«Сакрэтныя» звесткі: у беларускага бюджэту — істотныя праблемы
Нядаўна Мінфін схаваў інфармацыю аб выкананні бюджэту-2022, цяпер прадметна гаварыць пра стан казны стала складаней. Але нейкія звесткі можна знайсці ў іншых ведамстваў, напрыклад, у Міністэрства па падатках і зборах.
З іх вынікае, што відавочным вынікам пагаршэння стану эканомікі становяцца праблемы ў бюджэтнай сферы.
Звесткі аб паступленнях у кансалідаваны бюджэт за студзень-чэрвень бягучага года ў частцы сродкаў, якія кантралююцца падатковымі органамі, сведчыць, што спад аб'ёму паступленняў ужо адбыўся, піша тэлеграм-канал «Нашы Грошы».
Так, паступленні ў кансалідаваны бюджэт ад Гомельскай вобласці за першае паўгоддзе 2022 года апынуліся на 4% ніжэй аналагічных за мінулы год, у Гродзенскай вобласці зніжэнне склала 6%. Дадайце да гэтага інфляцыю 17,6% — і атрымаецца спад больш чым на 20% у рэальным выражэнні. Дарэчы, месяцам раней негатыўная дынаміка назіралася толькі ў Гродне.
У цэлым, даходы кансалідаванага бюджэту ў частцы паступленняў, якія кантралююцца падатковымі органамі, склалі 16,2 млрд рублёў за студзень-чэрвень 2022 года. Намінальна гэта на 7% вышэй, чым за першае паўгоддзе 2021 года, аднак з улікам інфляцыі ў рэальнасці адбылася прасадка прыкладна на 10%.
Адзіны рэгіён, дзе намінальны рост падатковых паступленняў перавысіў узровень інфляцыі — Мінская вобласць. Тут рост склаў 23%, то-бок паступленні абганяюць інфляцыю і растуць у рэальным выражэнні прыкладна на 5%. Іншыя вобласці і Мінск прадэманстравалі зніжэнне плацяжоў у бюджэт у рэальным выражэнні. А значыць, магчымасці бюджэту па кампенсацыі насельніцтву і прадпрыемствам высокіх тэмпаў росту цэн мінімальныя.
Мацней за ўсё цяпер падае напаўняльнасць рэспубліканскага бюджэту. Некаторыя рэгіёны папоўнілі яго за першае паўгоддзе 2022 годзе ўдвая менш, чым за студзень-чэрвень мінулага года. Гэта заканамерны вынік санкцыйнага ціску, які абмяжоўвае знешнеэканамічную дзейнасць, даходы ад якой цалкам ідуць у рэспубліканскі бюджэт.
Зніжэнне даходаў рэспубліканскага бюджэту, у сваю чаргу, будзе адбівацца на магчымасцях падтрымкі бюджэтаў мясцовых. А яны ў большасці сваім хранічна дэфіцытныя, і год ад году патрабуюць усё большай падтрымкі. У апошнія гады бюджэты базавага ўзроўню забяспечвалі сябе самі прыкладна на 75%, астатняе — наўпроставая грашовая падтрымка з вышэйстаячых бюджэтаў.
Выключэннем тут з'яўляецца толькі бюджэт горада Мінска, які не толькі забяспечвае сябе сам, але і штогод пералічвае частку сваіх даходаў у рэспубліканскі бюджэт. Аднак зараз і ў сталіцы бізнес зніжае абароты — часам нават хутчэй, чым у рэгіёнах. У другім паўгоддзі карціна з даходамі бюджэту можа апынуцца яшчэ горш.
А значыць, пра павышэнне заробкаў бюджэтнікам давядзецца забыцца. Альбо прыйдзецца ўключаць друкарскі станок і напампоўваць эканоміку «пустымі» грашыма, разганяючы інфляцыю.