Усаў — пра «закон аб генацыдзе»: Уладзе трэба ўмовы для пашырэння рэпрэсій

У Крымінальным кодэксе Беларусі з'явіцца 302 артыкул. Паводле яго, за адмаўленне генацыду ў публічным выступе або ў СМІ, друку, інтэрнэце, а таксама ў любым «публічна дэманстраваным творы» пагражае пакаранне да 5 гадоў пазбаўлення волі. Тэрмін зняволення можа вырасці ў два разы, калі чалавека судзяць па гэтым артыкуле паўторна. Філін абмеркаваў праект закона і яго сэнс з палітолагам Паўлам Усавым.

Павел Усаў

Павел Усаў

— На мой погляд, гэта цалкам антыгістарычны і антынацыянальны закон. Генеральная пракуратура спрабавала ініцыяваць такі працэс яшчэ ў мінулым годзе. Гэта значыць — працяг карнай логікі беларускага «заканадаўства» і «правасуддзя», які накіраваны на ўзмацненне жорсткасці ціску і кантролю над нацыянальнай супольнасцю.
З іншага боку, закон накіраваны на тое, каб стварыць перадумовы для знішчэння нацыянальнай сімволікі, якая стала асновай аб'яднання беларусаў, што супрацьстаяць Лукашэнку, у 2020 годзе: БЧБ-сцяг, герб "Пагоня", песня "Магутны Божа" і гэтак далей.
Такія дзеянні ўкладаюцца ў логіку дзеянняў сістэмы, накіраваных на разбурэнне беларускай ідэнтычнасці. І ўсё гэта — пад прыгожай і маніпулятыўнай назвай "Закон аб генацыдзе беларускага народа".
З такім жа поспехам можна было б прыняць "Закон аб адмаўленні таго, што Зямля круглая". Гэта значыць, калі хтосьці кажа пра адваротнае, то яго можна пасадзіць на 10 гадоў.
Для ўлады не мае значэння, за што караць, ім проста неабходны перадумовы і фармальныя ўмовы для пашырэння рэпрэсіўнай прасторы.


Што да асобных элементаў, то тут важна звярнуць увагу на два пункты. Перш за ўсё, гэта выключная накіраванасць закону на гістарычны перыяд нямецкай акупацыі, дзве яе часткі: з 1941 па 1945 і 1945-1951 гады.
То бок, гэта Другая сусветная вайна і перыяд пасля, калі на тэрыторыі Беларусі дзейнічалі розныя антысавецкія групы, якія змагаліся з камуністычнай адміністрацыяй. Усё дрэннае і добрае, што было звязана з гэтай барацьбой, падпадае пад дзеянні, накіраваныя на генацыд беларускага народа.
Другі антынацыянальны момант, на які варта звярнуць увагу — беларускага народа як такога ў законе няма. Гэтая катэгорыя суадносіцца з савецкімі грамадзянамі. Іншымі словамі, усе, хто пражываў у савецкія часы на тэрыторыі БССР, уключаюцца ў катэгорыю беларускага народа.
Гэта значыць, адбываецца мэтанакіраванае размыццё нацыянальнай ідэнтычнасці, паняцце беларускага народа проста сціраецца, знішчаецца. Гэтым таксама абумоўлены першы элемент закону, пра які я казаў вышэй: палітыка ўладаў цалкам выключае генацыд нашага народа ў практыках сталінскага рэжыму.
У прыклад суразмоўца прыводзіць Вялікі тэрор (1937—1938), а таксама "закон аб трох каласках" або аб раскраданні дзяржаўнай маёмасці, які таксама закрануў многіх беларусаў:
— Гэта значыць, насельніцтва нашай краіны падвергнулася мэтанакіраваным рэпрэсіям з боку савецкага рэжыму, які знішчаў не толькі беларускае сялянства, але і інтэлігенцыю.
У гэтым плане рэжым спрабуе ўскласці адказнасць за гібель савецкіх грамадзян на, перш за ўсё, фашысцкую Германію і на асобныя нацыянальныя фармаванні. Аднак закон выключае той факт, што савецкая ўлада праводзіла карную палітыку ў дачыненні да жыхароў беларускіх вёсак, — заключае Павел Усаў.