«Раскладаюцца тканкі нырак» — Мікалай Аўтуховіч пра праблемы пасля галадоўкі

Мікалай Аўтуховіч падчас судовага пасяджэння паведаміў пра сваё здароўе пасля сухой галадоўкі.

Сёння, 8 жніўня, працягнуўся суд па «справе Аўтуховіча». Вязень прысутнічаў на судовым працэсе, паведамілі праваабаронцы.

Мікалай Аўтуховіч, верагодна, спыніў сухую галадоўку 1 жніўня. Прынамсі, пра гэта паведаміла адміністрацыя калоніі. Нібыта на 22-і дзень ад пачатку сухой галадоўкі вязнь пачаў піць ваду, у той жа дзень яму паставілі кропельніцу, іх ставяць цяпер штодня. Таксама ён пачаў ужываць дзіцячае харчаванне.

Беларускія ўлады заявілі, што не могуць назваць сухую галадоўку — галадоўкай, бо нібыта Мікалай прымаў за гэты перыяд «нейкую колькасць вады і вугляводаў» і пра гэта, быццам, сведчаць аналізы. Дачка ж вязня распавядала днямі, што за час галадоўкі Аўтуховіч схуднеў на 20 кілаграмаў.

Мікалай Аўтуховіч сёння заявіў, што не згодны з заявай медыкаў і распавёў на судзе пра іншае: «27 ліпеня быў узяты аналіз, які праз чатыры дні паказаў, што арганізм цалкам абязводжаны, раскладаюцца тканкі нырак. Маё здароўе цалкам падарванае».

Падчас сённяшняга судовага пасяджэння Аўтуховіч заявіў таксама хадайніцтва наконт азнаяемлення з пратаколамі тых пасяджэнняў, на якіх ён адсутнічаў з-за галадоўкі. Суд задаволіў хадайніцтва.



Нагадаем, што 26 ліпеня Мікалай Аўтуховіч перад судом упаў ад слабасці. На пасяджэнні 28 ліпеня ён не прысутнічаў, і яго адвакатка не змагла даведацца, дзе ён. Сустрэлася яна з падабаронным толькі ўвечары 19 ліпеня, у той дзень яна і распавяла, што вязень надзвычай схуднеў, моцна асунуўся, але здолеў дайсці сваімі нагамі, хоць і павольна ды хістаючыся..

Мікалай Аўтуховіч ставіць сваёй галадоўкай толькі адно патрабаванне — каб яму перадавалі лісты. Цяпер ён пазбаўлены такой магчымасці: яму не перадаюць нават лісты ад маці.

У Еўрасаюзе адрэагавалі на апошнія навіны пра Мікалая Аўтуховіча. Пітэр Стана, прадстаўнік Еўрапейскай знешнепалітычнай службы, назваў дзеянні беларускіх уладаў у дачыненні да Аўтуховіча бесчалавечным абыходжаннем.



Мікалая Аўтуховіча можна падтрымаць пасылкамі і лістамі салідарнасці: Турма №1, 230023, Гродна, Кірава, 1, Аўтуховічу Мікалаю Мікалаевічу

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: