Беларускія рэкардсмены Кнігі рэкордаў Гінэса

27 жніўня 1955 года пабачыў свет першы зборнік рэкордаў, заснаваны броварнай кампаніяй «Гінэс». З тых часоў штогадовая кніга набыла шалёную папулярнасць. Людзі з усіх куткоў Зямлі спрабуюць пабіць складаныя і вельмі часта кур’ёзныя рэкорды. Беларусы не засталіся ў баку, мы паглядзелі на актуальныя дасягненні, якія застаюцца не пабітымі на сёння.

Сэртыфікат удзелу ў спробе ўсталяваньня рэкорду Гінэса

Сэртыфікат удзелу ў спробе ўсталяваньня рэкорду Гінэса

Пачнем з чалавека, які тройчы запісаны ў якасьці рэкардсмэна. Яго дасягненьні дастаткова спэцыфічныя, таму калі ў вас абудзецца жаданьне іх пабіць – запытайце напачатку сябе: яно вам трэба?

Вось ужо 28 гадоў ніхто не можа палепшыць наступнае дасягненьне ўраджэнца Магілёва Аляксандра Бендзікава:

15 лістапада 1995 года Аляксандар паклаў піраміду з 880 манэтаў на край іншай манэты, якая асобна стаяла вертыкальна на падставе другой манэты, якая ляжала на стале.

Уявілі? Трэба адзначыць, што галаслоўныя рэкорды, безумоўна, не прымаюцца да разгляду. Неабходна мець альбо відэапацьверджаньне, альбо ў іншых выпадках – запрашаюцца ў якасьці сьведкаў спробы пабіць рэкорд афіляваныя з Кнігай Гінэса людзі.

Пасьля манэтаў Аляксандар Бендзікаў не супакоіўся і працягваў забаўляцца.

19 верасьня 2012 года ён усталяваў рэкорд у намінацыі “Найбольшая колькасьць запалак, складзеных на горла бутэлькі”. 20 270 запалак Аляксандар скарыстаў, каб запісаць сябе ў гісторыю. Нам вельмі цікава, колькі ж было тых няўдалых спробаў, калі піраміда валілася на падлогу.

26 траўня 2018 года Аляксандар Бендзікаў усталяваў свой самы сьвежы рэкорд. Выглядае на тое, што ён самы просты. Але паспрабуйце дасягнуць падобных вынікаў!

“Найбольшая колькасьць цьвікоў, збалянсаваных на галаве аднаго цьвіка”. Рэкорд складае 349 цьвікоў.

Узроставы рэкорд

Лілія Яноўская 22 ліпеня 2022 года ўсталявала цікавае дасягненьне. Яна ўладальніца рэкорду ў намінацыі “Самая ўзроставая жанчына, якая паднялася на К2 (гэта горная вяршыня ў Пакістане – 8610 мэтраў). Яна мела ўзрост 62 гады і 350 дзён.

Лілія Яноўская на гары К2

Лілія Яноўская на гары К2

Лілія таксама самая ўзроставая жанчына, якая ўзышла на Эвэрэст.  Гэта атрымалася ўсяго за два месяцы да вяршыні К2, 14 траўня 2022 года.

Больш за тое, беларуска ўзяла з сабою наш бел-чырвона-белы сьцяг!

Лега

Амаль у кожнага чалавека быў калісьці той ці іншы набор канструктара Лега. Ці, прынамсі, ён быў у знаёмага. А вось найбольшую колькасьць набораў у хатняй калекцыі ў сьвеце мае жыхар Менску Віталь Салаўёў.

Ён мае 5416 набораў Лега. Віталь больш за 10 гадоў займаецца калекцыянаваньнем канструктараў. Трэба мець вялікую кватэру, каб захоўваць столькі пакункаў. Рэкорд зарэгістраваны 25 траўня 2021 года.

Больш за тое, захапленьне канструктарамі перадаецца праз пакаленьні. Ягоны сын Арцём Салаўёў таксама мае ўласны рэкорд у Кнізе рэкордаў Гінэса.

15 жніўня 2021 года ён здолеў зрабіць неверагоднае: хутчэй за ўсіх у сьвеце пабудаваў Калізей. З набора Лега, вядома. На гэта яму спатрэбілася 8 гадзінаў 40 хвілінаў і яшчэ 55 сэкундаў.

Арцём Салаўёў

Арцём Салаўёў

Арцём спачатку паспрабаваў паставіць гэты рэкорд дзеля забавы і дасягнуў выніку прыкладна за 11 гадзінаў. Ён зразумеў, што можа зьбіраць яшчэ хутчэй, і вырашыў афіцыйна пайсьці на тытул Кнігі рэкордаў Гінеэса.

Мадэль Калізея мае памеры больш за 27 см у вышыню, 52 см у шырыню і 59 см у глыбіню. У наборы 9036 асобных дэталяў, што робіць яго адным з самых вялікіх набораў Лега ў сьвеце.

Рэкорды на аматара

Паліна Карвоўская здолела праславіцца незвычайным чынам. Ёй належыць рэкорд у намінацыі “Найбольш кручэньняў у падвешаным стане за валасы за 30 сэкундаў”. Так, людзі займаюцца высьвятленьнем, хто зь іх самы спрытны ў гэтым.

Беларуска Паліна змагла пракруціцца 68 разоў на здымках італьянскага тэлешоу Lo Show dei Record у Мілане 23 лютага 2022 года.

“Найбольшая працягласьць вісеньня на зубах”

Вось ужо 6 гадоў ніхто не можа пабіць рэкорд беларуса Дзьмітрыя Дударава. 7 хвілінаў 15 сэкундаў правісеў (па ўласным жаданьні!) гэты адважны суайчыньнік у Кітаі 10 сьнежня 2017 года.

Дзьмітры Дудараў б'е рэкорд

Дзьмітры Дудараў б'е рэкорд

Дзьмітры вісеў на вышыні 73 сантымэтры ад падлогі.

Можа хай і далей гэтыя рэкорды застануцца непабітымі? Не спрабуйце.

О спорт, ты жыцьцё

Некаторыя па-сапраўднаму спартовыя дасягненьні таксама залічаныя за беларусамі.

“Самыя хуткія 50 мэтраў з выкарыстаньнем сальта назад”. Умееце рабіць сальта? Тады ўявіце, што вам трэба непарыўна рабіць іх на дыстанцыі 50 мэтраў, а гэта палова футбольнага поля!

31 жніўня 1995 года Віталь Шчэрба зрабіў гэта за 10,22 сэкунды ў Японіі.

Віталь – суперзорка беларускага спорту. Вось яшчэ адно яго дасягненьне, унесенае ў Кнігу рэкордаў Гінэса:

“Найбольшая колькасьць заваяваных мэдалёў на чэмпіянаце сьвету па спартыўнай гімнастыцы сярод мужчынаў”. Віталь Шчэрба мае ажно 23 мэдалі, што зьяўляецца рэкордам! Віталь атрымаў 12 залатых, 7 срэбраных і 4 бронзавыя мэдалі за 1991-1996 гады.

Віталь Шчэрба

Віталь Шчэрба

“Найбольшую колькасьць перамог у канькабежным спорце на чэмпіянаце сьвету сярод мужчынаў" мае беларус Ігар Жалязоўскі.

Рэкордныя шэсьць тытулаў у агульным заліку мужчынскага спрынту выйграў у 1985 годзе. Таксама меў перамогі ў 1989 і 1991 гадах.

“Самая цяжкая вага, паднятая за адну гадзіну ў рыўку з гірай", складае 53 424 кг (53 тоны!), і яе падняў беларус Анатоль Яжоў у Ташкенце 15 чэрвеня 2014 года.

Узроставае абмежаваньне: заяўкі на рэкорд у падобных катэгорыях прымаюцца толькі ў тых выпадках, калі заяўніку споўнілася 16 гадоў і больш.

“Найбольшая колькасьць адцісканьняў са стойкі на руках за тры хвіліны (мужчыны)”.

Рэкорд складае 91, і быў усталяваны беларусам Сяргеем Кудаевым ва ўкраінскім Дняпры 2 жніўня 2021 года.

Сяргей зьяўляецца падрыхтаваным акрабатам, таму ён ведаў, што ў яго ёсьць навыкі, каб паспрабаваць атрымаць гэты рэкорд. Сяргей прачынаўся а 2:30 ночы, каб трэніравацца ў адцісканьні на руках! Сяргей таксама валодае і іншым рэкордам.

Сяргей Кудаеў падчас сваіх рэкордаў

Сяргей Кудаеў падчас сваіх рэкордаў

“Найбольшая колькасьць адцісканьняў у стойцы на руках за адну хвіліну (мужчыны)”.

Каб усталяваць такія рэкорды, удзельнікі павінны стаць у стойку на руках, а затым згінаць і разгінаць рукі — падобна на звычайнае адцісканьне.

Сяргею Кудаеву ўдалося зрабіць 51 адцісканьне падобным чынам за 1 хвіліну. Першапачаткова беларус усталяваў гэты рэкорд, калі зрабіў 36 адцісканьняў, пасьля чаго яго абагнаў армянін Манвэл Мамаян з 37 адцісканьнямі.

Сяргей убачыў, што яго рэкорд пабіты, і ўсяго праз пяць месяцаў вярнуў сабе тытул.

“Самы хуткі час для прабегу маратону ў японскім горадзе Осака (жанчыны)”.

Рэкордным дасягненьнем валодае беларуска Марына Даманцэвіч. 25 кастрычніка 2015 года яна прабегла дыстанцыю за 2 гадзіны 32 хвіліны 28 сэкундаў. Гэта фантастычны вынік: аўтар матэрыялу за падобны час аднойчы прабег паўмаратон, а тут цэлы!

Іншыя цікавыя рэкорды

“Самы вялікі габэлен (індывідуальны)”

Беларускі мастак Аляксандар Кішчанка ў 1995 годзе выканаў саматканы габэлен «Габэлен стагодзьдзя» даўжынёй 19 мэтраў у вышыню і 14 мэтраў у шырыню, агульнай плошчай 266 квадратаў.

Праца Аляксандра Кішчанкі

Праца Аляксандра Кішчанкі

“Самая высокая хуткасьць перадачы кодам Морзэ”

У чэрвені 2005 года беларус Андрэй Біндасаў пасьпяхова перадаў 230 знакаў Морзэ зьмяшанага тэксту за адну хвіліну. Спроба была праведзеная ў межах 6-га Чэмпіянату сьвету па хуткаснай тэлеграфіі Міжнароднага саюза радыёаматараў у Балгарыі.

Рэкорды Беларусі як краіны

Беларусь як краіна валодае двума рэкордамі.

“Самы высокі адсотак жаночай працоўнай сілы (краіна)”.

Краінай з самым высокім адсоткам кабетаў сярод працоўнай сілы (вось такая намінацыя) зьяўляецца нашая Беларусь — 53,3 адсоткі.

“Найбольшая колькасьць кінатэатраў на душу насельніцтва (краіна)”.

У Беларусі больш кінатэатраў на душу насельніцтва, чым у любой іншай краіне сьвету: адзін кінатэатар прыходзіцца на кожныя 2734 жыхары. Усяго ў краіне 3780 кінатэатраў на 10 335 382 насельніцтва. Такія даныя прыведзеныя на 2003 год. Калі шчыра, гэта самы нечаканы (спрэчны, неадназначны) рэкорд, якім валодае беларус ці Беларусь.

Хто і дзе налічыў у нас такую колькасьць кінатэатраў – невядома. Быць можа тады падлічылі колькасьць відэамагнітафонаў? Але факт застаецца фактам.

*****

Пасьля пачатку захопніцкай вайны расейскіх агрэсараў супраць Украіны Кніга рэкордаў Гінэса выпусьціла заяву:

“Разам з людзьмі з усяго сьвету выказваем шок і смутак у сувязі з нядаўнімі падзеямі ва Ўкраіне. Мы таксама выказваем спачуваньні пацярпелым.

 У знак значнай падтрымкі і салідарнасьці мы на нявызначаны тэрмін спынілі ўсе справы ў Расеі і Беларусі. Гэта азначае ўвесь бягучы бізнэс, а таксама ўсе адкрытыя размовы аб будучых справах, зьвязаных з выдавецкай дзейнасьцю, кансультаваньнем па рэкордах і тэлевізійнай вытворчасьцю. Мы таксама вывучаем, як мы можам прадухіліць рэкляму на нашых лічбавых плятформах з гэтых рэгіёнаў".

Наперад, да рэкордаў!