Супраць каго скіраваны законапраект аб генацыдзе? Адказвае Валерый Карбалевіч

Беларускі палітолаг — аб новай заканадаўчай ініцыятыве ўладаў.

dsc_7076_1.jpg

— На Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале надрукаваны законапраект «Аб генацыдзе беларускага народу». Відавочна, што з'яўленьне такога дакументу — гэта ход у палітычнай барацьбе, — піша Валерый Карбалевіч у аўтарскай калонцы на «Свабодзе». — 

Улады імкнуцца выкарыстаць гісторыю як спосаб сваёй легітымізацыі і інструмент дыскрэдытацыі апанентаў. Яны хочуць прывязаць прыхільнікаў бел-чырвона-белага сцяга да калабарантаў, якія разам з фашыстамі ажыццяўлялі генацыд. Схема не новая. Яна выкарыстоўваецца ў палітычнай барацьбе ўжо шмат гадоў. Новае ў тым, што цяпер за «адмаўленне генацыду» прадугледжваецца крымінальная адказнасць.

Садзіць у турму за «няправільную» інтэрпрэтацыю гісторыі — гэта не самым лепшым чынам характарызуе палітычны рэжым у краіне. Наўрад ці варта спрачацца наконт таго, якім тэрмінам характарызаваць фашысцкі тэрор на тэрыторыі Беларусі. Аднак, калі гаварыць пра гістарычны аспект гэтага закону, то тут існуе некалькі праблем.

Па-першае, калі гаварыць пра генацыд, то чаму не пашырыць часовыя рамкі, не ўключыць даваенны перыяд, не ўзгадаць ахвяраў тэрору савецкага таталітарызму? Хіба ў Курапатах ляжаць не прадстаўнікі беларускага народу?

Другая праблема, на якую звярнуў увагу нямецкі гісторык Аляксандр Фрыдман. Справа ў тым, што на тэрыторыі Беларусі было знішчана шмат габрэяў з Нямеччыны, Чэхіі і Аўстрыі, якіх нацысты дэпартавалі сюды падчас вайны. А ў законапраекце гаворка ідзе пра генацыд супраць беларускага народу. Як аддзяліць прадстаўнікоў беларускага народу ад габрэяў з Еўропы?

Па-трэцяе, неяк дзіўнавата гучыць згадка пра генацыд беларускага народу ў пасляваенны перыяд. Зразумела, навошта гэта робіцца. Улады хочуць паставіць у адзін шэраг злачынствы фашыстаў падчас вайны і тэрор супраць беларускага насельніцтва на Беласточчыне, учынены атрадамі Рамуальда Райса («Буры») пасля 1945 году. Гэта ідэалягічны і палітычны выпад супраць Польшчы. А заадно ўдар па Саюзу палякаў Беларусі, лідары якога (Анджэй Пачобут, Анжаліка Борыс) сядзяць у турме якраз за ўшанаванне «праклятых жаўнераў».

Тэрор быў, гэта ніхто не адмаўляе. Але антыкамуністычнае падполле Польшчы, структуры Арміі Краёвай, якія ўсю вайну ваявалі з фашыстамі, назваць «памагатымі» нацысцкіх злачынцаў — гэта вялікае насілле над гісторыяй.

Аднак самае галоўнае ў тым, што спадзяванні ўладаў чарговай апеляцыяй да генацыду часоў мінулай вайны павярнуць на свой бок сімпатыі грамадзтва выглядаюць марнымі і ўтапічнымі.