Навіны дня. Забарона Оруэла, суды па «палітычных» справах і «расстрэльныя» праўкі ў закон

У традыцыйным вячэрнім аглядзе расказваем пра галоўнае, што адбылося ў Беларусі сёння, 18 траўня.

samae_halounae.jpg


Ажылая дыстопія: пасля ператрусу ў новай кнігарні «Кнігаўка» і затрымання выдаўца Андрэя Янушкевіча і супрацоўніцы крамы Насты Карнацкай, якой сёння прысудзілі 13 сутак, у Беларусі забаранілі прадаваць раман «1984» Джорджа Оруэла. А вы паспелі набыць знакамітую кнігу?
Нібы ва ўзгаданым рамане, у краіне праходзяць суды па «палітычных» справах. Зусім не «літаратурныя» тэрміны чакаюць фігурантаў «справы Аўтуховіча», чыста оруэлаўскі суд сёння прайшоў у Брэсце па так званай "карагоднай справе" — прысуд вынеслі праз гадзіну пасля пачатку пасяджэння. Свае тэрміны сёння атрымалі таксама чарговыя фігуранты «справы Зельцэра» — Аліна Забаштанская і Андрэй Зубовіч.
Лукашэнка падпісаў указ аб унясенні паправак у Крымінальны кодэкс, датычных прымянення смяротнага пакарання. Ад сённяшняга дня дзяржава мае права забіваць за "замах на акт тэрарызму".
Офіс Святланы Ціханоўскай накіраваў у ЕС спіс дэпутатаў, якія ўхвалілі прыняцце «расстрэльных» правак. Іх імёны будуць улічаныя пры фарміраванні новага пакета санкцый.
Затрымалі супрацоўнікаў газеты «Беларусы і рынак». Дырэктара і бухгалтарку адпусцілі пасля допыту, а галоўнага рэдактара абвінавачваюць у «распальванні варожасці».
Два гады калоніі атрымала актывістка Незалежнага прафсаюза РЭП Зінаіда Міхнюк. Судовае разбіральніцтва цягнулася ўсяго адзін дзень.
У Гомельскай вобласці з 22 чэрвеня па 1 ліпеня пройдуць мабілізацыйныя вучэнні. Улады запэўніваюць, што ўсё было запланавана.