Павел Усаў: Вынік галасавання на канстытуцыйным рэферэндуме — «за» ці «за»

Як бы ні прагаласавалі беларусы на маючым адбыцца ў лютым канстытуцыйным рэферэндуме, рэжым паспрабуе павярнуць любы яго вынік на сваю карысць. Такое меркаванне выказаў палітолаг Павел Усаў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Улады могуць паспрабаваць рэалізаваць хітры трук з рэферэндумам. Сутнасць яго ў тым, каб зрабіць любы вынік плебісцыту выгадным для рэжыму.
На "рэферэндум" будуць вынесены 2 варыянты адказаў: Ці падтрымліваеце вы змяненне ў канстытуцыю 1994 (1996) года? "Так". "Не".
У цэлым, для Лукашэнкі не з'яўляецца праблемай, калі народ "прагаласуе" супраць унясення змен у "канстытуцыю". Калі застанецца ранейшая канстытуцыя — ён пажыццёвы прэзідэнт. Гэта значыць, народ "падтрымаў" сістэму ў яе існуючай форме і такім чынам выказаў давер Лукашэнку.
Калі ж будзе прынятая "новая канстытуцыя", то ў ёй ён таксама застанецца кіраўніком, з той жа "падтрымкай большасці".
Для таго каб гэты план быў рэалізаваны, для ўлады важна, каб рэферэндум (сам працэс) адбыўся, і быў агучаны любы вынік: "за" ці "за". Па гэтай прычыне:
1. Неабходная яўка, каб паказаць масавы ўдзел у працэсе, яго легітымізацыя.
2. Таксама для сістэмы важна змяніць рыторыку, "ад неабходнасці прыняць новую канстытуцыю, да неабходнасці ўдзельнічаць у рэферэндуме і прагаласаваць". "Меркаванне народа важнае", "вы вызначаеце лёс краіны" і іншая прапаганда такога роду — гэта будзе прадавацца як своеасаблівы дыялог у грамадстве.
Ужо цяпер улады паступова мяняюць інфармацыйнае суправаджэнне рэферэндуму, што ў ідэалагічным плане не пакідае для Лукашэнкі пройгрышнага варыянту.
3. Абясцэньванне палітычнай значнасці канстытуцыі для Лукашэнкі і для сістэмы. "Няхай народ выкажацца, а я прыму яго волю". Так і так яны за тое, каб я застаўся. Мэта рэферэндуму — не новая канстытуцыя, а галасаванне, — павінна кампенсаваць электаральны правал 2020.
Вядома, Лукашэнка непаваротлівы і нягнуткі ў зменах уласнай палітычнай парадыгмы. Пакуль не зразумела, наколькі яму прынцыпова важная новая канстытуцыя: абнавіць легітымнасці, прадэманстраваць волю і зладжанасць працы дзяржавы, увесці новыя механізмы ўтрымання ўлады без выбараў, праз УНС і г.д. Калі з варыянтам новай канстытуцыі ён звязвае магчымасць прадэманстраваць сваю перамогу і дамінаванне, то намаганні будуць накіраваны на пэўны вынік. Калі не, то адкрываецца прастора для маніпуляцый.
Той факт, што новы праект яшчэ не агучаны, азначае, што канчатковага рашэння аб парадыгме рэферэндуму "працэс або вынік" яшчэ не прынята. Улада спрабуе спрагназаваць магчымыя варыянты і рэакцыі, і да канца не ўпэўнена ў сваіх ацэнках.
Што да трансфармацыі сістэмы, адмовы ад выбараў прэзідэнта ў 2025 годзе, механічнага падаўжэння прэзідэнцкіх тэрмінаў, то гэта можна зрабіць шляхам увядзення надзвычайнага становішча ў 2025 годзе або арганізацыі безальтэрнатыўных выбараў.
На дадзеным этапе выклікам для сістэмы застаецца дылема: праводзіць ці не праводзіць, а таксама ацэнка рызык. Не праводзіць — паказаць слабасць і няўпэўненасць. Праводзіць — стварыць умовы для новай палітычнай напружанасці, асабліва калі галасаванне будзе накіраванае на канкрэтны вынік і працэнт.