«Бізон літоўскі». Аб’ект мастацтва, загадка для навукоўцаў
Знакаміты беларускі прыродны «брэнд» белавежскі зубр — літаральна жывы выкапень. Пачытайце, як да ХІХ-ХХ стст., калі пачалося сістэмнае навуковае вывучэнне і апісанне зубра, яго выяўлялі мастакі былых эпох і што пра яго меркавалі вучоныя людзі.
![«Бізон або еўрапейскі зубр» (мастак Anselmus Boëtius de Boodt, Прага, да 1610 г.). Малюнак да аднаго з дванаццаці альбомаў з малюнкамі жывёл, птушак і раслін, створаных каля 1600 года на замову імператара Святой Рымскай імперыі Рудольфа II Габсбурга. Крыніца: Rijksmuseum, Амстэрдам, rijksmuseum.nl «Бізон або еўрапейскі зубр» (мастак Anselmus Boëtius de Boodt, Прага, да 1610 г.). Малюнак да аднаго з дванаццаці альбомаў з малюнкамі жывёл, птушак і раслін, створаных каля 1600 года на замову імператара Святой Рымскай імперыі Рудольфа II Габсбурга. Крыніца: Rijksmuseum, Амстэрдам, rijksmuseum.nl](/img/v1/images/mal_1_wisent_europese_bizon.png?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
«Бізон або еўрапейскі зубр» (мастак Anselmus Boëtius de Boodt, Прага, да 1610 г.). Малюнак да аднаго з дванаццаці альбомаў з малюнкамі жывёл, птушак і раслін, створаных каля 1600 года на замову імператара Святой Рымскай імперыі Рудольфа II Габсбурга. Крыніца: Rijksmuseum, Амстэрдам, rijksmuseum.nl
Знакаміты беларускі прыродны «брэнд» белавежскі зубр — сапраўды ўнікальная жывёла. Па-першае, гэта літаральна жывы выкапень — ён выжылы прадстаўнік мегафаўны часоў позняга плейстацэну, сучаснік мамантаў, шарсцістых насарогаў і пячорных мядзведзяў, ад якіх, у адрозненне ад зубра, нам засталіся толькі палеанталагічныя калекцыі ў музеях. Па-другое, зубр — гэта адная з самых» фотагенічных» жывёл у мастацтве, зафіксаваная на дрэварытах і афортах, палотнах і здымках — ад часоў Рэнесансу да нашых дзён. Па-трэцяе, хаця філагенетычнае дрэва зубра і ягоных сваякоў — паўночнаамерыканскага бізона і азіяцкага яка — складзена даўно, наш белавежскі волат, разам са шматлікімі гістарычнымі папуляцыямі і падвідамі ляснога зубра, працягвае падкідваць навукоўцам і новыя факты і новыя пытанні.
Загадкавы Auroch. Паблытаць — можна, забыць — нельга
У друкаваных выданнях Заходняй Еўропы XVI-XVII ст.ст., якія найчасцей выдаваліся нямецкамоўнымі друкарнямі, назоў Auroch даволі часта аднолькава адносіўся і да тура і да зубра, праз рэдкасць пражывання гэтых жывёлаў далей на захад ад умоўнай Прусіі. Пры гэтым зубр меў і свой назоў — яго часта называлі «бізон», або, на нямецкі манер, — «Wisent». Атрымоўвацца, нямецкі назоў Auroch мог шырока трактавацца як «дзікая буйная рагатая жывёла».
![«Diß ist deß Wilden Awerochsen Contrafactur» — «Гэта кантрафактур дзікага Auroch’а». Аўгсбург, паміж 1566 і 1572 гг. Крыніца: Zentralbibliothek Zürich, PAS II 9/2 «Diß ist deß Wilden Awerochsen Contrafactur» — «Гэта кантрафактур дзікага Auroch’а». Аўгсбург, паміж 1566 і 1572 гг. Крыніца: Zentralbibliothek Zürich, PAS II 9/2](/img/v1/images/mal_2_wilden_awerochsen_contrafactur.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
«Diß ist deß Wilden Awerochsen Contrafactur» — «Гэта кантрафактур дзікага Auroch’а». Аўгсбург, паміж 1566 і 1572 гг. Крыніца: Zentralbibliothek Zürich, PAS II 9/2
На гэтай улётцы, без сумневу, выяўлены зубр, пра якога, у радках вершаванага апісання паведамляецца, што ён яшчэ цялём «быў злоўлены ў Літоўскіх землях, у месцы Валахія» (befangen ward in Littauwer lands in dem ort Wallachia genands). Верагодна, жывёла была падараваная для княжацкага запаведніка.
Звесткі пра прысутнасць і распаўсюджанне еўрапейскага зубра́ ў гістарычныя часы ў асноўным грунтуюцца на старажытных пісьмовых крыніцах. Назвы, якія выкарыстоўваюцца для апісання еўрапейскага зубра, вельмі разнастайныя, што выклікае блытаніну і аслабляе надзейнасць гістарычных наратываў.
![На г. зв. «Эбсторфскай мапе свету» (адна з самых падрабязных мапаў свету на той час), складзенай у сярэднявечнай Англіі ў канцы ХІІІ ст., сярод іншых краін і гарадоў паказаны Полацк і Смаленск, а таксама сімвалічныя выявы каля іх — алень і буйная рагатая жывёла — «зубратур» — Auroch. Крыніца: history-belarus.by На г. зв. «Эбсторфскай мапе свету» (адна з самых падрабязных мапаў свету на той час), складзенай у сярэднявечнай Англіі ў канцы ХІІІ ст., сярод іншых краін і гарадоў паказаны Полацк і Смаленск, а таксама сімвалічныя выявы каля іх — алень і буйная рагатая жывёла — «зубратур» — Auroch. Крыніца: history-belarus.by](/img/v1/images/mal_3_ebstorf_map_1290.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
На г. зв. «Эбсторфскай мапе свету» (адна з самых падрабязных мапаў свету на той час), складзенай у сярэднявечнай Англіі ў канцы ХІІІ ст., сярод іншых краін і гарадоў паказаны Полацк і Смаленск, а таксама сімвалічныя выявы каля іх — алень і буйная рагатая жывёла — «зубратур» — Auroch. Крыніца: history-belarus.by
У працяглы час, паміж 1450 і 1850 гг., назва «au(e)roch» часта выкарыстоўваўся як назва зубра/»бізона». Былі спробы ліквідаваць гэтую блытаніну ў навуковых працах, прысвоіўшы назвы «aueroch» для тура і «bisont/wisent» для зубра. Тым не менш, некаторыя выданні нават у ХХ ст. выкарыстоўвалі назву «auroch» для еўрапейскага зубра.
«Бізон Арыстоцеля», або Ці шмат мы ведаем пра зуброў?
Антычны навуковец Арыстоцель у сваіх паведамленнях па гісторыі жывёл пісаў, што горныя рэгіёны старажытнай Пеоніі і Мэдыкі (частка сучаснай Паўночнай Македоніі і Паўднёва-Заходняй Балгарыі) насяляюць «дзікія быкі з гарбом на спіне і конскім хвастом» і выкарыстоўваў для іх названня слова «bonasus». У сучасную навуковую сістэму пад гэтым імем увайшоў еўрапейскі зубр.
Сапраўды, як паказваюць палеанталагічныя знаходкі, у перыяд 12 000-9 000 гг. да н.э. лясны зубр быў распаўсюджаны ў паўночна-заходняй гарыста-халмістай Балгарыі, але адсутнічаў на тэрыторыі былой Югаславіі. Самая паўднёвая мяжа гістарычнага арэала ў Еўропе праходзіла праз Балгарыю і Грэцыю. Лічыцца, што тут зубр знік паміж ІХ і Х стст. н.э. Каля 1050 г. н.э. паўднёвы арэал зубра на Балканах ужо праходзіў праз румынска-балгарскі рэгіён Добруджа.
![Косткі выкапнёвага Балканскага зубра, філагенетычную гісторыю якога даследчыкам яшчэ трэба вывучаць. Крыніца: onlinelibrary.wiley.cоm Косткі выкапнёвага Балканскага зубра, філагенетычную гісторыю якога даследчыкам яшчэ трэба вывучаць. Крыніца: onlinelibrary.wiley.cоm](/img/v1/images/mal_4_zubr_balkany.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Косткі выкапнёвага Балканскага зубра, філагенетычную гісторыю якога даследчыкам яшчэ трэба вывучаць. Крыніца: onlinelibrary.wiley.cоm
Генетычныя даследаванні знаходак старадаўняй папуляцыі балканскага зубра паказалі яе суроднасць з папуляцыямі выкапнёвых альпійскіх папуляцый Францыі, Аўстрыі і Швейцарыі, але не з папуляцыямі цэнтральна-еўрапейскай (сённяшні белавежскі зубр) і цяпер вымерлай каўказскай папуляцыяй. Паходжанне балканскага зубра застаецца нявызначаным.
Які з дакладных малюнкаў зубра самы ранні?
Чытач будзе здзіўлены, але паміж пячорнымі малюнкамі эпохі сыходу апошняга ледніка і малюнкамі мастакоў рэнесансава-барокавай Еўропы ляжыць вялікі і цьмяны правал.
Гэты чарнільны накід рукой самога Альбрэхта Дзюрэра з'яўляецца, бадай што, першай вядомай выявай зубра ў еўрапейскім класічным мастацтве — каля 1501-1502 гг. Год «1519» дададзены іншай рукой. Выява зубра зроблена на адвароце малюнка з лосем да альбома з выявамі 167 жывёлін, прычым зубр выглядае, у адрозненні ад чучалападобнага лася, настолькі жывым і натуральным, што падаецца, — мастак маляваў яго з натуры.
![Накід зубра ў выкананні Альбрэхта Дзюрэра. У адрозненне ад зубра ў натуральнай позе, лось з таго ж аркуша сапраўды выглядае як забітая жывёла ці чучала з яе — прыадкрыты рот, шкляныя закацілыя вочы. Крыніца: British Museum, SL5261.1, britishmuseum.оrg Накід зубра ў выкананні Альбрэхта Дзюрэра. У адрозненне ад зубра ў натуральнай позе, лось з таго ж аркуша сапраўды выглядае як забітая жывёла ці чучала з яе — прыадкрыты рот, шкляныя закацілыя вочы. Крыніца: British Museum, SL5261.1, britishmuseum.оrg](/img/v1/images/mal_5_zubr_dzjurera.png?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Накід зубра ў выкананні Альбрэхта Дзюрэра. У адрозненне ад зубра ў натуральнай позе, лось з таго ж аркуша сапраўды выглядае як забітая жывёла ці чучала з яе — прыадкрыты рот, шкляныя закацілыя вочы. Крыніца: British Museum, SL5261.1, britishmuseum.оrg
У цэнтры ніжняй часткі аркуша мастак уласнай рукой пазначыў «Heilennt» — «вылечаны». Даследчыкі мяркуюць, што абставіны з'яўлення малюнка і подпіса могуць быць звязаны з адной падзеяй. Як распавядае храніст Генрых Дэйхслер (Heinrich Deichsler, 1430-1506/7), будучы імператар Святой Рымскай імперыі Максіміліян, падчас наведвання Нюрнбергу з 13 па 21 красавіка 1501 г., атрымаў сярод іншых падарункаў «пяцёх aurerochsen» (назва auroch у тагачаснай нямецкай мове часта ўжывалася ў шырокім сэнсе як «дзікая буйная рагатая жывёла», пад якой часта блыталі зубра і тура). Падараваныя звяры з высокай верагоднасцю хутчэй за ўсё былі паселены ў цэзарскім звярынцы-запаведніку, адкуль і трапілі на малюнак Дзюрэра. Дарэчы, пазней «дзюрэраўскі зубр» з'яўляецца ў больш завершаным выглядзе, намаляваным зялёным чарнілам на палях да «Малітоўніка» Максіміліяна 1515 г.
![«Зубр», аркуш з альбома на 100 старонак з малюнкамі жывёл («Кніга пра розных жывёлін, птушак, рыбаў і гадаў...»), г.зв. «Lombard album» (Брусель, каля 1585 г.) з прысвячэннем імператару Карлу V. Мастак невядомы, аднак партрэтна-анатамічная дакладнасць можа ўказваць, што ён, магчыма, паходзіць са школы Альбрэхта Дзюрэра. Крыніца: Rijksmuseum, Amsterdam, rijksmuseum.nl «Зубр», аркуш з альбома на 100 старонак з малюнкамі жывёл («Кніга пра розных жывёлін, птушак, рыбаў і гадаў...»), г.зв. «Lombard album» (Брусель, каля 1585 г.) з прысвячэннем імператару Карлу V. Мастак невядомы, аднак партрэтна-анатамічная дакладнасць можа ўказваць, што ён, магчыма, паходзіць са школы Альбрэхта Дзюрэра. Крыніца: Rijksmuseum, Amsterdam, rijksmuseum.nl](/img/v1/images/mal_6_zubr_szkola_dzjurera.png?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
«Зубр», аркуш з альбома на 100 старонак з малюнкамі жывёл («Кніга пра розных жывёлін, птушак, рыбаў і гадаў...»), г.зв. «Lombard album» (Брусель, каля 1585 г.) з прысвячэннем імператару Карлу V. Мастак невядомы, аднак партрэтна-анатамічная дакладнасць можа ўказваць, што ён, магчыма, паходзіць са школы Альбрэхта Дзюрэра. Крыніца: Rijksmuseum, Amsterdam, rijksmuseum.nl
І ўсё ж, чаму мы не бачым выяваў жывёлы ў больш ранніх крыніцах — хроніках, летапісах і іншых наратывах?
Адказ можа хавацца ў адным з падобных гістарычных прыкладаў: падчас Вялікага еўрапейскага голаду 1314-22 гг., які закрануў большую частку цэнтральнай, паўночнай і паўночна-заходняй Еўропе вострая інфекцыйная хвароба пачала знічтажаць буйную рагатую жывёлу, прычым на вялікіх абшарах Еўразіі — ад Ісландыі да Манголіі (апошні зафіксаваны год — 1325 — адзначаны ў Ісландыі). Па ўскосных звестках, гэтыя чума магла перакінуцца і на прадстаўнікоў дзікай фаўны, перш за ўсё — у тагачасных запаведных лясах і звярынцах (напрыклад, каралеўскія ловы з аленямі вядомы ў Англіі і Францыі ўжо з ХІІІ ст.). Калі гэта так, то панзаація магла зрабіць свой чорны ўнёсак і ў скарачэнне арэалу еўрапейскіх тураў і зуброў…
І гэта толькі адзін, найбольш маштабны, прыклад. У кожным стагоддзі, ад заняпаду Рымскай імперыі і да канца Сярэднявечча (умоўна паміж 400 і 1500 гг.) голад і паморак суправаджалі гісторыю развіцця Еўропы, — ад лакальных, у межах аднаго рэгіёну, да пан-еўрапейскіх бедстваў. І ў гэты час адзіным выратаваннем было паляванне, хоць і небяспечнае, на ляснога звера…
Новы літаратурны герой
У гісторыі літаратуры сярэднявечча і Новага часу зубр заняў асобнае месца. Ад сціплых радкоў у нямецкай рыцарскай паэме пра Нібелунгаў (1190я гг.) рагаты волат заняў пачэснае месца ў лацінамоўнай паэме «Песня пра зубра» (Carmen de statura feritate ac venatione bisontis) нашага суайчынніка Міколы Гусоўскага (1522 г.). Для еўрапейскага чытача на гэтым уяўленні пра «літоўскага бізона» не скончыліся.
![Шмат якія тагачасныя (XVI ст.) выданні ілюстраваліся падобнай выявай зубра — і «Касмаграфія» Себасцьяна Мюнстэра, і «Icones animalium» Конрада Геснэра, і «Запіскі…» Сігізмунда Герберштэйна Шмат якія тагачасныя (XVI ст.) выданні ілюстраваліся падобнай выявай зубра — і «Касмаграфія» Себасцьяна Мюнстэра, і «Icones animalium» Конрада Геснэра, і «Запіскі…» Сігізмунда Герберштэйна](/img/v1/images/mal_7_mehouski_hesner.png?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Шмат якія тагачасныя (XVI ст.) выданні ілюстраваліся падобнай выявай зубра — і «Касмаграфія» Себасцьяна Мюнстэра, і «Icones animalium» Конрада Геснэра, і «Запіскі…» Сігізмунда Герберштэйна
Напрыклад, польскі храніст і навукоўца Мацей з Мехава (Мяхоўскі, Мехавіт) у працы «Трактат аб двух Сарматыях...» (Кракаў, 1517) пра прыроду зямель ВКЛ паведамляў: «Дзікіх звяроў там больш, чым ва ўсім хрысціянскім свеце» і пералічваў найбольш буйных: «…буйвалы і лясныя быкі, якіх яны на сваёй мове называюць турамі або зубрамі, дзікія аслы і лясныя коні, алені, лані, казулі, козы, дзікі, мядзведзі, куніцы, вавёркі, расамахі…». Красамоўныя апісанні прыроды Літвы, яе жывёльнага свету захаваліся ў запісках чужаземных паслоў і вандроўнікаў XVI-XVIII ст.ст. — Герберштэйна, Аўэра і інш.
Але ў тагачаснай замежнай літаратуры зубр атрымаў і нечаканы сімвалізм.
![Эгідый Садэлер (Aegidius Sadeler) (Прага, 1608) «Байка пра зубра і іншых жывёл» з выдання «Theatrum morum; мастацкія размовы пра жывёл з рэальнымі гісторыямі для навучання людзей». Крыніца: Rijksmuseum, Амстэрдам, rijksmuseum.nl Эгідый Садэлер (Aegidius Sadeler) (Прага, 1608) «Байка пра зубра і іншых жывёл» з выдання «Theatrum morum; мастацкія размовы пра жывёл з рэальнымі гісторыямі для навучання людзей». Крыніца: Rijksmuseum, Амстэрдам, rijksmuseum.nl](/img/v1/images/mal_8_aegidius_sadeler.png?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Эгідый Садэлер (Aegidius Sadeler) (Прага, 1608) «Байка пра зубра і іншых жывёл» з выдання «Theatrum morum; мастацкія размовы пра жывёл з рэальнымі гісторыямі для навучання людзей». Крыніца: Rijksmuseum, Амстэрдам, rijksmuseum.nl
На малюнку — зубр, ліса, сабака, карова, вярблюд, каза і асёл на пярэднім плане. На заднім плане леў і воўк. Мараль гісторыі вучыць, што тыя, хто акружае сябе дрэннай кампаніяй, таксама вінны несці за гэта наступствы.
«Дзікі лясны звер», або Фенамен птушкі Додо
![Карнэліс Гюйбертс. «Зубр у пейзажы». (Амстэрдам, каля 1712 г.). Крыніца: Rijksmuseum, Амстэрдам, rijksmuseum.nl Карнэліс Гюйбертс. «Зубр у пейзажы». (Амстэрдам, каля 1712 г.). Крыніца: Rijksmuseum, Амстэрдам, rijksmuseum.nl](/img/v1/images/mal_9_karnelis_hjujberts.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Карнэліс Гюйбертс. «Зубр у пейзажы». (Амстэрдам, каля 1712 г.). Крыніца: Rijksmuseum, Амстэрдам, rijksmuseum.nl
Падобныя гравюры, нягледзячы на анатамічную дакладнасць выяўленай жывёлы, усё больш нагадваюць «феномен птушкі Дадо» — калі мастакі стваралі палотны, афорты, дрэварыты з аб'екта жывой прыроды, фактычна, ужо вымерлага або які ніколі ім не сустракаўся ўжывую. Назва навукова-мастацкага феномену звязана з лёсам нелятучай птушкі дронт — эндэміка з ізаляванай выспы Маўрыкій у Індыйскім акіяне — якую за трыста гадоў пасля адкрыцця вострава цалкам вынішчылі каланісты, а ў еўрапейскае мастацтва дронт пачаў трапляць праз моўныя апісанні, косткі і няякасныя чучалы…
Паглядзіце яшчэ раз на малюнак зубра — справа ўдалечыні бачны дзве фантастычныя жывёлы, адна з якіх мае на рагу адгалінаванне з рогаў (ці дрэва з галавы) — фантасмагарычныя дэталі малюнка толькі чарговы раз падкрэсліваюць мастацкі «феномен Дадо» — трагедыю, якая ўсё няўхільней набліжалася да зубра…
![Фантасмагарычны «Bisont/Bisone"»(па сэнсу — гэта зубр; па выгляду — тур). 1-я палова XVII ст. Крыніца: Rijksmuseum, Амстэрдам, rijksmuseum.nl. У пазнейшым выданні (1650 г.), відавочна, хіб быў выпраўлены і на асобных аркушах размешчаны тур (былы «Bisone») і зубр (копія з «Касмаграфіі» Себасьцьяна Мюнстэра) Фантасмагарычны «Bisont/Bisone"»(па сэнсу — гэта зубр; па выгляду — тур). 1-я палова XVII ст. Крыніца: Rijksmuseum, Амстэрдам, rijksmuseum.nl. У пазнейшым выданні (1650 г.), відавочна, хіб быў выпраўлены і на асобных аркушах размешчаны тур (былы «Bisone») і зубр (копія з «Касмаграфіі» Себасьцьяна Мюнстэра)](/img/v1/images/mal_10_zubr_tempesty.png?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Фантасмагарычны «Bisont/Bisone"»(па сэнсу — гэта зубр; па выгляду — тур). 1-я палова XVII ст. Крыніца: Rijksmuseum, Амстэрдам, rijksmuseum.nl. У пазнейшым выданні (1650 г.), відавочна, хіб быў выпраўлены і на асобных аркушах размешчаны тур (былы «Bisone») і зубр (копія з «Касмаграфіі» Себасьцьяна Мюнстэра)
Яшчэ адзін прыклад умоўнай перадачы вобраза «дзікай буйной рагатай жывёлы» ў Заходняй Еўропе, удалечыні ад яе асноўных арэалаў пражывання, калі мастак ніколі не бачыў ні зубра, ні ляснога тура. Гэты афорт з'яўляецца часткай серыі малюнкаў жывёл ад тагачаснага славутага італьянскага мастака Антоніа Тэмпесты. Вядома, што другое выданне (з нумарацыяй) гэтай серыі выдаў Джавані Джакома дэ Росі ў 1650 г. (Nova raccolta de li animali piu curiosi del mondo, Італія, Рым). Хто і калі апублікаваў першае выданне, невядома.
![«Паляванне на бізона (=зубра)» (афорт Антоніа Тэмпесты, Італія, Рым, к.1598 г.) — гравюра з серыі з 15 сцэн палявання. Rijksmuseum Амстэрдам, rijksmuseum.nl. Для параўнання, ад правай — эпізод позне-рымскай мазаікі «Вялікае паляванне» з вілы ў Сіцыліі. «Паляванне на бізона (=зубра)» (афорт Антоніа Тэмпесты, Італія, Рым, к.1598 г.) — гравюра з серыі з 15 сцэн палявання. Rijksmuseum Амстэрдам, rijksmuseum.nl. Для параўнання, ад правай — эпізод позне-рымскай мазаікі «Вялікае паляванне» з вілы ў Сіцыліі.](/img/v1/images/mal_11_paljavanne_na_bizona.png?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
«Паляванне на бізона (=зубра)» (афорт Антоніа Тэмпесты, Італія, Рым, к.1598 г.) — гравюра з серыі з 15 сцэн палявання. Rijksmuseum Амстэрдам, rijksmuseum.nl. Для параўнання, ад правай — эпізод позне-рымскай мазаікі «Вялікае паляванне» з вілы ў Сіцыліі.
Як можна заўважыць, чым далей на Захад ад асноўнага арэала пражывання жывёлы, тым больш умоўнымі робяцца рысы «дзікага буйнога рагатага звера», што часам цяжка адрозніць зубра ад тура. Экзатычнасці сцэне надаюць таксама строі паляўнічых усходняга (асманскага ці валашскага) тыпу — магчыма, аўтар спрабаваў паказаць паляванне на карпацкі падвід зубра (або натхняўся мясцовымі фрэскамі ці мазаікамі, кшталту «Вялікага палявання» з позне-рымскай вілы (пач. IV ст. н.э.) ў Сіцыліі (Villa del Casale, Piazza Armerina).
![Фактычна адна з апошніх выяваў прускага зубра ў «антрапаморфным» стылі, які дадае вобразу жывёлы не толькі фантасмагарычнасць, але і эмацыйнасць. Крыніца: Hagen K.G. (1819). Geschichte des Preußischen Auers nebst einer Abbildung desselben. // Beiträge zur Kunde Preußens Bd.2 (Königsberg) P.206—234 Фактычна адна з апошніх выяваў прускага зубра ў «антрапаморфным» стылі, які дадае вобразу жывёлы не толькі фантасмагарычнасць, але і эмацыйнасць. Крыніца: Hagen K.G. (1819). Geschichte des Preußischen Auers nebst einer Abbildung desselben. // Beiträge zur Kunde Preußens Bd.2 (Königsberg) P.206—234](/img/v1/images/mal_12_preussischen_auers.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Фактычна адна з апошніх выяваў прускага зубра ў «антрапаморфным» стылі, які дадае вобразу жывёлы не толькі фантасмагарычнасць, але і эмацыйнасць. Крыніца: Hagen K.G. (1819). Geschichte des Preußischen Auers nebst einer Abbildung desselben. // Beiträge zur Kunde Preußens Bd.2 (Königsberg) P.206—234
Навукоўцы ВКЛ і Рэчы Паспалітай — пра «літоўскага бізона»
Выданне polono-scotus'а (то-бок — натуралізаванага ў Рэчы Паспалітай шатландца-шкота) Яна Ёнстана (Джон Джонстан) «Historiae naturalis…», побач з выданнямі Геснэра і Альдравандзі, было найбуйнейшай прыродазнаўчай энцыклапедыяй часоў барока. Даведнік Ёнстана захоўваў шырокую папулярнасць у навуковым свеце і шмат разоў перавыдаваўся ў розных краінах Еўропы да канца XVIII стагоддзя.
![Малюнак зубра сярод іншых жывёл у кнізе Historiae naturalis de quadrupedibus libri cum aeneis figuris (1657) аўтарства Яна Ёнстана. Крыніца: Нацыянальная бібліятэка ў Варшаве, polona.pl. Малюнак зубра сярод іншых жывёл у кнізе Historiae naturalis de quadrupedibus libri cum aeneis figuris (1657) аўтарства Яна Ёнстана. Крыніца: Нацыянальная бібліятэка ў Варшаве, polona.pl.](/img/v1/images/mal_13_jan_jonstan.png?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Малюнак зубра сярод іншых жывёл у кнізе Historiae naturalis de quadrupedibus libri cum aeneis figuris (1657) аўтарства Яна Ёнстана. Крыніца: Нацыянальная бібліятэка ў Варшаве, polona.pl.
Ян Ёнстан (1603-1675; Jan Jonston; Джон Джонстан; лац. Jo(h)annes Jo(h)nstonus) — навуковец і лекар у Рэчы Паспалітай, паходзіў з шатландскай шляхты і цесна звязаны з магнацкім родам Ляшчынскіх. Нарадзіўся ў сям'і натуралізаванага шкота Сымона Ёнстана (Саймана Джонстана), у Шаматулах (Вялікапольшча). Служыў хатнім настаўнікам у шляхетных сем'ях Брытаніі, затым вывучаў медыцыну ва ўніверсітэтах Франкфурта-на-Одэры, Вітэнберга, Лейпцыга, падарожнічаў па Англіі, Нідэрландах, Італіі, Францыі; абараніў доктарскую дысертацыю ў Лейдэнскім універсітэце ў 1634 г. У 1636 г. вярнуўся ў Польшчу, пад Лешна. Пад канец жыцця асеў у маёнтку пад Легніцай у Дольняй Сілезіі.
![Вокладка віленскай працы прафесара Жылібера («Даследчыкі прыроды ў Літве або Зборнік рознай тэматыкі…», 1781 г.) і старонка главы, прысвечанай «літоўскаму бізону». Крыніца: Zakład Narodowy im. Ossolińskich, polona.pl. Вокладка віленскай працы прафесара Жылібера («Даследчыкі прыроды ў Літве або Зборнік рознай тэматыкі…», 1781 г.) і старонка главы, прысвечанай «літоўскаму бізону». Крыніца: Zakład Narodowy im. Ossolińskich, polona.pl.](/img/v1/images/mal_14_zyliber.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Вокладка віленскай працы прафесара Жылібера («Даследчыкі прыроды ў Літве або Зборнік рознай тэматыкі…», 1781 г.) і старонка главы, прысвечанай «літоўскаму бізону». Крыніца: Zakład Narodowy im. Ossolińskich, polona.pl.
«Наш француз-гарадзенец» — Жан Эмануэль Жылібер (Gilibert, Jean Emmanuel; 1741-1814), натураліст, хірург і анатам, стваральнік і кіраўнік Гарадзенскай медыцынскай акадэміі (1775-1781), заснавальнік у Гародні акушэрскай і ветэрынарнай школ, клінічнага шпіталю, батанічнага сада, прафесар медыцынскага факультэта Галоўнай школы ВКЛ у Вільні, — яшчэ ў 1775 г., падчас знаходжання ў Гародне, пачаў сістэматычнае вывучэнне флоры і фауны ВКЛ. У сваёй працы «Даследчыкі прыроды ў Літве або Зборнік рознай тэматыкі, якая ілюструе гісторыю жывёлы і раслінаў у Вялікім Княстве Літоўскім і хваробы, да якіх найбольш схільныя людзі ў гэтай правінцыі» (Indagatores Naturae In Lithuania Seu Opuscula Varii Argumenti, Quae Historiam Animalium, Vegetabilium In Magno Ducatu Lith"uaniae Et Morborum, Quibus In Hac Provincia Homines Vel Maxime Obnoxji Sunnt, Illustrare Possunt), якая выйшла ў Вільні ў 1781 г., навуковец цэлую главу прысвяціў апісанню «літоўскага зубра».
![Жылібер першым з навукоўцаў змясціў выяву самкі зубра ў сваім французскім выданні «Скарачэння з Лінэя…» (1806). Крыніца: Biodiversity Heritage Library, biodiversitylibrary.оrg Жылібер першым з навукоўцаў змясціў выяву самкі зубра ў сваім французскім выданні «Скарачэння з Лінэя…» (1806). Крыніца: Biodiversity Heritage Library, biodiversitylibrary.оrg](/img/v1/images/mal_15_zyliber.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Жылібер першым з навукоўцаў змясціў выяву самкі зубра ў сваім французскім выданні «Скарачэння з Лінэя…» (1806). Крыніца: Biodiversity Heritage Library, biodiversitylibrary.оrg
Прафесар Жылібер, ужо падчас пражывання ў Францыі, не забыўся на край, які даў яму і навуковы, і гасцінны прытулак, знайшоўшы месца для «літоўскага бізона» ў сваім выданні «Abrégé du Système de la nature de Linné, histoire des mammaires, ou des quadrupèdes et cétacées...» («Скарачэнне з "Сістэмы прыроды" Лінэя, гісторыя жывёл сысуновых або чатырохногіх і кітападобных...»), выданай у Ліоне (1805).
Жылібер таксама першым праводзіў эксперыменты па гібрыдызацыі зубра са свойскай каровай у канцы XVIII ст. Аб сваіх вопытах прафесар паведаміў навуковай грамадскасці. Праўда, ягоныя спробы скончыліся няўдачай — зубраняты адмаўляліся нават піць каровіна малако. Нягледзячы на памылкі ў навуковых выданнях і на наіўныя, на сённяшні погляд, навуковыя эксперыменты, Жылібер быў першым, хто ўвёў у еўрапейскі навуковы ўжытак сістэматызаваныя звесткі аб прыродзе Вялікага княства Літоўскага, яе багацці і ўнікальнасці.
Паміж пячорным мастацтвам і сучаснай навукай
Еўрапейскі зубр, як і амерыканскі бізон, з'яўлецца адной з рэдкіх наземных жывёлаў старадаўняй мегафауны, хто перажыў позняе плейстацэнавае выміранне. Нягледзячы на багаты летапіс выкапняў буйных жывёл у Еўразіі, эвалюцыйная гісторыя еўрапейскага (ляснога) зубра (лац. Bison bonasus) да галацэну (пачаўся прыблізна 11,7 тысяч гадоў таму) застаецца загадкай.
![За ХХ стагоддзе было знойдзена шмат відаў і падвідаў бізона-зубра: так, вядома, што папуляцыі больш дробных па памераў жывёл у дагістарычныя часы насялялі Паўночную Еўропу (Bisonus menneri), сучасны Пакістан (Bisonus sivalensis) і паўночны Кітай (Bisonus palaeosinensis). У Паўночнай Амерыцы стэпавы бізон праіснаваў даўжэй, чым у Еўразіі і пакінуў пасля сябе таксама некалькі падвідаў. За ХХ стагоддзе было знойдзена шмат відаў і падвідаў бізона-зубра: так, вядома, што папуляцыі больш дробных па памераў жывёл у дагістарычныя часы насялялі Паўночную Еўропу (Bisonus menneri), сучасны Пакістан (Bisonus sivalensis) і паўночны Кітай (Bisonus palaeosinensis). У Паўночнай Амерыцы стэпавы бізон праіснаваў даўжэй, чым у Еўразіі і пакінуў пасля сябе таксама некалькі падвідаў.](/img/v1/images/mal_16_mapa.png?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
За ХХ стагоддзе было знойдзена шмат відаў і падвідаў бізона-зубра: так, вядома, што папуляцыі больш дробных па памераў жывёл у дагістарычныя часы насялялі Паўночную Еўропу (Bisonus menneri), сучасны Пакістан (Bisonus sivalensis) і паўночны Кітай (Bisonus palaeosinensis). У Паўночнай Амерыцы стэпавы бізон праіснаваў даўжэй, чым у Еўразіі і пакінуў пасля сябе таксама некалькі падвідаў.
Падчас мікрабіялагічных даследаванняў старажытных мітахандрыяльных геномаў і агульнагеномных даследаванняў ядзернай ДНК выявілася, што лясны зубр з'яўляецца прадуктам гібрыдызацыі паміж вымерлымі стэпавым зубрам (або еўразійскім бізонам; Bison priscus) і продкам сучаснай буйной рагатай жывёлы, турам (Bos primigenius), якое адбылося 120 тысяч гадоў і атрымала да 10% геномных набораў дзікага быка.
![Першабытны бой зубра і тура. Сучасная рэканструкцыя. Першабытны бой зубра і тура. Сучасная рэканструкцыя.](/img/v1/images/mal_17_boj_zubra_z_turam.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Першабытны бой зубра і тура. Сучасная рэканструкцыя.
Калі малюнкі XVI ст. «зубратураў» не простыя фантазіі мастакоў, то яны павінны сведчаць аб захаванасці асобных гібрыдных папуляцый у Еўропе да гістарычных часоў (або працэс гібрыдызацыі працягваўся і ў гэты час). Або гэтыя малюнкі базуюцца на больш ранніх артэфактах, якія да нас не дайшлі.
![Мумія стэпавага зубра-бізона (знойдзены на Алясцы) і ягоная рэканструкцыя. Еўразійскі стэпавы бізон, падвід якога існаваў і ў Паўночнай Амерыцы, быў бадай што самым буйным з капытных дагістарычных жывёл часоў апошняга ледніка — ён амаль у 1.5 разы пераўзыходзіў памерамі і вагой ляснога зубра. Мумія стэпавага зубра-бізона (знойдзены на Алясцы) і ягоная рэканструкцыя. Еўразійскі стэпавы бізон, падвід якога існаваў і ў Паўночнай Амерыцы, быў бадай што самым буйным з капытных дагістарычных жывёл часоў апошняга ледніка — ён амаль у 1.5 разы пераўзыходзіў памерамі і вагой ляснога зубра.](/img/v1/images/mal_18_zubr_stepavy.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Мумія стэпавага зубра-бізона (знойдзены на Алясцы) і ягоная рэканструкцыя. Еўразійскі стэпавы бізон, падвід якога існаваў і ў Паўночнай Амерыцы, быў бадай што самым буйным з капытных дагістарычных жывёл часоў апошняга ледніка — ён амаль у 1.5 разы пераўзыходзіў памерамі і вагой ляснога зубра.
Хаця рэшткаў меркаванага выкапнёвага продка не выяўлена, каля 55 тыс. гадоў таму продкі ляснога зубра «памяняліся» экалагічным дамінаваннем са стэпавымі бізонамі ў сувязі з буйнымі кліматычнымі зрухамі. Ранняе пячорнае мастацтва нашых продкаў зафіксавала выразныя марфалагічныя формы, якія адпавядаюць гэтым зменам, у перыяд апошняга ледавіковага максімуму (каля 21—18 тыс. гадоў таму) — як гэта паказана на схематычнай прамалёўцы.
![Прамалёўка пячорных выяваў стэпавага зубра (або еўразійскага бізона) — злева, і ляснога зубра — справа Прамалёўка пячорных выяваў стэпавага зубра (або еўразійскага бізона) — злева, і ляснога зубра — справа](/img/v1/images/mal_19_pjaczornae_mastactva.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Прамалёўка пячорных выяваў стэпавага зубра (або еўразійскага бізона) — злева, і ляснога зубра — справа
Усе прыведзеныя розныя гістарычныя і мастацкія прыклады падкрэсліваюць, што ніколі не было дакладнага разумення паходжання зубра і сістэматычнай таксанаміі для гэтых жывёл.
****
Лічыцца, што папуляцыя зубра неаднаразова распаўсюджвалася па Еўропе, але пашырэнне лясоў (12 000-8 000 да н.э.) скараціла прыдатныя адкрытыя арэалы. Хаця паміж 9500 і 7000 гг. да н.э. зубр знік з большай часткі Еўропы, тым не менш, аказалася, што ён больш прыстасаваны да ляснога асяроддзя ў параўнанні з дзікім быкам-турам. Земляробчая «рэвалюцыя» эпохі неаліту (7-5 тыс. да н.э.) дадаткова прыціснула еўрапейскіх зуброў.
З XVI ст. нашай эры від захаваўся ў дзікай прыродзе толькі дзякуючы каралеўскай ахове. Паміж 1919 і 1927 гадамі абодва падвіда зубра (каўказскі і лясны), як вольныя дзікія папуляцыі, вымерлі. Некалькі асобін зубра захавалася толькі па запаведніках і заапарках.
![Белавежскія зубры. Здымак аўтара. 2019 г. Белавежскія зубры. Здымак аўтара. 2019 г.](/img/v1/images/mal_20_zubry.png?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Белавежскія зубры. Здымак аўтара. 2019 г.
Сённяшняя рэвіталізацыя зубра (адраджэнне віду) — гэта не толькі навуковы поспех, але і сапраўдная перамога гуманізму, пераход ад «пячорных» поглядаў на прыроду на якасна новы ўзровень існавання цывілізацыі. Прачытаныя з пункту гледжання сучаснасці думкі «нашага француза-гарадзенца» Жылібера надзіва актуальныя: у сваёй усхвале «першабытнай прыроды, вольнай ад чалавечых дзеянняў і не парушанай выпадковасцю або неўтаймаванасцю чалавечых жаданняў» ён гучыць вельмі сугучна да сённяшніх панегірыкаў захаванай першабытнасці Белавежскай пушчы, скарбу айчыннай і агульнаеўрапейскай прыроды.