«Асуджаем зневажальныя дзеянні беларускіх уладаў». МЗС Аўстрыі адрэагавала на затрыманне супрацоўніка А1
Учора ў Мінску быў затрыманы начальнік упраўлення па грамадскіх сувязях A1 Мікалай Брэдзелеў. Падзея выклікала розгалас не толькі ў Беларусі, але і ў Аўстрыі — А1 з'яўляецца даччынай кампаніяй вядомага пастаўшчыка паслуг мабільнай сувязі A1 Telekom Austria Group.

З нагоды затрымання Мікалая Брэдзелева сёння выказалася Міністэрства замежных спраў Аўстрыі.
Аўстрыйскае МЗС «вельмі занепакоенае» арыштам прэс-сакратара А1, пішаkurier.at. «Мы (...) асуджаем зневажальныя дзеянні беларускіх уладаў. Асноўныя правы і правы на свабоду ўсіх людзей павінны заўсёды выконвацца», — гаворыцца ў заяве ведамства. «Мы прыкладаем усе намаганні, каб аказаць падтрымку дыпламатычным шляхам і знаходзімся ў цесным супрацоўніцтве з аўстрыйскай кампаніяй», — таксама сказана ў звароце МЗС.
Начальнік упраўлення па грамадскіх сувязях A1 Мікалай Брэдзелеў быў затрыманы ўчора. На «пакаяльным відэа» ён кажа, што быў падпісаны на каналы,
прызнаныя ў Беларусі экстрэмісцкімі. Таксама ён агучыў суму свайго заробку і
згадвае, што з ліпеня 2020 года перадаваў блогеру Антону Матольку «інфармацыю,
звязаную з маёй прафесійнай дзейнасцю».