Пагроза страты дзяржаўнасці: пры чым тут правы чалавека?

Сусветны дзень правоў чалавека Беларусь сустракае практычна без гэтых правоў. У мінулым годзе мы рабілі інфаграфіку, дзе пералічвалі пяць парушаных прынцыпаў Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека ў жніўні-снежні 2020-га. Цяпер, перачытваючы тэкст дэкларацыі, такія карцінкі рабіць бессэнсоўна. У нас парушаныя абсалютна ўсе (!) артыкулы Дэкларацыі, за выключэннем, хіба, толькі 16-га, які тычыцца вольнага ўступлення ў шлюб.

Калаж Улада Рубанава

Калаж Улада Рубанава


Не дзіўна, што міжнародная некамерцыйная арганізацыя CIVICUS, якая штогод стварае справаздачу па стане грамадзянскіх свабод у свеце, аднесла Беларусь да «закрытай» у плане такіх свабод. «Закрытая» — гэта найгоршы рэйтынг, які можа атрымаць краіна ў справаздачы «People Power Under Attack 2021». «Закрытая» азначае, што ў Беларусі пераважае атмасфера страху і гвалту, людзей саджаюць у турмы і падвяргаюць нападам за ажыццяўленне іх грамадзянскіх правоў на свабоду асацыяцыі, сходаў і выказвання меркавання.
У справаздачы CIVICUS згадана ўсё агулам, і, калі глядзець на яе, становіцца неяк не па сабе. Бо мы жывем у інфармацыйнай павестцы «аднаго дня», калі сённяшняя навіна не з’яўляецца навіной заўтра. А ў гэтым дакуменце рысачкамі, але ўсё сабрана разам: смерці пратэстоўцаў, прысуды палітвязням, шалёныя штрафы, «зачыстка» арганізацый грамадзянскай супольнасці, недзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі, адвольныя затрыманні, катаванні ў турмах…
Міжволі ўзнікае пытанне: «Як мы ўсё гэта перажываем»?
І не толькі перажываем. Мы працягваем дзейнасць, нягледзячы на тое, у якой сітуацыі аказаліся. Разгромленыя праваабарончыя арганізацыі па-ранейшаму адсочваюць сітуацыю з парушэннем правоў чалавека, расказваюць пра так званыя «суды» і затрыманні. Недзяржаўныя СМІ працягваюць працу, незалежна ад дзяржаўных межаў. Грамадзяне Беларусі працягваюць «партызаніць» і праводзіць лакальныя акцыі пратэсту — хай сабе Андрэй Швед, які займае пасаду Генпракурора, кажа, што сілавікі «поўнасцю кантралююць абстаноўку ў краіне».
Калі б словы Шведа былі праўдай, не было б патрэбы ў новых затрыманнях і палітычных працэсах. А яны адбываюцца штодня.


Цяпер шмат хто з крытыкаў іранізуе: дзе тыя «97%», пра якія казалі ўвосень 2020-га? І іранізуюць дарма. На самай справе, яны нікуды не падзеліся. Яны ўсё яшчэ тут, і іх сапраўды 97%. Інакш ва ўлады не было б сэнсу працягваць рэпрэсіі, прыходзіць з ператрусамі да актывістаў, журналістаў, не было б хвалі палітычных звальненняў, і Лукашэнка б не ставіў «сматрашчых» з ліку сілавікоў і КДБ у кожны выканкам. Усе словы пра «кантралюемую абстаноўку ў краіне» — гэта ўсяго толькі спробы самазаспакаення. А вось «ашчушчэнія» ўладзе кажуць, што не ўсё так добра, як хацелася б.
Ужо неаднаразова казалі, што ў Беларусі паўстала сапраўдная грамадзянская супольнасць. Не ў яе традыцыйным сэнсе, не структуры недзяржаўных арганізацый — а проста аб’яднанні грамадзян, якія робяць супольную справу. І гэта для ўлады — самае небяспечнае. Таму што такія «кружкі па інтарэсах» немагчыма кантраляваць, і іх немагчыма знішчыць. Нельга разагнаць пяць чалавек, якія пішуць паштоўкі палітвязням, таму што на іх месца прыйдуць новыя пяць чалавек. Нельга забараніць банкаўскія пераводы «на салідарнасць», таму што прыйдзецца забараніць банкаўскія пераводы ўвогуле. І нельга забараніць бел-чырвона-белы сцяг, таму што ён не на вуліцы — ён у сэрцы.
Але самую вялікую памылку беларускія ўлады здзейснілі не тады, калі пачалі маштабныя рэпрэсіі. Рэпрэсіі — гэта толькі наступства вялікай памылкі. Самая вялікая памылка — гэта іх уяўленне пра правы чалавека як пра нейкае «абстрактнае паняцце», якое ні нашто не ўплывае. Насамрэч жа, правы чалавека — гэта паняцце вельмі і вельмі канкрэтнае.
Днямі спадар Макей, які называецца міністрам замежных спраў, заявіў, што «Беларусь страціць дзяржаўнасць, калі санкцыйны ціск будзе працягвацца». Можна, канешне, было б задаць пытанне спадару Макею: што было раней — курыца альбо яйка? То-бок, з чаго ўзніклі санкцыі, і ці не варта было б напачатку ліквідаваць іх першапрычыну — маштабнае парушэнне правоў чалавека, пад тысячу толькі прызнаных палітвязняў і нуль крымінальных спраў за катаванні ў дачыненні да сілавікоў. Але насамрэч, варта задацца пытаннем з любога курсу паліталогіі: што такое «дзяржаўнасць», знікненнем якой пагражае спадар Макей?
Большасць палітолагаў сыходзяцца ў тым, што «дзяржаўнасць» — больш шырэйшае паняцце за слова «дзяржава». «Дзяржаўнасць» — гэта форма арганізацыі людзей, накіраваная на фармаванне і падтрыманне актуальных формаў сумеснага пражывання і дзейнасці ў тэрытарыяльных межах, насельніцтва, і скіраванай на забеспячэнне суверэнітэту ўласнага народа. Гэта комплекснае паняцце, на якое, апроч дзяржаўна-праўных інстытутаў уплыў аказваюць і непалітычныя інстытуты, якія ствараюць яго эканамічную, сацыяльную, інфармацыйную і іншыя сферы грамадскага жыцця.
Такім чынам, знішчэнню беларускай дзяржаўнасці спрыяюць не заходнія санкцыі, а сам спадар Макей, які ў красавіку гэтага года казаў, што «любое далейшае ўзмацненне жорсткасці санкцый прывядзе да таго, што грамадзянская супольнасць перастане існаваць». Словы са справаю не асабліва разышліся, і былі знішчаны тыя самыя «непалітычныя інстытуты», якія з’яўляюцца значнай часткай беларускай дзяржаўнасці.
Пра тое, што такое «праўныя» інстытуты, таксама забыліся ў краіне, дзе «іншым разам не да законаў». Гэта — таксама знішчэнне элемента дзяржаўнасці. Трапна на гэты конт выказаўся аналітык Пётр Кузняцоў: «У Еўропе (дый не толькі) пад дзяржавай разумеюць якую-ніякую, а сістэму інстытутаў, асновай дзейнасці якой з’яўляецца, як гэта ні дзіўна можа прагучаць, такая непатрэбная ў Беларусі штука, як Закон. Тэрыторыя, над якой садзяць самалёты і з якой адпраўляюць суседзям натоўпы мігрантаў, паралельна слепячы памежнікаў, якія абараняюць мяжу (гэта значыць, выконваюць закон) лазерам — гэта ў еўрапейскім разуменні не зусім дзяржава, хутчэй — нейкі анклаў (беззаконня)… Не хачу здацца занудлівым, але нешта падказвае, што ў бягучым статус-кво нават гандаль такім сур'ёзным лотам, як “дзяржаўнасць” шанцаў на поспех не мае. Таму што без законнасці гэтае паняцце — пусты гук».
Законнасць, грамадскія інстытуты, правы чалавека, такім чынам, аказваюцца не абстрактным паняццем, а якраз падмуркам дзяржаўнасці. І да страты дзяржаўнасці, па Макею, прыводзяць зусім не санкцыі, а менавіта разбурэнне гэтых падмуркаў. А ўжо хто вінаваты ў гэтым разбурэнні — то спадару Макею варта было б паглядзецца ў люстэрка.
Чым менш у краіне інстытутаў грамадзянскай супольнасці, чым менш правоў чалавека — тым меншы падмурак дзяржаўнасці. Чым больш у краіне палітвязняў, чым больш адвольных затрыманняў і палітычна матываваных прысудаў, тым больш дэвальвуецца праўная сістэма — і тым большая пагроза страты дзяржаўнасці.
Ці здолеем мы пасля такой атакі адрадзіць інстытуты абароны правоў чалавека? Зразумела ж, так. Гэта нават без сумневаў. І пэўна, мы павінны былі іх згубіць, каб асэнсаваць іх каштоўнасць. А тое, што правы чалавека — гэта сапраўды зусім не абстрактная каштоўнасць, пасля 2020-га, падаецца, стала зразумелым усім. Ну, за выключэннем некаторых, што займаюць цяпер пэўныя дзяржаўныя пасады. Але гэтае іх неразуменне якраз і адпраўляе іх на звалку гісторыі.