Як інфляцыя дапамагае беларусам выплачваць крэдыты

У 2022 годзе абавязацельствы па крэдытах фізічных асоб прырастаюць толькі ў намінале. У рэальным выражэнні беларусы фіксуюць зніжэнне доўгу.

1824949.jpg


На 1 ліпеня запазычанасць фізічных асоб у банкаўскіх крэдытах (без банкаў у стадыі ліквідацыі) склала 16,314 млрд BYN у эквіваленце. Гэтая сума ніжэйшая за максімум абавязанняў, які адзначаўся 1 студзеня (16,470 млрд BYN), пішуць Banki24.by.

На справаздачную дату 99,9% ад агульнага доўгу было намінавана ў беларускіх рублях. Ужо больш за 10 гадоў фізічныя асобы (акрамя ІП) могуць фінансавацца толькі ў беларускіх рублях. Гэтым тлумачыцца нізкая вага валютных абавязацельстваў у крэдытнай запазычанасці.

Дый гэтая доля валюты мае тэндэнцыю да абнулення. У параўнанні з 1 ліпеня 2021-га памер запазычанасці фізічных асоб па крэдытах вырас на 3,3%. Аднак спажывецкая інфляцыя ў Беларусі за чэрвень адносна чэрвеня-2021 склала 17,6%, за паўгоддзе да паўгоддзя 2021-га — 14,6%. У любым выпадку аб'ём абавязацельстваў фізічных асоб абясцэніўся ў рэальным выражэнні.

Дзве асноўныя разнавіднасці крэдытаў насельніцтву ў беларускай статыстыцы — гэта крэдыты на спажывецкія патрэбы і крэдыты на будаўніцтва (рэканструкцыю) і набыццё жылля (жыллёвыя крэдыты). Спажывецкія крэдыты звычайна маюць меншы перыяд пагашэння, чым жыллёвыя. Таму на справаздачную дату яны былі цалкам намінаваныя ў BYN-рублях. У больш «доўгіх» жыллёвых крэдытаў яшчэ ёсць валютная кампанента (6,7 млн USD у эквіваленце на справаздачную дату).

На 1 ліпеня 2022-га запазычанасць фізічных асоб па спажывецкіх крэдытах склала 4,785 млрд BYN. Параўнайце: на 1 студзеня 2022-га яна была роўная 5,242 млрд BYN, а на 1 ліпеня 2021-га — 5,241 млрд BYN.

Даведачна: лакальны максімум запазычанасці па крэдытах на спажывецкія патрэбы адзначаўся на 1 верасня 2020 года і склаў 5,884 млрд BYN.

Зніжэнне запазычанасці як правіла паказвае, што банкі выдаюць новыя крэдыты на меншыя грошы, чым карыстальнікі крэдытаў выплачваюць па раней адкрытых лініях.

На 1 ліпеня 2022 года аб'ём запазычанасці па жыллёвых крэдытах склаў 11,353 млрд BYN, і гэта новы максімум абавязацельстваў фізічных асоб. На 1 студзеня 2022 года фізасобы былі павінны банкам 11,041 млрд BYN, на 1 ліпеня 2021 года — 10,355 млрд BYN. Рост абавязацельстваў фізічных асоб па жыллёвых крэдытах за слізгаючы год (12 месяцаў) склаў 9,6% у намінале.

Паказчыкі спажывецкай інфляцыі прыведзеныя вышэй, а рост коштаў у будаўніцтве за чэрвень да чэрвеня склаў 14,1%, за 6 месяцаў да 6 месяцаў — 15,7%. Як вынік, у супастаўных цэнах запазычанасць у гэтым сегменце таксама паменшылася.