Затрыманні па «справе Гаюна» не спыняюцца. Хронікі рэпрэсій 27 жніўня

Паводле звестак «Вясны», у Беларусі дагэтуль працягваюцца затрыманні ў межах крымінальнай справы за перадачу інфармацыі «Беларускаму Гаюну» — апошнія з іх адбыліся на гэтым тыдні. Праваабаронцам вядома пра шэраг судовых працэсаў па гэтай справе — фігурантам прызначаюць ад «хіміі» да калоніі. Некаторым затрыманым падаўжаюць меру стрымання пад вартай на некалькі месяцаў.

1_1097_1.png

«Вясна» мае інфармацыю пра як мінімум 53 пацверджаных(!) фігурантаў «справы Гаюна», якіх змясцілі пад варту. Агульная ж лічба затрыманых значна больш — палітычны пераслед 53 чалавек, пра які мы пішам, быў цалкам верыфікаваны і пацверджаны

Па звестках «Флагштока», толькі ў Гомельскай вобласці затрымана, меркавана, больш за 250 чалавек. Масавыя затрыманні адбываюцца і ў Гарадзенскай вобласці, але дакладная колькасць затрыманых невядомая.

Таксама «Флагшток» паведамляе, што ў сілавікоў ёсць ID усіх, хто адпраўляў паведамленні ў «Гаюн», ёсць тэксты паведамленняў і назвы адпраўленных кожным карыстальнікам файлаў, але няма саміх файлаў, толькі «іконкі» фота і відэа. 

Затрыманым сілавікі падсоўваюць відэа і фота, якія былі апублікаваныя «Гаюном», і патрабуюць прызнаць, што менавіта гэты кантэнт адправіў карыстальнік.

Камітэт ААН па ліквідацыі дыскрымінацыі ў дачыненні да жанчын заклікаў Беларусь прыняць меры па абароне Вікторыі Кульшы

25 жніўня Камітэт ААН па ліквідацыі дыскрымінацыі ў дачыненні да жанчын (КЛДЖ) зарэгістраваў скаргу на дыскрымінацыю Вікторыі Кульшы, паведамляе арганізацыя Respect-Protect-Fulfill. ААН заклікала Беларусь тэрмінова прыняць меры па абароне палітзняволенай. Камітэт папрасіў надаць жанчыне неабходную медыцынскую і псіхалагічную дапамогу, а таксама забяспечыць належныя ўмовы ўтрымання.  

Нагадаем, першапачаткова Вікторыя была асуджана па артыкуле 342 КК за ўдзел у мірнай акцыі пратэсту і яе арганізацыю. Пасля яе яшчэ чатыры разы асудзілі па артыкуле 411 КК, нібыта за злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы. Прыцягваць да адказнасці па гэтым артыкуле ў Беларусі могуць неабмежаваную колькасць разоў. 

Гарадзенец вярнуўся праз камісію па вяртанні — крымінальную справу пакуль не спынілі

25-гадовы жыхар Гродна Дзяніс Дудкевіч вярнуўся ў Беларусь з Польшчы праз так званую «камісію па вяртанні». Хлопец, які выглядае даволі прыгнечана, даў інтэрв'ю гродзенскаму каналу і расказаў сваю гісторыю, піша «Наша Ніва».

У 2020 годзе ўдзельнічаў у Гродне ў пратэстах. Потым яго сталі выклікаць у міліцыю, і хлопец вырашыў не вяртацца з вучобы з Польшчы. Бацькі настаялі, каб ён напісаў у камісію па вяртанні і ехаў дадому.

«У дваццатых чыслах чэрвеня я атрымаў адказ. Гэта быў даволі строгі дакумент. Ён быў афіцыйны. Мне прыйшлося некалькі разоў яго перачытаць, каб зразумець, што страшнага тут я зараз нічога не бачу», — сказаў хлопец.

Але, як высветлілася, крымінальную справу супраць хлопца пакуль не закрылі. Цяпер Дзяніс знаходзіцца пад падпіскай аб нявыездзе. 

Паводле афіцыйнай інфармацыі, следчыя пакуль толькі плануюць спыніць крымінальную вытворчасць, але завядуць адміністрацыйную справу супраць яго.

Найменей шэсць былых «афганцаў» з Віцебшчыны асуджаны па палітычна-матываваных справах

Як піша «Віцебская Вясна», траіх  асудзілі па адміністрацыйных артыкулах за «распаўсюд экстрэмізму ў інтэрнэце» — па ч.2  арт. 19.11 КаАП  былі асуджаны Юрый Каравацкі з Паставаў, Чэслаў Шавардак з Докшыцкага раёна, віцяблянін  Генадзь Анікееў.

Яшчэ трое трапілі пад крымінальны пераслед за абразу Аляксандра Лукашэнкі, садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці, удзел у пратэстах 2020-га. Гэта Уладзімір Лісіца, 57-гадовы жыхар Лёзненшчыны, 58-гатовы Сцяпан Рогацень з вёскі Запруддзе Глыбоцкага раёна і 56-гадовы віцяблянін Андрэй Матусенка. Усе яны прызнаныя «экстрэмістамі». 

Іх гісторыі нагадаў () Youtube-канал «Витебщина как есть». 

Наша дапамога вельмі патрэбна палітзняволенай! 

Ірына Кішкурно была затрыманая 31 кастрычніка 2024 года па справе «дваравых чатаў» і асуджаная 20 жніўня 2025 года на 2 гады зняволення. Вядома, што жанчына працавала бібліятэкаркай, а апошні год перад затрыманнем — у сістэме гарадскіх камунальных прадпрыемстваў Мінгарвыканкама.

Ад людзей, якія сустракаліся з Ірынай у зняволенні, стала вядома, што яна вельмі цяжка перажывае арышт. Па яе словах, ад яе адвярнуліся сваякі і сябры. Гэта азначае, што яна не атрымлівае ні перадач, ні лістоў са словамі падтрымкі. Акрамя таго, у Ірыны сур’ёзныя праблемы са здароўем: судовыя пасяджэнні нават даводзілася перапыняць, бо жанчыне станавілася дрэнна.

У Ірыны сёння дзень народзінаў, ёй спаўняецца 63 гады. 

Калі ласка, знайдзіце магчымасць падтрымаць Ірыну! Вы можаце напісаць ёй ліст, у тым ліку гэта можна зрабіць праз сайт ініцыятывы Dissidentby або даслаць невялікую бандэроль з-за мяжы — гэта вельмі дапаможа маральна падтрымаць палітзняволеную. Памятайце пра рэпрэсіі і выбірайце спосабы падтрымкі, якія будуць для вас бяспечнымі. 

Ірына Віктараўна Кішкурно 

СІЗА №1 Навадворскі с/с 143/4, в. Пашковічы, Мінскі раён, Мінская вобласць 223016