З сайта A1 знік каментар у падтрымку затрыманага прэс-сакратара кампаніі Мікалая Брэдзелева
Учора скончыліся 15 дзён з моманту затрымання прэс-сакратара А1 Мікалая Брэдзелева. Аднак інфармацыі аб тым, што ён выйшаў на волю, няма. Dev.by заўважыў, што каментар у падтрымку супрацоўніка быў выдалены з сайта A1 Telekom Austria Group.
![786a7837_2ihvs.jpg 786a7837_2ihvs.jpg](/img/v1/images/786a7837_2ihvs.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Як стала вядома, Мікалая Брэдзелева маглі звольніць з кампаніі, пакуль ён быў на Акрэсціна. Журналісты dev.by адправілі запыт А1, напісалі CEO кампаніі, але пацверджання або абвяржэння, а таксама каментара не атрымалі.
Начальнік упраўлення па грамадскіх сувязях А1 Мікалай
Брэдзелеў быў затрыманы 10 снежня. На відэа ў праўладных тэлеграм-каналах ён
кажа, што з ліпеня 2020-га нібыта перадаваў трэцім асобам інфармацыю, звязаную з
яго прафесійнай дзейнасцю, паведамляе дэталі свайго асабістага жыцця.
Аб якой інфармацыі ідзе гаворка, незразумела. Брэдзелеў
атрымаў 15 сутак.
У A1 Telekom Austria Group асудзілі затрыманне Мікалая,
запэўнілі, што «скарыстаюцца ўсімі даступнымі юрыдычнымі і дыпламатычнымі
спосабамі» для падтрымкі і абароны сваіх супрацоўнікаў.
Гэты каментар быў выдалены з сайта A1 Telekom Austria Group.
Прадстаўнік кампаніі ў Вене паведаміў, што Брэдзелеў не меў
доступу да дадзеных кліентаў, у кампаніі пачата ўнутранае расследаванне.
На днях намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Ігар Луцкі паведаміў, што А1 праверыць ААЦ і што супраць кампаніі будуць прынятыя «самыя жорсткія меры».