Карбалевіч: Незалежнасць Беларусі для кіруючага рэжыму не з'яўляецца каштоўнасцю

Заява міністра замежных спраў Беларусі Уладзіміра Макея пра рызыку страты незалежнасці рэспублікі з-за санкцый ЕС выглядае вельмі дзіўнай.

15972917_303_1.jpg

Такое меркаванне ў каментары карэспандэнту «Палітрынга» выказаў палітычны аглядальнік Валерый Карбалевіч.

Па яго словах, перш чым прааналізаваць гэтую заяву Макея, трэба разабрацца, ад чаго ў рэчаіснасці залежыць незалежнасць любой дзяржавы.

«Незалежнасць і суверэнітэт Беларусі залежаць ад палітыкі кіраўніцтва дзяржавы. І калі Беларусь страціць незалежнасць, то толькі ў выніку дзеянняў канкрэтнага кіраўніцтва. Заява Лукашэнкі пра Крым і магчымую паездку на паўвостраў — яркая таму ілюстрацыя», — растлумачыў ён.

Такім чынам, падкрэслівае Карбалевіч, з заявы Макея можна зрабіць выснову аб тым, што «незалежнасць Беларусі для кіруючага рэжыму не з'яўляецца каштоўнасцю, і яны гатовыя здаць яе пры нейкіх абставінах».

«Па-другое, з заявы Макея вынікае, што незалежнасць Беларусі для Захаду павінна быць больш важная, чым для палітычнага кіраўніцтва Беларусі. І гэта дзіўна чуць ад міністра замежных спраў Беларусі. Таксама яна выглядае дзіўнай і з пункту гледжання звычайнай палітычнай логікі», — указаў ён.

Нагадаем, што ў інтэрв'ю тэлеканалу «Беларусь 1» міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей заявіў, што праз санкцыйны ціск Еўрасаюз можа назаўжды страціць магчымасць нармальных стасункаў з Беларуссю, а сама краіна — пазбавіцца дзяржаўнасці.