Супрацоўнікаў фондаў BYSOL і BY_Help завочна асудзілі на вялікія тэрміны. Хронікі рэпрэсій 25 жніўня
Гомельскі абласны суд разгледзеў крымінальную справу паводле абвінавачвання супрацоўнікаў фондаў BYSOL і BY_Help Андрэя Стрыжака, Аляксея Лявончыка, Яраслава Ліхачэўскага, Аляксея Кузьмянкова, Аляксандра Лапко, Аляксандры Жук і Аляксандра Падгорнага. Іх асудзілі завочна.

Іх прызналі вінаватымі і па сукупнасці злачынстваў шляхам частковага складання пакарання прызначыў: Стрыжаку і Лявончыку па 18 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, Ліхачэўскаму, Кузьмянкову, Лапко і Падгорнаму па 16 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, Жук — 16 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.
Таксама фігурантам справы прызначылі штрафаў агулам на 1 659 000 рублёў.
Жыхара Віцебска затрымалі за кінуты на зямлю чырвона-зялёны сцяг
Паведамляецца, што 34-гадовы мясцовы жыхар разам з дрэўкам зняў дзяржаўны сцяг з кранштэйна і прайшоў з ім каля 100 метраў. Як пішуць прапагандысты, мужчына «імкнучыся прычыніць шкоду аўтарытэту нашай краіны, дэманстратыўна, размахваючы пранёс дзяржаўны сімвал».
Прайшоўшы сотню крокаў, мужчына кінуў сцяг на зямлю. Яго затрымалі, адсачыўшы гэтыя дзеянні па відэакамерах. Распачата крымінальная справа, піша Віцебская Вясна.
Журналіста Алега Супрунюка асудзілі да трох гадоў калоніі
Брэсцкага журналіста Алега Супрунюка 8 жніўня асудзілі да трох гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму, паведамляе БАЖ. Яго прызналі вінаватым ва «ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаванні» (ч. 3 арт. 361–1 КК). Да суда больш за паўгода журналіста ўтрымлівалі пад вартай у СІЗА.
Журналісту ў верасні споўніцца 58 гадоў. Ён мае інваліднасць, і ёсць перасцярогі, што за кратамі стан здароўя журналіста можна значна пагоршыцца.
Алег Супрунюк вядомы жыхарам Брэстчыны як рэпарцёр, які асвятляў для іх сацыяльна і грамадска значныя праблемы рэгіёна. За час у прафесіі працаваў у газеце «Брестский курьер», анлайн-выданні «Пёршы рэгіён», супрацоўнічаў з іншымі незалежнымі выданнямі.
Стала вядома, за што сям'ю мінскага бізнесмена Саўрыцкага адправілі ў калонію на пяць гадоў
Сям'ю з трох чалавек мінскага бізнесмена Саўрыцкага асудзілі за «распальванне іншай сацыяльнай варожасці» (ч. 3 арт. 130 КК). У лістападзе мінулага года Генадзя, Ірыну і іх дачку Віялету асудзілі да пяці гадоў калоніі. Цяпер жанчыны адбываюць тэрмін у гомельскай жаночай калоніі № 4, а былы бізнэсмен — у магілёўскай калоніі № 15. Прысуд вынес суддзя Міхаіл Макарэвіч. Дзяржабвінавачванне па справе падтрымлівала сумнавядомая пракурорка Аліна Касьянчык.
Цяпер праваабаронцам стала вядома, у чым канкрэтна абвінавацілі сям'ю. Нагодай для суровага пакарання стаў створаны сям'ёй відэаролік летам 2020 года з заклікам спыніць гвалт.