Суд над палітзняволеным Мікалаем Брэдзелевым пачнецца 29 жніўня

Былога прэс-сакратара кампаніі «А1» Мікалая Брэдзелева будуць судзіць па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса.

Мікалай Брэдзелеў

Мікалай Брэдзелеў


29 жніўня ў Мінгарсудзе пачнецца суд над палітзняволеным прэс-сакратаром «А1» Мікалаем Брэдзелевым, паведамляюць праваабаронцы.
Мікалая Брэдзелева затрымалі 10 снежня. Беларускія ўлады абвінавацілі яго ў зліве даных кліентаў «А1». Аператар пачаў унутранае расследаванне, пры гэтым у кампаніі паведамлялі, што ў Брэдзелева не было доступу да асабістых даных кліентаў. Нягледзячы на гэта, аналагічныя абвінавачанні супраць Брэдзелева агучыў і сам Лукашэнка. Брэдзелеву інкрымінуецца «злоўжыванне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі» (ч. 2 арт. 424 КК) і «фінансаванне экстрэмісцкага фарміравання» (арт. 361-2 КК). Ён знаходзіцца ў мінскім СІЗА на вуліцы Валадарскага.
Падчас затрымання супрацоўнікі ГУБАЗіКа знялі з Мікалаем брыдкае «пакаяльнае відэа», у якім прымусілі агучыць сваю сексуальную арыентацыю, суму заробку ў «А1» і прызнацца ў сувязі з «экстрэмісцкімі каналамі», якім Брэдзелеў нібыта «перадаваў інфармацыю».
Кампанія «A1 Telekom Austria Group» спачатку выступіла ў падтрымку свайго супрацоўніка, а пасля выдаліла сваю заяву з афіцыйнага сайта. У беларускай «А1» прайшлі ператрусы, была затрыманая таксама вядучая спецыялістка па працы з кліентамі Святлана Каленчыц. Пасольства Аўстрыі ў Беларусі выказвала свой пратэст у сувязі з гэтымі затрыманнямі.