Леў Марголін: Значная частка насельніцтва Беларусі знаходзіцца за рысай беднасці
З першага жніўня ў Беларусі павялічыўся бюджэт пражыткавага мінімуму. Ён складзе 328,5 рублёў. У параўнанні з папярэднім значэннем паказчык вырас на 5,6%. Але як вылічваецца гэты бюджэт, на што ён уплывае, і ці будзе ад павелічэння вялікая карысць?
Эканаміст, чалец палітрады Аб'яднанай грамадзянскай партыі Леў Марголін паразважаў у інтэрв'ю Філіну пра тое, ці можна выжыць у Беларусі на гэты бюджэт.
— Як вы лічыце, ці дастаткова памеру БПМ для таго, каб выжыць у Беларусі сёння?
— Складанае пытанне. Кожны чалавек сам вымярае колькі яму трэба, каб выжыць, і большасць на такія грошы не жыве. Напэўна, пражыць складана.
Хоць у разліку бюджэту пражытачнага мінімуму таксама ёсць свае нюансы. Пры яго фарміраванні, вядома, бяруць самыя распаўсюджаныя, самыя танныя прадукты.
Можна купіць, умоўна кажучы, на гэты БПМ 50 кілаграмаў бульбы на месяц, 10 кіло макароны, яшчэ нейкіх круп, алей, цукар, соль — глядзіш, і можна пражыць месяц.
Вядома, не патаўсцееш, але і з голаду не памрэш. Таму ўсё залежыць ад падыходаў.
Дзяржава, якая клапоціцца аб сваіх грамадзянах і іх дабрабыце, імкнецца як мага вышэй падняць БПМ, таму што па гэтым паказчыку разлічваюцца дапамогі, сацыяльныя пенсіі і надбаўкі да іх.
На сёння, напэўна, гаворка ідзе аб магчымасцях дзяржавы, то бок з задавальненнем б павысілі больш, але такіх магчымасцяў няма. Сітуацыя ў эканоміцы вядома якая, перспектыў у бліжэйшы час няма, і тое, што ў гэтых умовах павысілі на 5% БПМ, ужо неяк трошкі, можа быць, ледзь-ледзь дапаможа тым, хто ад яго залежыць. Але казаць аб багацці, вядома, тут не даводзіцца.
— Па падліках праекта Кошт урада, павышэнне БПМ наўрад ці зможа кампенсаваць інфляцыю.
— А яно і не ставіць сабе такую мэту. Калі вы будзеце лічыць інфляцыю не па агульным наборы, як гэта робіць дзяржава, а па найбольш танных прадуктах, не здзіўлюся, калі там інфляцыя не 17%, а, можа быць, тыя ж 5%. Гаворка ідзе пра самыя танныя прадукты: бульба, макароны айчыннай вытворчасці.
Вядома, інфляцыя не кампенсуе пяціпрацэнтнае павышэнне. Дапамогі на дзяцей або пенсіі па інваліднасці таксама не кампенсуюць інфляцыю, але я так разумею, што такую задачу дзяржава і не ставіць.
— Як вы думаеце, як у далейшым будзе расці БПМ і, адпаведна, прывязаныя да яго дапамогі, пенсіі, надбаўкі да іх?
— Разумееце, справа ў тым, што ўсе гэтыя разлікі будуюцца на статыстычных дадзеных. Статыстыка — гэта навука, на жаль, не вельмі дакладная. Дастаткова ў спажывецкім кошыку, на падставе якога разлічваецца БПМ, замяніць які-небудзь прадукт на іншы або нешта дадаць ці прыбраць — і можна дамагчыся неабходных вынікаў.
Таму, на мой погляд, тут вялікую ролю адыгрывае магчымасць бюджэту дзяржавы, ФСАН. Інфляцыя выклікае не толькі рост коштаў, але і прыводзіць часам да росту бюджэтных паступленняў, за кошт таго, што кошты на продаж тавараў таксама растуць, адпаведна, і падаткі растуць у рублёвым выражэнні. Іншая справа, што рубель становіцца танней, але колькасць іх расце.
Таму тут падыход, на мой погляд, такі: у нас з'явілася энная сума, якую можна пусціць на сацыяльныя патрэбы. Напрыклад, на пяць працэнтаў можна падняць.
— Паводле звестак Белстата, аднадзённы рознічны тавараабарот на душу насельніцтва складае 19 рублёў. Як падлічыў праект Кошт урада, БПМ хопіць толькі на 16 паходаў у краму ў месяц. І гэта без уліку аплаты паслуг — камунальных, транспартных і гэтак далей.
— Вы павінны разумець, што гаворка ідзе аб сярэднім чэку. Людзі, якія залежаць ад БПМ, не дазваляюць сабе марнаваць 19 рублёў у дзень. Яны ў той частцы, якая значна ніжэй сярэдняга ўзроўню, і ніхто іх да гэтага ўзроўню дацягваць не збіраецца.
Думаю, што нават у самых багатых краінах людзі, якія знаходзяцца на сацыяльным забеспячэнні дзяржавы, не адносяцца ні да сярэднеаплатных, ні да тых, што вышэй сярэдняга аплачваюцца, адпаведна, іх спажывецкія патрэбы не могуць быць сярэднімі па краіне і вымушана з'яўляюцца значна меншымі.
— Калі рэзюмаваць, што чакае атрымальнікаў дапамог і пенсій у найбліжэйшай будучыні?
— Тое ж, што і астатніх грамадзян Беларусі. Інфляцыя прагрэсуе, і мы з кожным тыднем бачым, што нашы выдаткі растуць. Калі дзяржава аб'яўляе, што дапамогі павышаюцца на 5%, а пенсіі — на 10%, гэта дазваляе перавесці дух на нейкі час. Потым зноў інфляцыя, рост коштаў, і мы забываемся аб павышэнні, таму што яно не забяспечвае нашы патрэбы.
На сёння сітуацыя ў нашай дзяржаве такая, што значная частка насельніцтва знаходзіцца за рысай беднасці, калі лічыць па міжнародных нарматывах. На жаль, у бліжэйшы час ніякіх радыкальных зменаў не прадбачыцца.
Пераклад НЧ