Леанід Судаленка, Лілія Уласава, Максім Знак і Дзмітрый Лаеўскі атрымалі прэмію «За абарону правоў чалавека»

Прэмія «За абарону правоў чалавека-2021» Рады адвакатаў і юрыдычных супольнасцяў Еўропы (ССВЕ) прысуджаная беларускім юрыстам Леаніду Судаленку, Ліліі Уласавай, Максіму Знаку і Дзмітрыю Лаеўскаму, а таксама ўсім адвакатам у Афганістане, якія знаходзяцца ў небяспецы.

ccbe.jpg

Цырымонія ўручэння прэміі адбудзецца 10 снежня падчас пленарнай сесіі CCBE з удзелам у якасці асноўнай дакладчыцы Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека Мішэль Бачэлет праз відэазварот, паведамляе «Вясна».

Чатыры беларускія юрысты атрымалі прэмію за тое, што вызначыліся сваёй мужнасцю, рашучасцю і адданасцю абароне асноўных правоў грамадзян і вяршэнства закона ў Беларусі. CCBE жадае аказаць падтрымку ўсім беларускім адвакатам, якія змагаюцца за павагу да вяршэнства закона і асноўных каштоўнасцяў юрыдычнай прафесіі, рызыкуючы сваёй свабодай і магчымасцю займацца юрыдычнай практыкай. Чатыры лаўрэаты Прэміі сталі ахвярамі судовага пераследу з-за іх законную дзейнасць у якасці юрыстаў і адвакатаў. Усім ім цяпер перашкаджаюць займацца сваёй прафесіяй: трое з іх знаходзяцца пад вартай, чацвёрты быў пазбаўлены адвакацкай ліцэнзіі.

Лілія Уласава была арыштаваная 31 жніўня 2020 года. 16 кастрычніка Уласава была вызвалена з-пад варты і змешчана пад хатні арышт. 23 кастрычніка хатні арышт быў скасаваны.

Максім Знак прадстаўляў інтарэсы многіх кліентаў у палітычных справах і быў асуджаны на 10 гадоў пазбаўлення волі пасля аднаго года папярэдняга зняволення. Ён па-ранейшаму знаходзіцца пад вартай.

Леанід Судаленка прадстаўляў інтарэсы праваабаронцаў і актывістаў і быў арыштаваны 18 студзеня 2021 года па абвінавачанні ў «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, і фінансаванні такой дзейнасці». У цяперашні час ён знаходзіцца пад вартай.

Дзмітрый Лаеўскі  — выбітны юрыст, які гучна распавядаў аб сітуацыі з вяршэнствам закона, незалежнасцю судовай сістэмы, юрыдычнай прафесіяй і правам на абарону ў Беларусі. У судзе ён прадстаўляў інтарэсы некалькіх палітвязняў. Ахвяра неабгрунтаванага ціску на працягу некалькіх гадоў, ён быў афіцыйна пазбаўлены адвакацкай ліцэнзіі 9 ліпеня 2021 года пасля двух дысцыплінарных разглядаў супраць яго.

Нагадаем, Савет адвакацкіх аб’яднанняў і юрыдычных таварыстваў Еўропы (CCBE) — міжнародная некамерцыйная асацыяцыя. Аб’ядноўвае калегіі адвакатаў і юрыдычныя супольнасці краін-сябраў, асацыяваных сябраў і краін-назіральнікаў. ССВЕ выступае пасярэднікам паміж ЕС, нацыянальнымі калегіямі адвакатаў і юрыдычнымі супольнасцямі Еўропы. Акрамя таго, асацыяцыя цесна супрацоўнічае з юрыдычнымі арганізацыямі за межамі Еўропы.

У розныя гады прэміяй «За абарону правоў чалавека» ўзнагароджваліся Станіслаў Маркелаў (пасмяротна), юрыст «Вясны» Павел Сапелка, Інцігам Аліеў ды іншыя.