкі, што ён можа сказаць пра гэта.
«Як міністр культуры, я ведаў многіх кіраўнікоў банкаў і кантактаваў з імі: з Бабарыкам, Калаўрам, Касцючэнкам, Мацюшэўскім і многімі іншымі. Што я магу быць у іх спісах кантактаў — адназначна. Але пасля 2020 года я з Касцючэнкам не камунікаваў», — сказаў Латушка, дапусціўшы, што гэта ўкіды спецслужбаў.
«У любым выпадку, тут дадалося нешта асабістае, бо Лукашэнка Касцючэнку ведае вельмі даўно, гэта вельмі паважаная фігура ў Беларусі. Калі ў разгар банкаўскага крызісу саджаюць кіраўніка аднаго з самых устойлівых банкаў, то тут адчуваецца, што справа не ва ўхіленні ад падаткаў», — лічыць наш суразмоўца са сферы.
У розныя годы рэйтынг «Ежедневника» ставіў Касцючэнку ў лік дваццаці самых уплывовых бізнэсоўцаў краіны.
Свой Прыёрбанк 56-гадовы ўраджэнец Вішнева Валожынскага раёна Сяргей Касцючэнка стварыў у 1989 годзе. Банк стаў адным з лідараў банкаўскай сферы Беларусі, долю ў ім выкупіў аўстрыйскі Райфайзэн.
Касцючэнка лічыцца хросным бацькам многіх дзяржаўных і прыватных бізнесаў, якім даваў грошы на развіццё, маючы талент выяўляць тыя праекты, якія адназначна стрэляць.
Судзілі Касцючэнку ў Мінскім гарадскім судзе па 243 артыкуле КК у ч.2 старой рэдакцыі і ч. 1 новай рэдакцыі.
Суддзя — Святлана Бандарэнка, якая адправіла ў калонію журналістку Кацярыну Барысевіч па справе «нуль праміле».
Вядома, што па справе таксама праходзіў бізнэсмен Аляксандр Мукавозчык і фігуравалі кампаніі «Вэбпэй» і «Байтэхсервіс».