Журналісты Алег Супрунюк і Павел Дабравольскі прызнаныя палітвязнямі. Хронікі рэпрэсій 26 жніўня

Брэсцкі журналіст Алег Супрунюк быў прызнаны вінаватым ва «ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаванні» (частка 3 артыкула 361–1 КК) і асуджаны да пазбаўлення волі тэрмінам на тры гады. Праваабаронцы таксама маюць інфармацыю пра зняволенне былога журналіста Naviny.bу Паўла Дабравольскага. 

1_1097_1.png

Раней Павел супрацоўнічаў з рознымі незалежнымі выданнямі, падчас пратэстаў 2020 года яго затрымлівалі і прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці ў сувязі з ажыццяўленнем прафесійнай дзейнасці. Увосень 2021 году Павел пакінуў Беларусь. Аднак, як стала цяпер вядома, са студзеня 2025 года ён знаходзіцца ў Беларусі пад вартай у следчым ізалятары.

Нашы аўтары за кратамі. У палоне рэжыму: Мікола Дзядок — 1748 дзён, Дзяніс Івашын — 1628 дзён.

З асуджаных завочна ў Гомелі Стрыжака, Лявончыка ды іншых актывістаў улады хочуць спагнаць 26,5 мільёнаў рублёў, «здабытых злачынным шляхам»

25 жніўня ў Гомельскім абласным судзе вынеслі завочны прысуд заснавальніку фонду салідарнасці BYSOL Андрэю Стрыжаку, а таксама іншым актывістам.

У прыватнасці Андрэя Стрыжака абвінавацілі паводле 24 артыкулаў Крымінальнага кодэкса.

Чарговае папаўненне «Спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў»

У яго трапілі старонкі ў Instagram «rizzzal_666», «dobrovolski_kult», «free_belarus_sf» з лагатыпам, а таксама TikTok-старонкі «Такi Лукавы», «патрыёт для народа», «da_voli_by», «Rizzzal».

У гродзенскім універсітэце ўвядуць дзяжурствы, каб «папярэдзіць экстрэмізм»

Каб змагацца з экстрэмізмам і тэрарызмам, у Гродзенскім дзяржаўным аграрным універсітэце будуць арганізоўваць дзяжурствы студэнтаў-жыхароў. Таксама такім чынам збіраюцца ўмацаваць грамадскую бяспеку і дысцыпліну.

Гэта стала вядома з новага загаду «Палажэнне аб студэнцкім інтэрнаце» ад 8 ліпеня за подпісам рэктара. Папярэдняя версія ад 6 студзеня 2023 года страціла сілу.

Як менавіта дзяжурствы дапамогуць змагацца з экстрэмізмам і тэрарызмам, у дакуменце не раскрываецца.

Таксама ў ім сказана, што выхаваўчую працу ў інтэрнаце праводзіць адміністрацыя ўніверсітэта сумесна з аддзелам па ідэалагічнай і выхаваўчай рабоце пры ўдзеле актыву БРСМ, піша hrodna.life.

Саўладальніка Wargaming Мікалая Кацалапава сёння пачалі завочна судзіць за данаты

Справу Мікалая разглядае Мінскі гарадскі суд.

Яму інкрымінаваныя ч. 1 і ч. 2 арт. 361-2 КК (фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці) і ч. 2 арт. 290-1 КК (фінансаванне тэрарыстычнай дзейнасці).

Нагадаем, раней прапагандысты паведамлялі, што Кацалапаў нібыта зрабіў «дзясяткі пераводаў у крыптавалюце» на «сотні тысяч даляраў» у розныя «экстрэмісцкія» ініцыятывы. У студзені 2023 яго ўнеслі ў спіс «тэрарыстаў».