Ці праўда, што Аўтуховіча могуць расстраляць?
Дзяржаўныя СМІ заявілі, нібы Аўтуховіча могуць расстраляць. Ці праўда гэта?

18 траўня пачаўся судпра справе Мікалая Аўтуховіча, яго выстаўляюць кіраўніком тэрарыстычнай групоўкі. Дзяржаўныя прапагандысты паведамляюць: Аўтуховіч абвінавачваецца па 12 артыкулах Крымінальнага кодэкса, 6 з іх — за асабліва цяжкія злачынствы, адзін са складаў прадугледжвае вышэйшую меру пакарання (расстрэл або пажыццёвае пазбаўленне волі). Выходзіць, што Аўтуховічу могуць прысудзіць расстрэл?

Гэтую сітуацыю «Н*шай Ніве» пракаментаваў юрыст «Вясны» Павел Сапелка.
«Смяротнае пакаранне Мікалаю Аўтуховічу прысудзіць не могуць. Таму што ніхто не загінуў.
Былі прынятыя папраўкі, згодна з якімі смяротнае пакаранне магчымае нават у выпадку замаху на здзяйсненне тэракту. Але Аўтуховіча судзяць яшчэ па старым заканадаўстве, бо яго ўчынкі былі здзейсненыя да ўвядзення паправак. Адпаведна, расстраляць яго не могуць, бо яго дзеянні не пацягнулі гібель людзей».