Валянцін Стэфановіч: У нас працягваюцца злачынствы супраць бяспекі чалавецтва
Больш за 30 тысяч затрыманых цягам апошніх месяцаў — гэта можна параўнаць з тым, што за краты кінулі два Мінскія трактарныя заводы. Больш за 28 тысяч сутак арышту для дэманстрантаў — калі перавесці іх у месяцы і гады, то гэта прыкладна 78 гадоў — поўнае чалавечае жыццё ад нараджэння да смерці.
Больш за 900 крымінальных спраў, звязаных з палітыкай — гэта як пагалоўна пасадзіць такую дзяржаву, як Ватыкан. Тысячы заяваў у Следчы камітэт па фактах катаванняў з боку сілавых падраздзяленняў — і ніводнай узбуджанай крымінальнай справы. Больш за тое, некалькі смерцяў дэманстрантаў — і таксама нуль крымінальных спраў па гэтых фактах.
На такім фоне Беларусь сустрэла 10 снежня — Міжнародны дзень абароны правоў чалавека. Не дзіва, што некаторыя СМІ, асабліва замежныя, назвалі падзеі ў Беларусі «гуманітарнай катастрофай».
Да «гуманітарнай катастрофы» пакуль не дайшлі
Але ў нашым паняцці «гуманітарная катастрофа» — гэта дзясяткі тысячаў знясіленых уцекачоў на мяжы, галодных і босых, якія ўсімі праўдамі і няпраўдамі імкнуцца выбрацца са сваёй краіны. Гэтага мы, на шчасце, пакуль не назіраем. А можа, толькі пакуль?
Наколькі можна назваць нашую сітуацыю «гуманітарнай катастрофай»? Праваабаронца Валянцін Стэфановіч не апераваў бы такімі гучнымі азначэннямі.
— У кантэксце паняцця «гуманітарная катастрофа», што назіраецца ў міжнародным праве, канечне, у нас такога няма. Гуманітарная катастрофа — гэта калі Савет Бяспекі ААН прымае рашэнні аж да вайсковых інтэрвенцый і гуманітарных місій. Асабліва калі гэта голад ці вайна. Таму, калі ў нас ужываюць гэтае словазлучэнне, то гэта літаратурнае перабольшанне. Мы, праваабаронцы, гаворым пра глыбокі крызіс правоў чалавека і пра прававы дэфолт. Гэта відавочная дэвальвацыя прававой сістэмы, яна ў нас перабудаваная не на абарону правоў чалавека, а на рэпрэсіўныя захады.
Злачынства супраць чалавецтва
Пазбаўлены ўладамі рэгістрацыі праваабарончы цэнтр «Вясна» кажа, што ў нас было здзейснена «злачынства супраць бяспекі чалавецтва».
А вось такое азначэнне, па словах Стэфановіча, цалкам слушнае. Больш за тое, яно грунтуецца не толькі на міжнародных стандартах, але і на айчынным заканадаўстве.
— Калі мы кажам пра «злачынства супраць бяспекі чалавецтва», можна спасылацца не толькі на «Вясну», а на даклад, які зроблены ў межах Маскоўскага механізму АБСЕ. Там таксама пра гэта гаворыцца. Але, калі мы ўжывалі гэтае азначэнне, сыходзілі з артыкула 128 нашага Крымінальнага кодэкса, у дыспазіцыю якога ўваходзяць у тым ліку і масавыя палітычна матываваныя катаванні. Калі мы рабілі свой даклад «Беларусь у паслявыбарчы перыяд», мы казалі, што катаванні насамрэч насілі масавы і сістэмны характар.
Па яго словах, катаванні, якія адбываліся ў службовых аўтамабілях, РУУСах і ізалятарах нельга назваць нейкім «эксцэсам выканаўцаў», некалькіх міліцыянтаў ці некаторых падраздзяленняў. Гэта, на яго думку, была спланаваная акцыя, паколькі дзеянні міліцыянтаў былі аднолькавымі па ўсёй тэрыторыі краіны.
— Гэта не было два-тры выпадкі, толькі ў Следчы камітэт было пададзена больш за дзве тысячы зваротаў ахвяраў. А калі ўлічваць традыцыйную латэнтнасць ахвяраў катаванняў, якія не заяўлялі пра гэта ані праваабаронцам, ані, тым больш, у следчыя органы, то лічбу можна павялічваць мінімум утрая. Зыходзячы з тых апісанняў, якія мы атрымалі, я думаю, што кожны другі затрыманы падвергся катаванням альбо жорсткаму і бесчалавечнаму абыходжанню. Асабліва ў першыя дні, а іх там было вельмі шмат. І плюс — гэта нікуды не падзелася, гэта працягваецца і зараз. Збіццё ў аўтатранспарце і гэтак далей.
Гэтыя дзеянні былі палітычна матываваныя. Гэта ўяўна прасочваецца з таго, што апісвалі ахвяры. Гэта была карная акцыя ў дачыненні да людзей за тое, што яны прынялі ўдзел у антыўладных дэманстрацыях. Гэта і размовы амапаўцаў пра тое, што «мы зараз пакажам, за каго трэба было галасаваць», «хто твой прэзідэнт», загады спяваць дзяржаўны гімн, абвінавачанні, што дэманстранты — праплочаныя Захадам здраднікі… Усё падобнае рабілася не проста так, гэта была паказальная палітычна скіраваная экзекуцыя.
Сапраўды, артыкул 128 уключае ў сябе не толькі «катаванні і акты жорсткасці» ў сувязі з, сярод іншага, палітычнымі перакананнямі, але і такія рэчы, як дэпартацыя і незаконнае ўтрыманне ў зняволенні. І такіх фактаў у нас таксама было багата.
Крызіс і прававы дэфолт
Валянцін Стэфановіч кажа, што для ацэнкі сітуацыі ў краіне як крызісу, прававога дэфолту і дэвальвацыі прававой сістэмы багата фактараў і падыходаў:
— Ёсць розныя падыходы, як ацэньваць сённяшнюю сітуацыю. Можна проста па лічбавым паказніку — такой колькасці затрыманняў, пераследу ў нас не было ніколі. Больш за 30 тысяч чалавек былі затрыманыя за ўдзел у мірных сходах. Крымінальны пераслед перакрыў усе папярэднія крызісы, якія мы назіралі ў 2006, 2010 гадах.
Толькі па даных Генеральнай пракуратуры заведзена больш за 900 крымінальных спраў, — мы нават не ўсе прозвішчы ведаем. Кожны дзень мы назіраем судовыя працэсы, якія мы імкнемся адсочваць. Ужо 160 палітвязняў — і лічба абсалютна не канчатковая, па выніках атрымання інфармацыі і прозвішчаў мы будзем прызнаваць людзей такімі, і плюс яшчэ па ацэнцы судоў, асабліва з так званымі «гвалтоўнымі складнікамі» — 363, 364 артыкулы Крымінальнага кодэксу за гвалт у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі, іх ацэнка кожнага працэсу. Шмат што сведчыць пра тое, што гэта быў або «сімвалічны гвалт» кшталту хапання за вопратку, — і абсалютна непрапарцыйныя ўчынкам прысуды ў звязку з гэтым. І плюс, яшчэ трэба разумець кантэкст — тое, што дэманстранты былі атакаваныя міліцыяй, і гэта выклікала такі адказ на гвалт, які часам насіў характар самаабароны ад непрапарцыйных дзеянняў міліцыянтаў.
Таму, на думку праваабаронцы, і гэтыя людзі будуць таксама прызнавацца палітвязнямі. Праваабарончая супольнасць будзе патрабаваць калі не неадкладнага іх вызвалення, то як мінімум перагляду іх спраў.
— Другі паказнік — у цэлым мы бачым, што прававая сістэма краіны на нацыянальным узроўні аказалася цалкам не здатнай для яе скарыстання ў мэтах абароны парушаных правоў людзей. Тыя ж выпадкі катаванняў: больш за 2000 заяваў у Следчы камітэт — і ніводнай крымінальнай справы не было ўзбуджана. Мала таго, цяпер людзі атрымліваюць пастановы аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальных спраў на той падставе, што не ўстаноўленыя асобы, якія здзяйснялі катаванні.
Як лічыць Стэфановіч, гэтыя адмовы парушаюць Крымінальна-працэсуальны кодэкс. Невызначэнне асобы, якая здзяйсняла катаванні — не падстава для таго, каб адмовіць ва ўзбуджэнні крымінальнай справы. Крымінальныя справы могуць быць прыпыненыя па гэтай падставе да высвятлення асобаў, іх трэба шукаць. Але яны ўсё ж павінны быць заведзеныя.
А ў некаторых выпадках улады проста карыстаюцца «падменай паняццяў».
— Выпадкі смерцяў — мы гаворым пра як мінімум чатыры такія выпадкі, непасрэдна звязаныя з пратэстамі, якія адбыліся з-за дзеянняў супрацоўнікаў МУС альбо афіляваных з імі асобаў, як у выпадку з Раманам Бандарэнкам, калі такія асобы дзейнічалі відавочна ў інтарэсах улады і пад прыкрыццём уладаў. Там, дарэчы, таксама незразумела, што было прычынай смерці — дзеянні гэтых асобаў ці дзеянні супрацоўнікаў МУС, паколькі Бандарэнка быў у РУУС дзве гадзіны.
Нам кажуць, што ён быў п’яны, і што гэта была нібыта побытавая бойка. Але нават калі ўзяць гэтую ўладную версію, — я не ведаю такога выпадку, каб у выніку побытавай бойкі адбылося забойства, і па гэтым факце не была ўзбуджана крымінальная справа. «Побытавая бойка», «п’яны» — учапіліся за другасныя рэчы. Першасная справа, што ніякіх расследаванняў не праводзіцца. А відэа відавочна сведчыць пра супрацьпраўныя дзеянні, якія былі здзейсненыя ў дачыненні да яго, у выніку чаго, верагодна, ён загінуў.
І выпадак з Тарайкоўскім: на відэа абсалютна дакладна бачна, што яго застрэлілі фактычна ва ўпор, і супрацоўнікі міліцыі відавочна бачылі, што ён не ўзброены і не ўяўляе пагрозы. Гэта было незаконнае ўжыванне зброі, гэта адвольная смерць. Там ёсць пытанне кваліфікацыі: наўмыснае забойства, ненаўмыснае — гэта іншае пытанне, але крымінальная справа павінна быць узбуджаная.
Немагчымасць выкарыстаць для абароны правоў чалавека ні суды, ні пракуратуру, якая проста бяздзейнічае. Проста няма ніякіх дзеянняў! Ніхто не звяртае ўвагі на ўмовы ўтрымання людзей у ізалятарах. Куча інфармацыі ў СМІ пра тое, у якіх умовах знаходзіцца тая ж Вольга Хіжынкова. Хто-небудзь з пракуратуры правёў праверку па фактах гэтых публікацый? Хто-небудзь паехаў у Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў, паглядзеў, што там адбываецца? Ніхто і нічога.
Плюс шырокі погляд на права ў нас сёння — настолькі шырокі, што часам даходзіць да абсурдных рэчаў. Пікеты на ўласных гаўбцах, 10 гадоў турмы за надпіс «Мы памятаем» на асфальце, нібыта шкода ў буйным памеры. Там што, асфальт трэба было перакладаць па ўсім праспекце Пушкіна? Дзякуй богу, ад гэтага адмовіліся і зменшылі суму стратаў у 40 разоў. Але сам падыход — уражвае.
Два месяцы арышту за надпіс «Жыве Беларусь» на трансфарматарнай будцы, калі яна ўся размаляваная выявамі чэлесаў… Але чэлесы нікога не турбуюць, а за «Жыве Беларусь» чалавека садзяць на два месяцы ў турму. Пры тым, што маёмасць не пашкоджаная, не знішчаная, надпіс — не цынічнага зместу.
І такіх фактаў — вельмі шмат. Таму гэта і называецца «прававы дэфолт». Калі нічога не працуе, калі на нацыянальным узроўні абараніць чалавека немагчыма. Калі прававая сістэма вельмі хутка перабудавалася на рэпрэсіўныя падыходы, абсалютна забыўшыся на тое, што адна з яе асноўных функцый — гэта абарона правоў грамадзянаў.
Складанасць для свету
Калі ў краіне — прававы дэфолт і немагчыма дамагчыся абароны правоў чалавека ў нацыянальных інстанцыях, то варта звяртацца ў інстанцыі міжнародныя. Што робяць праваабаронцы ў міжнародных структурах? Якія структуры і механізмы для гэтага могуць быць задзейнічаныя?
Праваабаронца адзначае, што цяпер задзейнічаныя ці не ўсе мажлівыя міжнародныя рэсурсы і арганізацыі, якія могуць хоць неяк паўплываць на нашую сітуацыю. Але праблема ў тым, што міжнароднае права адносіцца да так званага «мяккага» права. Яно выбудаванае на прызнанні дзяржавай сваіх абавязальніцтваў у галіне правоў чалавека, прызнанні міжнародных дамоваў, і прызнанні міжнародных органаў. Беларусь жа часткова застаецца па-за гэтымі дамовамі.
— Калі мы гаворым пра міжнародныя механізмы, то беларуская праваабарончая супольнасць разам з міжнароднымі праваабарончымі арганізацыямі на сёння задзейнічала ўсе магчымыя механізмы, якія ёсць — пачынаючы ад ААН і заканчваючы АБСЕ. Трэба сказаць, што Беларусь яшчэ — па-за еўрапейскай сістэмай абароны правоў чалавека, мы не чальцы Рады Еўропы, не ратыфікавалі Еўрапейскую канвенцыю аб абароне правоў чалавека і асноўных свабод. Адпаведна, Страсбургскі суд — Еўрапейскі суд па правах чалавека — гэта не пра беларусаў. І гэта, канечне, вельмі шкада.
У ААН быў зварот ад ахвяраў катаванняў, які мы рыхтавалі ў Камітэт супраць катаванняў у межах працэдур Канвенцыі супраць катаванняў. Калі яны насілі масавы характар, то Камітэт праводзіць сваё расследаванне, але яно не публічнае, яно вельмі доўгае, і праблема ў тым, што ўсё гэта робіцца ў камунікацыі з урадам, урад краіны павінен быць уключаны ў гэты працэс. Але калі ўрад не хоча публікавання гэтага дакладу, то ён не будзе апублікаваны.
Была працэдура Універсальнага перыядычнага агляду па правах чалавека ААН. Першапачаткова гэты агляд павінен быў прадстаўляцца ўвесну 2020 года, але з-за пандэміі яго перасунулі на восень. Беларускія праваабарончыя арганізацыі выкарысталі гэты момант максімальна і грунтоўна абнавілі сваю справаздачу, якую дасылалі яшчэ ў мінулым годзе. Сітуацыя моцна змянілася за гэты час, прыйшлося рабіць маштабныя ўдакладненні і прасоўваць тэрміновыя рэкамендацыі: вызваленне палітвязняў, спыненне гвалту, расследаванне катаванняў і гэтак далей. Мы самі прымалі непасрэдны ўдзел — праз відэазвароты, і шмат тых рэкамендацый, якія мы рыхтавалі, агучваліся дэлегацыямі Камітэта па правах чалавека ААН.
Але зноўку: працэдуры мяккія. Цяпер урад павінен разгледзець гэтыя рэкамендацыі і выкласці сваю пазіцыю па іх. Улады могуць прыняць некаторыя рэкамендацыі, а некаторыя адхіліць, прычым без тлумачэнняў і матывацыі. Я думаю, што зноў будуць прынятыя нейкія абстрактныя рэкамендацыі, а крытычна важныя для нас — адхіленыя.
Яшчэ дамагліся слуханняў у Камітэце па правах чалавека ААН. Гэта адбывалася ўпершыню — прынамсі, у дачыненні да Беларусі. Была прынятая рэзалюцыя, Вярхоўны камісар па правах чалавека ААН упаўнаважаны рыхтаваць справаздачу на тэму сітуацыі правоў чалавека ў Беларусі. Нядаўна зноўку былі слуханні ў развіццё гэтай рэзалюцыі.
АБСЕ — актыўна працавалі па запуску Маскоўскага механізму, памятаючы папярэдні досвед 2010--2011 гадоў. Маскоўскі механізм дазваляе групе з дзесяці ці больш дзяржаў-удзельніц стварыць місію незалежных экспертаў для вывучэння асабліва сур’ёзнай пагрозы выкананню абавязацельстваў у сферы правоў чалавека ў адной з дзяржаў-удзельніц. Місія экспертаў рыхтуе справаздачу з рэкамендацыямі і парадамі для Рэспублікі Беларусь, АБСЕ і міжнароднай супольнасці па магчымых рашэннях узнятых пытанняў.
Маскоўскі механізм быў запушчаны, скончыўся вялікім дакладам, дзе зроблена багата рэкамендацый, і сярод іх — рэкамендацыя міжнароднага расследавання таго, што адбывалася ў Беларусі. А цяпер, паколькі гэты даклад быў прыняты, ужо на яго грунце адбываецца шмат розных дыскусіяў Еўрапарламента, Еўрасаюза, АБСЕ, ПАСЕ — што рабіць, якім чынам уплываць на крызіс і якія механізмы можна скарыстаць для міжнароднага расследавання.
І вось тут узнікае праблема, таму што такіх механізмаў асабліва не назіраецца. Беларусь не прызнае кампетэнцыю міжнароднага крымінальнага трыбунала і не ратыфікавала Рымскі статут міжнароднага крымінальнага суда. І малаверагодна, што сітуацыя можа развязацца ў межах нейкага трыбунала.
Цяпер актыўна абмяркоўваецца магчымасць выкарыстання механізму ўніверсальнай юрысдыкцыі — калі краіны ЕС, якія практыкуюць гэтую юрысдыкцыю, могуць узбуджаць справы па фактах катаванняў незалежна ад таго, дзе былі здзейсненыя гэтыя злачынствы, і ў дачыненні да неграмадзян сваіх краін. У Літве ўжо ёсць першы прэтэндэнт, гэта ўладальнік кветкавай крамы, якога катавалі. Мне гэта падаецца найбольш перспектыўным кірункам развіцця падзей.
Таксама стварэнне нейкага калі не трыбунала, дык можа быць даследчага цэнтра з прыцягненнем экспертаў, якія маюць досвед у расследаванні катаванняў, якасная апрацоўка фактычнага матэрыялу з магчымасцю выкарыстання гэтай інфармацыі ў мэтах пераследу ўжо ў межах універсальнай юрысдыкцыі нейкімі канкрэтнымі краінамі альбо ў будучым. Каб яны сталі доказнай базай на будучыню. Гэта тое, што зараз актыўна абмяркоўваецца на міжнародным узроўні.
Атрымліваецца, што ў міжнародных структур і так званага калектыўнага Захаду вельмі мала інструментаў, каб паўплываць на сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі. Рэальна на яе адрэагаваць могуць альбо асобныя краіны ў межах універсальнай юрысдыкцыі, альбо — толькі ўвядзеннем санкцый. Зыходзячы са ступені парушэнняў правоў чалавека і немагчымасці абараніць людзей у нацыянальных судах, падаецца, што ўжо прынятых санкцый відавочна недастаткова. І нават тыя эканамічныя санкцыі, пра якія пакуль што толькі ідзе размова — не вельмі прапарцыйны інструмент рэагавання на дзеянні беларускіх уладаў.
Рэпрэсіі — толькі вынік з прычыны
У той жа час Стэфановіч адзначае, што, размаўляючы пра сённяшнюю, сапраўды драматычную сітуацыю, мы пачалі пакідаць за кадрам яе вытокі. А між тым прычына гэтай сітуацыі — таксама велізарная праблема.
— Палітычны крызіс, крызіс з правамі чалавека, — гэта вынік таго, што ў краіне не засталося інструментаў не толькі для абароны правоў чалавека, але нават інструментаў, якія б гарантавалі ўдзел грамадзянаў у кіраванні сваёй краінай. Прэзідэнцкія выбары і іх вынікі прадэманстравалі поўную дэвальвацыю выбарчай сістэмы. Гэта была ўвогуле дэманстрацыя дна: калі пратаколы былі не проста сфальсіфікаваныя, іх нават не вывешвалі, людзям не абвясцілі вынікі, а выбарчыя камісіі ўцякалі ад людзей пад аховай АМАПу.
Відавочна, што ў такой сістэме немагчыма не тое што праводзіць выбары, але і казаць пра іх увогуле.Нам трэба шукаць выйсце, бо рэжым бачыць выйсце адно — захаваць уладу для Лукашэнкі. Любым шляхам. У іх адзіная магчымасць — рэпрэсіі, рэпрэсіі і яшчэ раз рэпрэсіі.
І гэта вельмі сур’ёзны крызіс і сур’ёзны выклік. Нашую сітуацыю можна параўнаць з сітуацыяй барацьбы з камуністычнымі рэжымамі ў 1980-х гадах у Польшчы ці Чэхаславакіі. І як гэта ўсё будзе вырашацца ў нас — вельмі складана сказаць.
Міжнародная супольнасць і міжнародныя інстытуты, канечне, могуць часткова паўплываць на сітуацыю ў Беларусі, але варта памятаць, што толькі ад нас залежыць, у якой краіне мы будзем жыць. Ці будзе Беларусь дэмакратычнай і прававой дзяржавай, залежыць сёння ад кожнага з нас.